Лепшыя атрымалі падарункі

- 15:19Адукацыйная прастора

На абласное дабрачыннае свята ў рамках акцыі “Нашы дзеці” ў Гродне запрасілі 600 дзяцей са ўсёй вобласці.

Дзеці-сіроты, інваліды, якія засталіся без апекі бацькоў, са шматдзетных сем’яў, пераможцы прадметных алімпіяд, конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў змаглі не толькі пагуляць каля прыгожай ёлкі ў абласной філармоніі, але і паглядзець музычны спектакль “Вось і Новы год … ці як стаць Снягуркай”. Кожны атрымаў навагодні падарунак.

Павіншаваў дзяцей з Новым годам старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік.

– Кожнае дзіця ўнікальнае, на свята мы запрасілі тых, хто на працягу 2021 года прадэманстраваў значныя дасягненні ў вучобе, мастацтве, спорце, – падкрэсліў Уладзімір Каранік. – Дабрачынная ёлка – гэта добрая магчымасць сабраць іх разам, падзякаваць, сказаць, наколькі мы іх цэнім і пастарацца натхніць на далейшы рух наперад. Для нас, дарослых, вельмі важна забяспечыць будучаму пакаленню шчаслівае дзяцінства, даць магчымасці для самарэалізацыі. А ўлічваючы іх велізарны патэнцыял, я ўпэўнены, што нашы дзеці знойдуць сваё месца ў жыцці, змогуць стаць шчаслівымі людзьмі і ўнясуць істотны ўклад у развіццё краіны. Гледзячы на вас, магу сказаць, што я ўпэўнены ў будучым нашай краіны.

Падчас свята былі ўзнагароджаны пераможцы конкурсу дзіцячага малюнка “Бізнес вачыма дзяцей”, які ўпершыню прайшоў на Гродзеншчыне ў рамках Дзяржпраграмы “Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва”. Для ўдзелу  ў конкурсе было прадстаўлена 1300 малюнкаў дзяцей ад 6 да 16 гадоў з усіх раёнаў вобласці, якія адлюстравалі сваё бачанне бізнесу. У другі абласны тур было адабрана каля 150 малюнкаў. 14 аўтараў лепшых работ сталі пераможцамі конкурсу. Узнагароды юным мастакам уручыў У.С.Каранік. Лепшыя работы таксама былі адзначаны падзякамі, якія ўручыў хлопчыкам і дзяўчынкам намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама В.І.Нявера.

Юныя пераможцы падзяліліся сваімі ўражаннямі. Вучаніца Індурскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Яўгенія Сцяцкевіч расказала:

– Я намалявала рукі свайго таты, таму што ён можа многае зрабіць. Ён займаецца рамеснай дзейнасцю: малюе карціны, робіць вырабы з металу, дрэва. Я таксама малюю, лічу, што не так добра, як мой тата, але часам дапамагаю яму.

Таксама свайго тату намалявала вучаніца сярэдняй школы №2 Гродна Аксана Лучкоўская.

Вучаніцы сярэдняй школы №38 Гродна Яне Пакало паўдзельнічаць у конкурсе прапанаваў педагог па выяўленчаму мастацтву. І хаця дзесяцігадовая мастачка любіць маляваць пейзажы, справілася і з работаю на тэму бізнесу. І яе работа ў ліку лепшых.

Плануецца, што конкурс дзіцячага малюнка “Бізнес вачыма дзяцей” будзе працягвацца і ў наступныя гады.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.