Лідар года — студэнт з БарДУ

- 10:41Якасць адукацыі

На два дні Баранавічы, якія з’яўляюцца сёлетняй маладзёжнай сталіцай Беларусі, сталі месцам правядзення Рэспубліканскага конкурсу “Лідар года”. Лідары з ліку студэнтаў 16 устаноў вышэйшай адукацыі краіны сабраліся ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, каб вызначыць наймацнейшых у намінацыях “Мае дасягненні — мой вынік”, “Я шчаслівы як ніхто!!!”, “ЛИДЕР/ЛюбИть, ДЕрзать и Развивать”, “Універсітэт будучыні” і “Лідар-менеджар — гэта Я!”.

На сцэне ўніверсітэцкай актавай залы канкурсанты прэзентавалі відэакліпы і літаратурныя візітоўкі. У відэакліпах лідары расказвалі пра свае дасягненні і ўнікальнасць, агучвалі жыццёвы дэвіз, звярталіся да іншых удзельнікаў конкурсу і журы. У гэтым многім дапамагалі члены студэнцкага самакіравання УВА. Падчас літаратурнай візітоўкі канкурсанты прадоўжылі сваю прэзентацыю, але ўжо ў форме вершаў, легенд і казак.

У конкурсным выпрабаванні “Універсітэт будучыні” лідары выкладалі дакладную стратэгію дзеянняў студэнцкага самакіравання ў бягучым навучальным годзе, прычым з паказам канкрэтных мерапрыемстваў і праектаў.

Па выніках першага конкурснага дня былі вызначаны 7 фіналістаў: Ілья Лясун з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Яўген Церахаў з Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта, Раман Шухно з Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Ксенія Валністая з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Ігар Янковіч з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Святлана Пузеева з Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны і Вольга Янкоўская з Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

Не менш цікавым і насычаным атрымаўся другі конкурсны дзень. Спачатку адбылося пасяджэнне грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета пры міністры адукацыі Беларусі, дзе яго члены абмеркавалі стратэгію работы арганізацыі ў наступным годзе і прэзентавалі новыя праекты. Затым прайшоў адкрыты дыялог, прысвечаны актуальным задачам і напрамкам сумеснай работы адміністрацый і маладзёжных актывістаў УВА па развіцці вышэйшай школы ў найбліжэйшай перспектыве. У абмеркаванні пытанняў удзельнічалі начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Беларусі Н.І.Пшанічная і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Т.Р.Якубовіч.

— Роля моладзі ў сучасным грамадстве надзвычай вялікая, — адзначыла Н.І.Пшанічная. — Конкурс “Лідар года” сабраў актыўных, мэтанакіраваных і творчых студэнтаў, якія дакладна ведаюць мэту ў жыцці, імкнуцца да яе і, будзем спадзявацца, неўзабаве дасягнуць. Конкурс — гэта добрая пляцоўка для зносін цікавых і неабыякавых людзей.

У пачатку дыялогу яго ўдзельнікі паразважалі над тым, хто такі лідар. У выніку ўсе пагадзіліся, што гэта чалавек, якому ёсць чаму навучыць іншых і які не баіцца браць за іх адказнасць. Лідар — гэта чалавек-прыклад не толькі для сваёй каманды, але і для ўсіх равеснікаў. Падчас дыялогу студэнты вызначылі галоўныя лідарскія якасці: адказнасць, сумленнасць, прыстойнасць, міласэрнасць, прафесіяналізм і патрыятызм.

У фінальным этапе спаборніцтва канкурсанты яшчэ раз прэзентавалі відэакліпы і літаратурныя візітоўкі, пасля чаго прынялі ўдзел у выпрабаванні “Лідар-менеджар — гэта Я!”. Члены журы прапаноўвалі студэнтам нестандартныя сітуацыі, якія патрабавалі правільных кіраўніцкіх рашэнняў: “Вы — кіраўнік студэнцкага савета, у якога ёсць геніяльная ідэя. Але супраць яе выступае рэктар…”, “Студэнцкае самакіраванне вырашае арганізаваць дыскатэку, але адзін з яго членаў запланаваў на гэты час спатканне…”, “Вам давядзецца сустрэцца з важным чалавекам, імя і імя па бацьку якога вы забылі…”, “Вам даручылі правесці маштабную акцыю, значнасць якой разумеюць не ўсе студэнты…”. Трэба адзначыць, што да вырашэння гэтых сітуацый кожны канкурсант падышоў па-свойму, паказаўшы сапраўдныя лідарскія якасці.

Па рашэнні журы лідарам года стаў Раман Шухно з Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Астатнія фіналісты былі адзначаны ў розных намінацыях.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.