Лідары ў галіне

- 11:39Якасць адукацыі

Па выніках 2016 года, згодна з крытэрыямі і паказчыкамі дзейнасці ўстаноў адукацыі, вызначыліся тры лідары: гімназія № 1 Мінска імя Францыска Скарыны, дзіцячы сад аграгарадка Старое Радча Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці і маладзечанская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат № 2 для дзяцей з парушэннямі зроку.

Улічваліся наступныя паказчыкі: кадравае забеспячэнне ўстаноў (адукацыйны і кваліфікацыйны ўзровень педагогаў), якасць адукацыі, удзел у конкурсах, у інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасці, аснашчэнне ўстановы камп’ютарамі з шырокапалосым доступам у інтэрнэт, ступень задаволенасці бацькоў якасцю адукацыі, колькасць дзён, прапушчаных адным дзіцем па хваробе, колькасць траўм, атрыманых дзецьмі ва ўстанове адукацыі, жыццеўладкаванне выпускнікоў і г.д.

Сёння ў маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце № 2 для дзяцей з парушэннямі зроку вучацца 104 дзіцяці ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў, з іх 27 сірот. Адукацыйны працэс ва ўстанове пабудаваны такім чынам, каб максімальна садзейнічаць сацыяльнай адаптацыі навучэнцаў, належнай падрыхтоўцы іх да самастойнага жыцця і прафесійнага самавызначэння. Аб гэтым расказала дырэктар школы Наталля Леанідаўна Глінская.

“Да нас звяртаюцца па кансультацыі педагогі з устаноў адукацыі не толькі вобласці, але і ўсёй краіны — адусюль, дзе вучацца дзеці з парушэннямі зроку, — расказала Наталля Леанідаўна Глінская. — З 2012 года ўстанова з’яўляецца рэсурсным цэнтрам спецыяльнай адукацыі па метадычным забеспячэнні адукацыйнага працэсу такіх навучэнцаў у Мінскай вобласці. У нашых педагогаў ёсць магчымасць карэкціраваць навучанне дзяцей з парушэннямі зроку незалежна ад таго, у якой установе яны вучацца. Па карысныя парады да спецыялістаў нашай школы прыязджаюць разам з дзецьмі і бацькі”.

У маладзечанскай спецыяльнай школы-інтэрната № 2 багаты вопыт па навучанні не толькі дзяцей з парушэннямі зроку ці татальна сляпых дзяцей. У 2011—2014 гадах ва ўстанове рэалізаваны рэспубліканскі эксперыментальны праект па апрабацыі праграмна-метадычнага забеспячэння навучання і выхавання слепаглухіх дзяцей, а ў 2014/2015 навучальным годзе — рэспубліканскі інавацыйны праект па ўкараненні гэтага метадычнага забеспячэння.

“Калі мы пачыналі рэалізоўваць праект, у краіне было пяць слепаглухіх дзяцей, — паведаміла Наталля Леанідаўна. — Двое з іх — у нашай школе. Астатнім было рэкамендавана займацца дома, але нашы спецыялісты суправаджалі гэты працэс. Атрыманы імі ўнікальны вопыт быў адзначаны на самым высокім узроўні. Па выніках VI Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”, які праходзіў напрыканцы 2016 года, работа “Тэхналогія індывідуалізацыі працэсу навучання і выхавання слепаглухога дзіцяці”, падрыхтаваная педагогамі ўстановы, заняла першае месца”.

Школа-інтэрнат № 2 з’яўляецца філіялам кафедры агульнай і арганізацыйнай псіхалогіі факультэта псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка, удзельнічае ў розных праектах, у тым ліку і міжнародных. Зараз прымае ўд зел у рэалізацыі польска-беларускага праекта “Лепшы старт у дарослае жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі”. Пры гэтым на сродкі польскага боку праводзіцца рамонт, закупляецца абсталяванне для трох памяшканняў, дзе праводзяцца карэкцыйныя заняткі для дзяцей з АПФР (па сенсорнай інтэграцыі, тэрапіі біялагічна зваротнай сувязі, па навучанні ўспрыманню свету).

З 2015 года ўстанова супрацоўнічае з хакейным клубам “Дынама-Маладзечна”, гульцы якога арганізоўваюць сустрэчы, сумесныя мерапрыемствы з выхаванцамі школы. У сваю чаргу, навучэнцы школы рэгулярна наведваюць матчы з удзелам хакейнага клуба.

“Мы рыхтуемся да новага эксперымента, — расказала Наталля Леанідаўна. — Школа-інтэрнат з’яўляецца пастаянна дзеючай эксперыментальнай пляцоўкай лабараторыі сінтэзу маўлення АІПІ НАН Беларусі “Апрабацыя сучасных інфармацыйных прадуктаў”, дзе апрабоўваецца новы гукавы сінтэзатар маўлення і дадаткі да яго (праграмы “Літараслоў” для навучання чытанню невідушчых малодшых школьнікаў і г.д.).

Маладзечанская школа-інтэрнат лічыцца спецыяльнай толькі таму, што ў ёй створаны спецыяльныя ўмовы для навучання невідушчых дзяцей, ёсць усе неабходныя тыфлатэхнічныя прыборы. У астатнім яна такая ж, як і ўсе: нашы вучні атрымліваюць агульную сярэднюю адукацыю і рэалізоўваюць сябе ў розных сферах, напрыклад, у спорце і музыцы. Нашы выпускнікі паступаюць у прэстыжныя ўніверсітэты краіны і паспяхова заканчваюць іх, становяцца юрыстамі, праграмістамі, памочнікамі ўрачоў і, зразумела, педагогамі.

Нашы дзеці не адчуваюць абмежаванняў у зносінах з равеснікамі са звычайных школ. З установамі адукацыі Маладзечна мы наладзілі добрыя кантакты, разам ажыццяўляем цікавыя праекты. У школу з усіх куточкаў Беларусі і з-за мяжы прыязджае шмат гасцей, якія гатовы на дабрачыннай аснове аказаць шматбаковую падтрымку”.

 

Большасць педагогаў гімназіі № 1 Мінска імя Францыска Скарыны (86%) мае вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, 12 з іх узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”, 14 з’яўляюцца лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, катэгорыю “настаўнік-метадыст“ маюць 3% педагогаў. Не адстаюць ад настаўнікаў і вучні. Падрабязней аб поспехах калектыву ўстановы расказвае яе дырэктар Наталля Уладзіміраўна Бушная.

“У 2016 годзе ўсе выпускнікі нашай гімназіі паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Стабальныя сертыфікаты на ЦТ атрымалі 4 выпускнікі, а сертыфікаты з вынікам звыш 90 балаў — 34 гімназісты. Гэта па 8 вучэбных прадметах, — расказала Наталля Уладзіміраўна. — На другім этапе рэспубліканскай алімпіяды было заваявана 59 дыпломаў, на трэцім — 35, а на заключным — 6 дыпломаў. У Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару нашы навучэнцы заваявалі два дыпломы І ступені. У 2016 годзе навучэнка 11 класа атрымала бронзавы медаль на VIII Міжнародным турніры юных матэматыкаў, дзве навучэнкі ўзнагароджаны дыпломамі І і ІІІ ступені па выніках заключнага этапу алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”, пры гэтым адна з іх стала абсалютнай пераможцай. 9 разоў гімназісты ўзнагароджваліся прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Заахвочвальную прэмію за асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей дзяцей напрыканцы 2015/2016 навучальнага года атрымала настаўніца матэматыкі Іна Аляксандраўна Плаксунова. Па выніках гарадскога этапу алімпіяд гімназістамі 5—8 класаў атрымана 13 дыпломаў”.

Традыцыйна штогод у гімназіі праходзіць навукова-практычная канферэнцыя, удзельнікамі якой з’яўляюцца не толькі навучэнцы гімназіі імя Францыска Скарыны, але і дзеці з іншых школ і гімназій краіны. 19 сакавіка 2016 года была праведзена XXVI Адкрытая навукова-практычная канферэнцыя навучэнцаў “Цудоўныя розумы ёсць сапраўдныя героі гісторыі” пры падтрымцы Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску, філалагічнага факультэта БДУ, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта і Беларускай асацыяцыі “Конкурс”.

Навучэнцы пачатковых класаў гімназіі ўжо трэці год прымаюць актыўны ўдзел у гарадскім конкурсе дзіцячых даследчых работ “Пазнанне і творчасць”. У 2015/2016 навучальным годзе пачаткоўцамі заваявана 6 дыпломаў І ступені і дыплом ІІ ступені. У інтэлектуальным гарадскім конкурсе “Юны матэматык — 2016” вучні 3-х і 4-х класаў атрымалі 10 дыпломаў.

Па выніках гарадскога конкурсу “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі Святлане Анатольеўне Дзяшук у 2016 годзе прысуджана прэмія Мінгарвыканкама. Н.У.Сяргеева, настаўніца пачатковых класаў, прымала ўдзел у гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Панарама інавацыйных адукацыйных практык “Акадэмія ўрока — 2016” і атрымала дыплом ІІ ступені. Такую ж узнагароду прывезла і настаўніца пачатковых класаў Н.С.Трухан з IV педагагічнага фестывалю “Бурштынавая сава — 2016”, які праходзіў у Калінінградзе.

У 2016/2017 навучальным годзе ў гімназіі рэалізоўваецца некалькіх інавацыйных і эксперыментальных праектаў: “Апрабацыя вучэбных планаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах рэалізацыі профільнага навучання”, “Укараненне мадэлі рэспубліканскага інавацыйнага цэнтра як кампанента адзінай адукацыйнай прасторы”. У 2016 годзе гімназія заключыла дагавор аб супрацоўніцтве з Міжнародным дзяржаўным экалагічным інстытутам імя А.Д.Сахарава БДУ, на базе якога быў адкрыты філіял кафедры славянскіх моў філалагічнага факультэта БДУ.

 

Дзіцячы сад аграгарадка Старое Радча, што за пяць кіламетраў ад Круглага, на першы погляд, самы звычайны, але па крытэрыях і паказчыках дзейнасці па выніках 2016 года ён у ліку лепшых дашкольных устаноў краіны. Напрыклад, колькасць дзён, прапушчаных па хваробе адным дзіцем за год тут складае 1,5 дня. Падрабязней пра ўстанову расказала яе загадчык Валянціна Мікалаеўна Ціханава.

“У нашым садку працуе адна рознаўзроставая група (яе наведваюць дзеці , якім споўнілася 3 гады), а таксама адаптацыйная група, дзе праводзяцца заняткі з малышамі да 3 гадоў, і маміна школа, — гаворыць Валянціна Мікалаеўна. — Бацькі могуць пакінуць дзяцей у садзе на 10,5 гадзіны. Будынак установы быў рэканструяваны, калі ўзводзіўся аграгарадок, усё ў садку абноўлена. У нас належная матэрыяльная база, сучасны харчаблок, асобная кацельная. Ёсць спартыўная зала, кабінет інфармацыйных тэхналогій, аснашчаны камп’ютарамі, мультымедыйнай устаноўкай”.

Ва ўстанове 10 супрацоўнікаў, але непасрэднай педагагічнай работай з малышамі займаюцца два выхавальнікі і памочнік выхавальніка. Вольга Мікалаеўна Шаварова — выхавальнік з трыццацігадовым стажам, мае вышэйшую катэгорыю. Старарадчанскаму садку яна прысвяціла больш за 20 гадоў. Другі выхавальнік Таццяна Фёдараўна Ластачкіна таксама мае вышэйшую катэгорыю і працуе ў садку другі год. Менавіта гэтыя педагогі праводзяць заняткі па ўсіх адукацыйных кірунках вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, у тым ліку фізкультуру і музычныя заняткі. Яны аказваюць і карэкцыйна-педагагічную дапамогу пры наяўнасці ў дзяцей маўленчых парушэнняў.

Заняткі ў групе праводзяцца з усімі дзецьмі адначасова, але малышы пры гэтым атрымліваюць асаблівыя заданні, у тым ліку і індывідуальныя, якія адпавядаюць узросту. Некаторыя заняткі ў залежнасці ад зместу можна камбінаваць і праводзіць для ўсіх дзяцей адначасова. Педагогі паспяваюць і пытанні задаць, і замацаваць матэрыял, і новы расказаць. Яны выкарыстоўваюць адукацыйныя тэхналогіі беларускіх аўтараў і элементы ТРВЗ.

Выхаванцы садка вывучаюць гісторыю і сучаснае жыццё аграгарадка. Наведваюць разам з педагогамі помнік воінам-землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, цэнтр культуры, сельскі клуб, бібліятэку, магазін, пошту, ходзяць на рэчку (прыток Друці), да крыніцы.

Работу з дашкольнікамі немагчыма ўявіць без выкарыстання элементаў народнай педагогікі. Калі па праграме вывучаецца тэма народных промыслаў Беларусі, педагогі вядуць дзяцей у госці да народнага ўмельца Аляксандра Антонавіча Харкевіча, які жыве непадалёк — у вёсцы Ваўканосава. Гэты чалавек вядомы ў нашай краіне як майстар па мастацкай апрацоўцы дрэва і вырабе драўляных прадметаў побыту. Але найбольшую ўвагу ў сваёй творчасці ён удзяляе майстраванню народных музычных інструментаў, калекцыя якіх прадстаўлена ў Круглянскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі. У 2008 годзе Аляксандр Антонавіч быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Народная творчасць”.

Асаблівая ўвага ў дзіцячым садзе ўдзяляецца рабоце з сем’ямі. Бацькі — актыўныя ўдзельнікі ўсіх мерапрыемстваў, якія праходзяць ва ўстанове.

Сад працуе круглы год. Летам малышы шмат часу праводзяць на вуліцы. Разам з выхавальнікамі даглядаюць расліны на экалагічнай сцяжынцы, вырошчваюць агародніну, якая потым выкарыстоўваецца для дзіцячага харчавання, гуляюць у традыцыйныя беларускія народныя гульні, у якіх раскрываецца добразычлівы характар беларусаў і іх звычкі.

 

Матэрыялы падрыхтавала Надзея ЦЕРАХАВА.