Ліхтар піянерскай дружбы

- 13:39Нам пішуць, Рознае

Піянерскі рух вось ужо на працягу многіх гадоў аб’ядноўвае ініцыятыўных, энергічных, адкрытых дзяцей, якія робяць добрыя справы, прыносяць карысць роднаму краю. Піянерская арганізацыя мае багатую гісторыю. Цяжка ўявіць, колькі людзей за ўсе гады насілі піянерскія гальштукі, колькі ідэй яны ўвасобілі ў жыццё.

1 чэрвеня 2016 года стала знамянальнай падзеяй у жыцці піянерскай арганізацыі Навагрудскага раёна. Па ініцыятыве раённага савета БРПА ў гарадскім скверы з’явіўся новы незвычайны ліхтар – Ліхтар піянерскай дружбы. Ён выраблены на сродкі, якія піянерскія дружыны раёна зарабілі падчас працоўнай акцыі па зборы макулатуры і металалому «Наша піянерская праца табе, Навагрудак!». У рамках ініцыятывы быў праведзены конкурс на лепшы эскіз ліхтара. Сярод 36 работ лепшым, на думку журы, стаў эскіз Андрэя Сегеня, навучэнца сярэдняй школы № 7 Навагрудка.

На ўрачыстае адкрыццё былі запрошаныя педагогі, якія ў розны час былі звязаны з піянерыяй. Са словамі прывітання выступіла Вера Іванаўна Данько, якая значную частку сваёй педагагічнай дзейнасці прысвяціла піянерскай арганізацыі.

Мы рады, што ў горадзе з’явілася месца, якое сімвалізуе піянерскую арганізацыю, нагадвае людзям аб іх піянерскім дзяцінстве. На алеі дарослыя спыняюцца і задуменна усміхаюцца, дзеці, прабягаючы міма, стараюцца пастукаць у барабан. Ліхтар аб’яднаў розныя пакаленні піянераў Навагрудчыны. Ён стаў 18-м на алеі і самым яркім і незвычайным.

Т. АНІКЕВІЧ,
старшыня Навагрудскага раённага савета БРПА.