Кветкі нашай памяці

- 17:19Актуально, Апошнія запісы

Сёння, напярэдадні Дня Перамогі, на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Масюкоўшчына” прадстаўнікі сістэмы адукацыі на чале з Ігарам Васільевічам Карпенкам усклалі кветкі да помніка ахвяр — ваеннапалонных і грамадзянскіх асоб, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод удзельнікаў урачыстай цырымоніі супрацоўнікі Міністэрства адукацыі, рэктары, дырэктары ўстаноў адукацыі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, кіраўніцтва Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета пры міністры адукацыі.

Дзень Перамогі — нагода не толькі радавацца мірнаму вясноваму небу, але і ўзгадаць пра людзей, на долю якіх выпалі ваенныя выпрабаванні, аддаць ім даніну павагі. Невыпадкова рэспубліканская акцыя “Беларусь памятае. Памятаем кожнага” з’яўляецца ўсенароднай. Удзел у ёй — сведчанне нашай бясконцай памяці пра тых, хто змагаўся на франтах, у падполлі, партызанскіх атрадах, хто быў вязнем канцэнтрацыйных лагераў, хто загінуў, вызваляючы свет ад нацызму, хто сустрэў пераможны май 45-га.

“Для мяне асабіста гэта вялікае свята, нагода ўзгадаць пра свайго дзеда, які абараняў Ленінград, быў паранены, дачакаўся пераможнага дня, потым жыў, працаваў у савецкай краіне. Сёння яго, праўда, няма сярод жывых, але гэта нагода ўспомніць пра яго. Гэта нагода ўспомніць пра ўсіх тых родных, нашых суайчыннікаў, якія не вярнуліся з палёў бітваў, якія гінулі ад голаду і холаду ў канцлагерах, змагаліся ў падполлі і партызанскіх атрадах. Гэта свята, якое ўвасабляе важнасць перадачы гістарычнай праўды падрастаючаму пакаленню”, — падзяліўся міністр адукацыі.

Па словах Ігара Васільевіча, сістэма адукацыі актыўна ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах, прысвечаных 75-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Адбываецца цеснае ўзаемадзеянне з грамадскімі аб’яднаннямі, шэфства над помнікамі, адкрываюцца школьныя музеі баявой славы, ствараюцца кнігі памяці, у тым ліку і віртуальныя. Гэта ўсё сведчыць пра маштабнасць святкавання 9 мая, маштабнасць памяці беларускага народа пра Вялікую Айчынную вайну, нашу агульную Перамогу.

Сярод тых, хто беражліва захоўваем гэтую памяць, студэнтка 3 курса гістарычнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка двойчы стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Вольга Сірошык. “9 мая — гэта тое свята, пра важнасць якога неабходна заўсёды помніць. І для мяне асабіста гэта таксама важна, бо мае прабабуля і прадзядуля былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны, яны ваявалі на тэрыторыі Расіі і Украіны, там і пазнаёміліся. Можна сказаць, што дзякуючы ім я цяпер вучуся ва ўніверсітэце і прымаю ўдзел у сённяшняй цырымоніі. Для маіх равеснікаў, будучых педагогаў, Дзень Перамогі вельмі важны, што пацвярджае, напрыклад, даўняя традыцыя нашага ўніверсітэта “Зорны паход”, — адзначыла дзяўчына.

Беларусь памятае пра подзвіг народа. Беларусь шануе гэты подзвіг. І пацвярджэнне — тысячы кветак, якія мы ўскладваем да мемарыялаў і помнікаў.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.