Лепшыя беларускія кнігі адкрываюць нас свету

- 11:24Інфармацыйная гадзіна

Нацыянальная экспазіцыя “Кнігі Беларусі” прадстаўлена на Міжнародным кніжным кірмашы Frankfurter Buchmesse, што праходзіць у Франкфурце-на-Майне ў Германіі 10—14 кастрычніка. Аб гэтым паведамілі ў Міністэрстве інфармацыі.

“Гэта самая важная выстаўка друкаваных, медыя- і перыядычных выданняў. Нідзе ў свеце выдавецкая і медыяіндустрыя не праяўляе сябе больш разнастайна, чым на працягу гэтых дзён кастрычніка. На кніжным форуме працуе нацыянальная экспазіцыя Беларусі, у якую ўвайшлі лепшыя выданні 2017—2018 гадоў выпуску. Гэта дае магчымасць шырока прадставіць айчынную галіну кнігавыдання і кнігараспаўсюджвання, правесці плённыя перагаворы па папулярызацыі беларускай кнігі на замежных рынках і прыцягнуць патэнцыяльных заказчыкаў паліграфічных паслуг. Акрамя таго, беларуская дэлегацыя прыме ўдзел ва ўсіх афіцыйных мерапрыемствах кірмашу”, — расказалі ў міністэрстве.

Асноўная задача форуму — садзейнічанне культурнаму абмену і супрацоўніцтву паміж выдавецтвамі розных краін, пашырэнне дзелавых кантактаў, дэманстрацыя розных тэхналагічных навінак выдавецкага бізнесу. Мэтавая аўдыторыя кірмашу — выдаўцы, пісьменнікі, перакладчыкі, ілюстратары, прадстаўнікі бібліятэк. З 1976 года адна з краін атрымлівае на кніжным кірмашы статус пачэснага госця і становіцца галоўнай удзельніцай праекта. Мэта гэтага фармату — азнаёміць шырокае кола чытачоў і прафесіяналаў з літаратурай канкрэтнай краіны, прыцягнуць да яе ўвагу перакладчыкаў. На гэты раз пачэсным госцем з’яўляецца Грузія.

Міжнародны кніжны кірмаш Frankfurter Buchmesse праводзіцца штогод у кастрычніку ў адным з найбуйнейшых у свеце выставачных комплексаў — Messe Frankfurt. Штогод удзельнікамі форуму становяцца прадстаўнікі амаль 100 краін. Колькасць выдавецтваў, якія выстаўляюць сваю прадукцыю, перасягае 7 тысяч. Праект наведваюць больш за 280 тысяч чалавек, на палях форуму праводзіцца больш за 3 тысячы тэматычных мерапрыемстваў — гэта семінары, круглыя сталы, канцэрты, сустрэчы з пісьменнікамі і інш.