Квант ХХ

- 14:40Навіны рэгіёнаў

Больш за 100 лепшых юных даследчыкаў, вынаходнікаў і рацыяналізатараў паўночнага рэгіёна сабрала ў Віцебску юбілейная XX Абласная навукова-практычная канферэнцыя “Квант”.

Навучэнцы ўстаноў дадатковай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі абаранялі праекты ў секцыях “Фізіка”, “Навуковыя даследаванні ў галіне энергазберагальных тэхналогій”, “Тэхнічнае мадэляванне”, “Тэхнічнае канструяванне”, “Радыёэлектроніка і радыётэхніка”, “Астраномія і ракетакасмічны мадэлізм”, “Мультымедыйныя тэхналогіі”, “Web-праекты і мабільныя дадаткі”, “Праграмаванне і вылічальная тэхніка”, “Тэлемеханіка, аўтаматыка, робататэхніка”. На адкрыцці форуму разам з прадстаўнікамі кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама, рэгіянальнай вышэйшай школы і нязменнага гаспадара “Кванта” — Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі — будучых інжынераў і вучоных віталі іх паспяховыя калегі — пераможцы рэспубліканскіх спаборніцтваў у блізкіх намінацыях. Вопытам распрацоўкі камп’ютарных гульняў патрыятычнай накіраванасці падзяліўся пераможца абласнога і ўладальнік дыплома ІІ ступені заключнага этапу Рэспубліканскага конкурсу “ПАТРИОТ.by”, навучэнец сярэдняй школы № 40 Віцебска і абласнога палаца дзяцей і моладзі Мікіта Русецкі.

— У мінулым годзе ў нас была секцыя “Web-праграмаванне”, — паведаміла загадчык сектара навукова-тэхнічнай творчасці і інфармацыйных тэхналогій абласнога палаца дзяцей і моладзі Таццяна Нарубіна. — Сёлета, улічваючы папулярнасць сярод моладзі разнастайных мабільных дадаткаў, мы крыху трансфармавалі секцыю. У выніку на парадак больш стала навучэнцаў, якія падалі заяўкі на ўдзел у канферэнцыі па гэтым напрамку. Варта адзначыць і вялікую зацікаўленасць робататэхнікай: колькасць праектаў вырасла ў некалькі разоў у параўнанні з мінулым годам.

Удзельнікі “Кванта” прадстаўляюць свае работы ў выглядзе дакладаў з усімі неабходнымі дэманстрацыямі і тлумачэннямі. Рэгламент выступлення — да 10 хвілін. Журы з ліку выкладчыкаў профільных факультэтаў універсітэтаў, спецыялістаў абласнога інстытута развіцця адукацыі і аддзела тэхнічнай творчасці абласнога палаца дзяцей і моладзі ацэньвае праекты па 10-бальнай сістэме. Пераможцы ўзнагароджваюцца дыпломамі ўпраўлення адукацыі аблвыканкама. Паказальна, што за апошнія некалькі гадоў геаграфія канферэнцыі прыметна пашырылася за кошт сельскіх раёнаў, прычым па многіх напрамках іх прадстаўнікі не толькі складаюць дастойную канкурэнцыю навучэнцам з Віцебска, Наваполацка, Полацка і Оршы, але і перамагаюць. Сёлета журы асобна адзначыла актыўны ўдзел Віцебскага, Полацкага і Шумілінскага раёнаў.

— У цэлым узровень праектаў стаў значна вышэйшы, — расказаў дырэктар абласнога палаца дзяцей і моладзі Дзмітрый Андрэеў. — Прысутнічаць на ўсіх выступленнях, улічваючы іх колькасць, было фізічна немагчыма, а зыходзячы з тых, сведкам якіх мне давялося быць, хочацца дадаць “на жаль”. Некаторым удзельнікам не ўдалося дакладна выканаць патрабаванні, што мы прад’яўлялі пры арганізацыі канферэнцыі. Але які ў кожнага адчуваўся імпэт, жаданне паказаць, праявіць, найлепш прадставіць свае распрацоўкі! Мяне, напрыклад, уразіла сонечная печ і яе прэзентацыя. У відэароліку на гэтым зробленым з дапаможнага матэрыялу прыстасаванні дзеці зварылі кашу з грэчкі і з апетытам яе з’елі. Проста, даступна, пераканальна. Няхай у стварэнні той печы пакуль мала “чыстага” вынаходніцтва, даследчыцкай работы, аднак сама зацікаўленасць у зберажэнні энергарэсурсаў відавочная. Высокатэхналагічнае асяроддзе, тыя гаджэты, ІТ-навінкі, якімі мы карыстаемся, не проста дапамагаюць крочыць у нагу з часам — яны стымулююць пазнанне, творчасць. У моладзі фарміруецца тэхнічная свядомасць. Вось і пры абароне сваіх работ навучэнцы імкнуліся максімальна выкарыстоўваць тэхнічныя сродкі, сучаснае абсталяванне. Мы пастараліся забяспечыць належныя ўмовы. Важна, што “Квант” аб’ядноўвае дзяцей, у якіх ёсць устойлівая матывацыя да набыцця менавіта тэхнічных, інжынерных спецыяльнасцей. У навучэнцаў добрыя педагогі, якія змаглі іх зацікавіць, свае задаткі, якія трэба развіваць, ім падабаецца займацца тэхнічнай творчасцю. Магчыма, аднойчы гэта ператворыцца ў прафесію. У ацэнцы праектаў нам вельмі дапамагаюць даўнія сябры і партнёры з ВДУ імя П.М.Машэрава. Сёлета ў склад журы ўвайшлі таксама прадстаўнікі ВДТУ. Зразумела, што адораных удзельнікаў, а тым больш пераможцаў канферэнцыі ўніверсітэты адразу бяруць на заметку: ім патрэбны такія абітурыенты.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.