Лічбавізацыя ў бесперапынным рэжыме

- 12:05Выбар прафесіі

У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у навучанні. Асобны акцэнт — на рэалізацыі праекта “Лічбавы ўніверсітэт”.

— Стварэнне “лічбавага ўніверсітэта” — не самамэта, а інструмент для павышэння якасці адукацыі, яе даступнасці, аператыўнасці вырашэння кіраўніцкіх пытанняў. Зараз, у сувязі з COVID-19, гэтая тэма актуалізавалася як ніколі. Дзякуючы раней створанай інфраструктуры, мы змаглі ў кароткія тэрміны перабудаваць адукацыйны працэс з улікам супрацьэпідэмічных патрабаванняў, захаваць якасць адукацыі і самае галоўнае — здароўе нашых студэнтаў і выкладчыкаў. Электроннае навучанне ў рэжыме аддаленага доступу добра зарэкамендавала сябе. Улічваючы зменлівую эпідэміялагічную абстаноўку, нашы службы ажыццяўлялі пастаянны маніторынг адукацыйнага працэсу. Па выніках апытанняў, большасць студэнтаў i выкладчыкаў выказалі задаволенасць сістэмай электроннага навучання, — расказаў прарэктар па вучэбнай рабоце МДУ член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Алег Дзячэнка.

У лічбавую інфраструктуру ўніверсітэта ўваходзяць лакальная карпаратыўная сетка, інтэграваная інфармацыйная сістэма электроннага дакументаабароту DIRECTUM, праграмныя сродкі для кадравага і бухгалтарскага ўліку, інтэграваная інфармацыйная бібліятэчная сістэма, інтэграваная інфармацыйная сістэма “Студэнт”, модуль вайсковага ўліку навучэнцаў, адукацыйны партал універсітэта moodle.msu.by, сайт msu.by.

У вучэбным і выхаваўчым працэсе шырока прымяняюцца розныя электронныя адукацыйныя рэсурсы. Для кожнай дысцыпліны ў сістэме электроннага навучання створаны асабістыя кабінеты выкладчыкаў. Зносіны ажыццяўляюцца з дапамогай электроннай пошты, у фарматах чата і форуму. Кантэнт электронных адукацыйных рэсурсаў пастаянна актуалізуецца і змяшчае вучэбныя праграмы дысцыплін, іх тэарэтычную і практычную часткі, а таксама сродкі дыягностыкі і фарміравання ў студэнтаў неабходных кампетэнцый. Мадэрнізацыя электронных адукацыйных рэсурсаў ажыццяўляецца праз сістэму электроннага навучання MOODLE.

Значна, што інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі актыўна выкарыстоўваюцца для ўзаемадзеяння выкладчыкаў, супрацоўнікаў і студэнтаў. Акрамя эфектыўнай дзейнасці сайта і афіцыйных груп у сацыяльных сетках, ва ўніверсітэце ўкаранёна аўтаматызаваная сістэма кіравання “Электронны дэканат”.

— Дзейнасць гэтай сістэмы накіравана на комплексную аўтаматызацыю планавання і ўліку вучэбнага працэсу (работы з вучэбнымі, комплекснымі, індывідуальнымі планамі, фарміраванне нагрузкі кафедраў, факультэтаў і ў цэлым універсітэта, фарміраванне кантынгенту студэнтаў, адсочванне іх паспяховасці і наведвальнасці заняткаў). У найбліжэйшы час мы таксама плануем укараніць модулі ўліку кантынгенту работнікаў універсітэта “Кадры, супрацоўнікі” і “Штатны расклад”.

Лічбавізацыя ўніверсітэта вядзецца бесперапынна. Напрыклад, для аўтаматызацыі працэсаў, звязаных з уступнай кампаніяй — 2020, у МДУ ўкаранілі аўтаматызаваную сістэму “Абітурыент”. Карыстаючыся гэтай сістэмай, абітурыенты могуць праз асабісты кабінет у рэжыме аддаленага доступу папярэдне зарэгістраваць свае дакументы.

— Сённяшнія выпускнікі школ — гэта “лічбавае пакаленне”, “пакаленне гаджэтаў”. Яны шырока выкарыстоўваюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў штодзённым жыцці — ад навучання, аплаты паслуг і тавараў, да арганізацыі вольнага часу. Укараненне сістэмы “Абітурыент” — гэта патрабаванне жыцця, у цяперашніх умовах актуальнае яшчэ і з прычыны COVID-19. Праз электронную рэгістрацыю мы правядзём для абітурыентаў дадатковую лінію бяспекі. Здароўе, спрыяльныя ўмовы для паступлення і затым навучання дзяцей — у прыярытэце нашага ўніверсітэта, — падкрэсліў Алег Дзячэнка.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.