Кветкі — пераможцам

- 10:12Актуально, Апошнія запісы

9 і 10 мая ў Нацыянальным аэрапорце “Мінск” урачыста сустракалі беларускіх спартсменаў, удзельнікаў XVII Сусветнай летняй гімназіяды, якая праходзіла з 3 па 9 мая ў мараканскіх гарадах Маракеш і Касабланка. Асаблівую радасць сустрэчы надало паспяховае выступленне нашых хлопцаў і дзяўчат: у скарбонцы беларускай каманды 5 залатых, 7 сярэбраных і 12 бронзавых медалёў.

Ступіць на п’едэстал пашаны гімназіяды, атрымаць бронзавы, сярэбраны, а тым больш залаты медаль, безумоўна, прыемна. Аднак куды больш прыемна, калі землякі сустракаюць цябе радаснымі ўсмешкамі, плакатамі кшталту “Вамі ганарыцца Беларусь!”, а таксама кветкамі. У гэтыя дні будынак галоўнага аэрапорта краіны літаральна патанаў у кветках. 9 мая краіна ўручала кветкі ветэранам, салдатам Перамогі. У гэты ж дзень прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, Рэспубліканскага вучылішча алімпійскага рэзерву, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта таксама ўручалі кветкі пераможцам — пераможцам спартыўных баталій, якія адбываліся на спартыўных пляцоўках Марока.

— Мы сустракаем спартсменаў, якія выступілі вельмі годна. Канкурэнцыя была вялікая. У гімназіядзе ўдзельнічалі больш за 3 тысячы спартсменаў з 59 краін свету. Наша дэлегацыя складалася з 42 спартсменаў і практычна кожны другі заваяваў медаль. Такія высокія вынікі беларускія школьнікі паказваюць стабільна. Беларусь трэці раз удзельнічае ў Сусветнай летняй гімназіядзе і паступальна з кожным разам павялічвае колькасць заваяваных медалёў. Сёння, у Дзень Перамогі, мы таксама сустракаем пераможцаў, якія, нягледзячы на юны ўзрост, дабіліся высокіх вынікаў. Іх выступленні — гэта падарунак не толькі для школьнага спорту, але і ўсёй Беларусі. Гэта наша вялікая перамога школьнага спорту. Для хлопцаў і дзяўчат выступленне на гімназіядзе — гэта каласальны вопыт. Упэўнены, праз некалькі гадоў яны стануць прызёрамі Алімпійскіх гульняў, — сказаў начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Валянцінавіч Тамільчык.

Для кожнага спартсмена заваяваны медаль — гэта ў першую чаргу асабістая перамога, перамога яго трэнераў. Удала выступіў навучэнец Віцебскай СДЮШАР № 8 Іван Шамшурын, які прызнаўся, што, нягледзячы на складаны пералёт і моцных сапернікаў, змог паказаць свой лепшы вынік, палепшыць рэкорд краіны сярод юніёраў і заваяваць залаты медаль. Хутка новыя адказныя старты: у пачатку ліпеня ў Фінляндыі адбудзецца першынство Еўропы па плаванні, да якога трэба як след рыхтавацца.

Як адзначыў трэнер нашых плыўцоў Аляксандр Мікалаевіч Гардзіенка, да наступных стартаў трэба напружана рыхтавацца, рэгулярна правяраць магчымасці юніёраў на кантрольных стартах, улічваць патэнцыял спартсменаў. Кожны з іх непаўторны і знаходзіцца ў сваім трэніровачным рытме, таму нават паказаныя на гімназіядзе рэкордныя вынікі — гэта добра, аднак іх трэба паляпшаць. Ці атрымаецца развіць гэты вынік далей, ці атрымаецца спартсменам, якія паказалі горшы вынік, які ад іх чакалі, набраць належную форму? Гэта важнае пытанне. Аднак спадзяёмся, яно паспяхова вырашыцца.

Тое, што нашы юніёры на кожнай гімназіядзе паказваюць высокія вынікі, сведчыць пра развіццё айчыннага школьнага спорту ў правільным кірунку. Медалі сёлетняй гімназіяды — гэта ў будучыні медалі Алімпійскіх гульняў. І гэтыя медалі абавязкова будуць!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.