Лірычныя фізікі

- 14:50"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Вы скажаце, што такога не можа быць, і чалавек альбо фізік — рацыяналіст з матэматычным складам розуму, які пастаянна аналізуе і разважае, альбо лірык — летуценнік, ідэаліст з гуманітарным, мастацка-вобразным светапоглядам, які больш адчувае і перажывае. Але бясстрасны фізік наўрад ці зробіць адкрыццё. Гэтак жа як і лірык без ведаў па дакладных навуках не зможа апісаць тыя ці іншыя з’явы. Канечне, фізіка — рухавік прагрэсу, але лірыка робіць наш свет і нас саміх гарманічнымі. І менавіта выхаваць не проста адукаванага спецыяліста, а рознабаковага і гарманічнага імкнецца літаратурны клуб “Ветліца” Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

Надзея Яўсееўна Савіцкая.

Дарога да сяброўства

Літаратурны клуб быў заснаваны ў верасні 1997 года пры кафедры беларускай мовы БДТУ. Яго нязменны кіраўнік — Н.Я.Савіцкая, старшы выкладчык кафедры беларускай філалогіі (з 2018 года — педагог-арганізатар), ініцыятар стварэння ўніверсітэцкага гімна, арганізатар вакальнага ансамбля выкладчыкаў “Акавіта”, укладальнік літаратурна-мастацкага альманаха “AVE”.

“Я вельмі творчы чалавек, люблю паэзію і літаратуру. Працуючы ва ўніверсітэце, я сустракала шмат таленавітых студэнтаў і су­працоўнікаў, якія цікавіліся паэзіяй, самі нешта пісалі. І мне захацелася стварыць такое асяроддзе, дзе можна было б творча развівацца і ў моўным плане ўзбагачацца словамі і вобразамі. Маю ідэю падтрымаў наш прафесар доктар хімічных навук Георгій Іванавіч Новікаў, з якім я часта сустракалася на розных пасяджэннях і захаплялася яго цудоўнай рускай мовай, — расказала Надзея Яўсееўна. — Калі мы абмяркоўвалі стварэнне клуба, ён сказаў, што без клуба па інтарэсах няма сапраўднага ўніверсітэта, паколькі ён павінен рыхтаваць да жыцця ўсебакова развітую асобу і грамадзяніна. Бо ў жыцці адной навукі мала, павінен быць узлёт духоўны і душэўны. Так прыйшло разуменне, што ўніверсітэцкае жыццё — гэта не толькі навучанне спецыяльнасці, але і магчымасць вольны час выкарыстоўваць для развіцця сваіх літаратурных задаткаў і талентаў, сустракацца з цікавымі людзьмі і аднадумцамі, развіваць эстэтычны густ і сваю асобу, абапіраючыся на нацыянальную культуру і традыцыі”.

А затым пачаліся пошукі назвы клуба, бо вельмі хацелася, каб яна не толькі была адметная, а і мела беларускамоўныя карані. І спыніліся на дыялектным слове з гаворак Віцебшчыны, з Ушаччыны, — “ветліца”. “Так называюць дарогу, абсаджаную вербамі — ветламі. Яны сваімі схіленымі долу галінкамі як бы вітаюцца ў паклоне з падарожнымі, а лісткамі шэпчуць прывітальныя словы, жадаючы кожнаму здароўя, добрай долі і шчасця. І сама дарога ветліцца — разыходзіцца ў розныя бакі на новыя шляхі-дарогі, гасцінцы, аўтастрады, сыходзячы з вялікіх дарог, зноў ветліцца на дарожкі і сцяжынкі, — патлумачыла кіраўнік клуба. — А дадому вядзе адна дарога — ветліца. Яна — прадчуванне радасці ад сустрэчы з домам, з роднымі і любымі сэрцу мясцінамі, блізкімі і мілымі людзьмі. Наша “Ветліца” — гэта дарога да сэрцаў людзей, сяброўства і ўзаемаразумення праз слова і дзякуючы слову”.

Удзельнікі “Ветліцы”.

Сяброў “Ветліцы” яднае любоў да літаратурнай творчасці.

Найбольшая колькасць сяброў клуба — студэнты: будучыя інжынеры-тэхнолагі, інжынеры хімічнай тэхналогіі і тэхнікі, інжынеры-механікі, электратэхнікі, эколагі, эканамісты… — усяго каля 60 спецыяльнасцей і спецыялізацый. З клубам таксама сябруюць і выкладчыкі, іх дзеці і ўнукі, замежныя навучэнцы, былыя супрацоўнікі — пенсіянеры. Усяго ў клубе каля 100 членаў. І хоць склад вельмі рухомы, бо студэнты ўвесь час мяняюцца, але ёсць і тыя, хто ў клубе з яго заснавання. Усіх іх яднае любоў да літаратурнай творчасці.

23 гады клуб “Ветліца” на чале з Надзеяй Яўсееўнай Савіцкай раскрывае і развівае таленты будучых інжынераў. Напрыканцы 2019 года калектыў стаў адным з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Аўтограф” і з’яўляецца сённяшнім героем праекта “Галерэя творцаў”.

“Кожны малады чалавек шукае ў сабе таленты і імкнецца развіваць іх, каб адчуваць сябе ўсебакова развітой асобай і быць задаволеным сваім развіццём у духоўным і эстэтычным плане. Маладым хочацца не толькі тварыць, пазнаваць сябе і свет, але і атрымліваць самарэалізацыю праз творчасць. І літаратурны клуб імкнецца вызначыць і задаволіць памкненні і жаданні ўсіх членаў клуба, — дадала Н.Я.Савіцкая. — Многія студэнты захапіліся літаратурнай творчасцю яшчэ ў школе, а цяпер ва ўніверсітэце імкнуцца праявіць сябе, выступаць са сваімі творамі перад новай аўдыторыяй, публікавацца, удзельнічаць у розных конкурсах і фестывалях, паэтычных дыялогах, знаёміцца з творчымі людзьмі. Людзі прыходзяць у клуб, бо ім тут цікава!”

Гэта пацвярджаюць і ўдзельнікі клуба. Так, сённяшні студэнт Дзмітрый Уласенка адзначыў, што Н.Я.Савіцкая дапамагла яму раскрыць сябе і перастаць пісаць у стол. “Надзея Яўсееўна заўважыла мяне на конкурсе чытальнікаў і прапанавала далучыцца да “Ветліцы”, а затым паспрабаваць чытаць вершы, пісаць прозу і дзяліцца сваёй творчасцю з аднадумцамі. Што я і зрабіў. Так у мяне з’явіліся неабыякавыя слухачы і новыя сябры. “Ветліца” — творчы клуб, які дапамагае ўсім нам развіваць свае таленты, — прызнаўся Дзмітрый. — Я вельмі ўдзячны Надзеі Яўсееўне за дапамогу і падтрымку. У нашым клубе ўсё трымаецца менавіта на ёй, яна наш лідар і ідэйны натхняльнік, вялікі дзякуй ёй за гэта!”

Акрамя студэнтаў, якія пішуць, у клубе многа тых, хто проста чытае вершы, іграе на музычных інструментах, спявае, фатаграфуе, ажыццяўляе камп’ютарную дапамогу, рэдагуе тэксты і інш. “Варта ства­рыць творчае асяроддзе. Калі студэнты бачаць прыклады захопленых творчасцю членаў клуба, знаёмяцца з іх творамі, чуюць іх выступленні, то і ў іх узнікае жаданне далучыцца да прыгожага, — сказала кіраўнік “Ветліцы”. — Прытым і спектр нашай літаратурнай творчасці вельмі разнастайны — гэта паэзія, проза, публіцыстыка, літаратурная крытыка, пераклады, навуковыя работы, даклады і артыкулы, казкі, хронікі і радаводы”.

“Ветліца” таксама ладзіць конкурсы вершаў і чытальнікаў, праводзіць тэматычныя пасяджэнні, на якіх абмяркоўваюцца творы для друку і выпускі насценных газет, вечарыны, прысвечаныя розным святам, экскурсіі па знакамітых мясцінах Беларусі і нават праф­арыентацыйныя заняткі ў школах, гімназіях, бібліятэках Мінска, іншых гарадоў. У літаратурнай гасцёўні “Ветліцы” пабывалі звыш сотні беларускіх пісьменнікаў, рэдактараў часопісаў, выдаўцоў, бардаў, знакамітых асоб. А каб мерапрыемствы атрымліваліся больш цікавымі, удзельнікі клуба праводзяц­ь іх па-сучаснаму, арганізуючы флэш-мобы, стэнда­пы і разнастайныя акцыі.

“Я стараюся падрыхтаваць студэнтаў так, каб яны, выступаючы, адчувалі сябе свабодна. І заўсёды кажу ім, што колькі вы аддасце, столькі і атрымаеце, і паміж вамі павінен быць хоць маленечкі дыялог. Яны прыслухоўваюцца, выконваюць мае рэкамендацыі, і ў выніку часам атрымліваюцца сапраўдныя стэндапы, — расказала Н.Я.Савіцкая. — А флэш-мобы здараюцца на фестывалях. Напрыклад, на F.-Art.by члены клуба разам з замежнымі студэнтамі і ансамблем нашых выкладчыкаў “Акавіта”, выступаючы, сталі адзіным цэлым. Такія нумары вельмі складана падрыхтаваць, яны патрабуюць шмат намаганняў, каб заахвоціць працаваць разам да 50 — 60 чалавек і дасягнуць найвышэйшага выніку — узняць залу і адчуць агульную эмпатыю. Дарэчы, так ствараецца эфект далучанасці да прыгожага, высокадухоўнага ў сённяшнім жыцці”.

Клуб дазваляе асобе адбыцца праз слова. Выходзячы ад сэрца, слова здольна прыйсці да сэрца іншага чалавека, абудзіць яго пачуцці, узбагаціць думкі, далучыць да новых культурных вышынь. “У клубе мы стараемся стварыць атмасферу даверу і шчырасці, бо чалавек раскрываецца толькі тады, калі ён адчувае, што яго зразумеюць і ніхто не высмее”, — дадала кіраўнік “Ветліцы”.

“AVE”

Важнае месца ў рабоце клуба займае выдавецкая дзейнасць. З 2003 года ў БДТУ выходзіць літаратурна-мастацкі альманах “AVE”. Гэта назва азначае, з аднаго боку, вітанне, напрыклад “Ave, Maria!”, а з другога — абрэвіятуру “Адраджэнне. Вера. Еднасць”. “Як бачым, у назвах клуба і альманаха існуе еднасць: дарога-ветліца вітае і вядзе дадому, а альманах вітае ўсіх, хто бярэ яго ў рукі, пачынае чытаць. І многія творы, надрукаваныя ў альманаху, знаходзяць дарогу да сэр­цаў чытачоў, — адзначыла Надзея Яўсееўна. — Ідэя друкаваць лепшыя творы ўзнікла амаль адразу з заснаваннем клуба, паколькі з’явілася шмат аўтараў, творы якіх былі вартымі таго, каб быць надрукаванымі. Сярод іх ёсць і творы нашых выкладчыкаў і супрацоўнікаў, якія таксама пішуць і гатовы з моладдзю падзяліцца сваім бачаннем падзей. У клубе судакранаюцца сваёй творчасцю людзі розных узростаў, можна сказаць, што ажыццяўляецца сувязь пакаленняў і культур: узаемнае ўзбагачэнне досведам, мудрасцю — з аднаго боку, імпэтам, новым свежым поглядам на жыццё і падзеі — з другога, і пазнанне іншых культур — з трэцяга”.

Альманах — гэта неперыядычнае выданне, таму друкуецца па меры магчымасці, як паспее гэта зрабіць укладальнік. На сённяшні дзень выдадзена 9 нумароў, у якіх упершыню апублікавалі свае творы некалькі соцень членаў клуба. Рыхтуецца да выдання дзясяты нумар, які будзе прысвечаны юбілейным датам: 90-годдзю БДТУ і 75-годдзю Вялікай Перамогі.

Вялікай Перамозе прысвячаецца

Тэма Вялікай Айчыннай вайны скразная ў дзейнасці клуба, а таму, зразумела, што і зараз рыхтуюцца розныя мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю Перамогі. Так, бесперапынна вядзецца работа над праектам “Ушануем памяць змагароў за Радзіму”, у які ўвойдзе і хроніка “Яны змагаліся за Ра­дзіму”, складзеная з імёнаў і біяграфій былых выкладчыкаў БДТУ — ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. “Знайшліся цудоўныя студэнты, якія актыўна працуюць і фактычна за месяц напісалі больш за 80 біяграфій. Разам мы ствараем хроніку: дзе нарадзіўся, ваяваў, на якой кафедры працаваў, дзе пахаваны і г.д. А яшчэ зробім дадатак з успамінамі калег і нашчадкаў”, — расказала Н.Я.Савіцкая.

Акрамя таго, “Ветліца” запланавала правядзенне конкурсу чытальнікаў вершаў “Лю­дзі добрыя, помніце” і конкурсу ўласных твораў студэнтаў, прысвечаных 75-годдзю Вялікай Перамогі і 90-годдзю БДТУ. Да таго ж сябры клуба восенню зноў стануць удзельнікамі Рэспубліканскага конкурсу літаратурнай творчасці студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі “А­ўтограф”, а самі правядуць акцыю “Чытаем разам!”. “Я паглядзела свае альманахі, і там ёсць цудоўныя работы нашых студэнтаў па непасрэдным і яркім фальклоры Вялікай Айчыннай вайны, — патлумачыла Н.Я.Савіцкая. — І ў мяне з’явілася ідэя сабрацца і пачытаць гэты фальклор, каб сённяшнія студэнты даведаліся, як людзі ў ваенны час выказвалі свае пачуцці і адносіны да ўсяго, што тады адбывалася”.

З мэтай вяртання гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне праз прызму сямейнай гісторыі быў распрацаваны пастаянна дзеючы праект “Жыву і помню” ў межах работы гуртка “Памяць”, які існаваў 8 гадоў на чале з Вольгай Аляксандраўнай Кузьміч. Матэрыялы праекта неаднаразова прадстаўляліся на шматлікія рэспублікан­скія выставы і конкурсы і атрымлівалі высокую ацэнку. За час дзеяння праекта падрыхтавана больш за 500 студэнцкіх работ, у цэнтры якіх — сямейныя гісторыі, аб’яднаныя тэмай “Гісторыя сям’і ў гісторыі вайны” ў адпаведным для гэтага жанры. Пры гэтым узнаўлялася гістарычная памяць не толькі пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, але і пра ролю кожнай сям’і ў вызваленні ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Зараз гэтую дзейнасць таксама працягвае Н.Я.Савіцкая.

Справа жыцця

Сапраўды, для Н.Я.Савіцкай літаратурны клуб стаў справай жыцця. 23 гады работы ў “Ветліцы” — гэта разнастайная творчая дзейнасць, далучэнне да лёсаў соцень людзей, перажытыя хвіліны радасці падчас правядзення шматлікіх мерапрыемстваў. Гэта ўзнёслыя хвіліны палёту творчай фантазіі, высокай духоўнасці, яднання малых і вялікіх аўдыторый людзей, якія ў адным парыве, на адным дыханні з аўтарамі ўзнімаюцца да высокай паэзіі і далучаюцца да беларускага слова.

“У “Ветліцы” заўсёды ідзе шчыры дыялог паміж сябрамі. Я не ведаю, як гэта атрымліваецца, але, магчыма, мая шчырасць выклікае шчырасць у іншых людзей, каб яны маглі свабодна выказацца, пабачыць, як мяняецца час і развіваецца чалавек. І колькі б табе ні было гадоў, 18 ці 70, у цябе адны і тыя ж галоўныя каштоўнасці ў жыцці. І тое, што чалавек выказвае не столькі свае думкі, колькі пачуцці, бо менавіта яны кранаюць і западаюць у памяць, гэта і важна”, — рэзюмавала Н.Я.Савіцкая.

Так “Ветліца” аб’ядноўвае студэнтаў і выкладчыкаў, улюбёных у літаратурную творчасць. За гады работы клуба звыш тысячы студэнтаў спрычыніліся да мастацка-літаратурнай творчасці. Дзейнасць “Ветліцы” стала арганічнай часткай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў, павышаючы іх культурны ў­зровень, дапамагаючы сацыялізацыі і фарміруючы гарманічна развітую асобу, якая валодае мастацкім словам. А таму і атрымліваецца, што фізік-лірык часта пішацца менавіта праз злучок, як часткі адзінага цэлага, якія дапаўняюць адна адну.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва клуба “Ветліца”.