Ля Дубойскай сядзібы

- 15:24Год гістарычнай памяці

“Крынічка” знаходзіцца ў вёсцы Дубое, што ў Пінскім раёне, з правага боку ля аўтадарогі Пінск — Іванава.

Крыніца заключана ў шахтавы калодзеж, звонку па знешнім перыметры закрыта дэкаратыўным зрубам з драўлянай накрыўкай. Над калодзежам узведзены дэкаратыўны дах. Узровень вады ў кало­дзежы каля паўтара метра. Вада чыстая, празрыстая, прыемная на смак. На думку мясцовых жыхароў, валодае гаючымі ўласцівасцямі.

Крынічная тэрыторыя добраўпарадкавана, ёсць альтанка для адпачынку, лаўка, драўляныя скульптуры “дзядулі” і “бабулі з каромыслам”, дэкаратыўны драўляны слуп з назвай крыніцы.

Апякае крыніцу Свята-Раства-Багаро­дзіцкая царква. Храм з’яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму, размешчаны на паўночнай ускраіне в.Дубое, пабудаваны ў 1811 го­дзе з цэглы. Асноўны аб’ём храма 8-гранны, накрыты гранёным купалам. Да яго прымыкаюць прамавугольная апсіда і прытвор. Звонку храм дэкарыраваны лапаткамі, ліштвай, фрызамі і інш., усярэ­дзіне ўпрыгожаны фрэс­кавым жывапісам, выкананым у тэхніцы грызайль (1885 год). 

Насупраць крыніцы размешчана Дубой­ская сядзіба, помнік сядзіба-паркавай архітэктуры барока сярэдзіны XVIII ст. Парк займае каля 11 га, абмежаваны каналамі і сажалкамі, на яго тэрыторыі рас­туць векавыя дрэвы. У ся­дзібе прайшлі дзіцячыя гады польскага паэта А.Нарушэвіча. З будынкаў сядзібы захаваліся капліца, флігель, гаспадарчыя пабудовы.

Варта адзначыць, што ў парку, у паўночнай яго частцы, таксама ёсць крыніца, якая ўяўляе сабой выхад грунтавых вод у забалочаным паніжэнні. Вада ў ёй стаялая, таму што водаадводныя каналы ў парку зараслі і ўся паўночная частка яго забалочаная і цяжкапраходная.

Алена ХАРАШЭВІЧ.
Фота аўтара.