Кожнаму добра знаёмы сюжэт дзіцячай казкі Валянціна Катаева “Цвецік-сяміцвецік”. Першыя радкі казачнага загавору, які вымаўляла дзяўчынка Жэня, ляглі ў аснову сумеснага праекта падапечных Беларускага дзіцячага хоспіса і выхаванцаў мастацкай студыі “Флорыя” пры Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства. Стартаваў праект 15 лютага. Сумеснымі намаганнямі была створана серыя аб’ёмных карцін з элементамі керамічнай мазаікі.
Куратар праекта — кіраўнік студыі “Флорыя”, мастак, член Беларускага саюза дызайнераў Людміла Уладзіміраўна Баірава. У якасці кансультантаў праекта і памочнікаў былі запрошаны выпускнікі студыі “Флорыя”, а цяпер навучэнцы аддзялення жывапісу і дызайну Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К.Глебава Аляксей Мінко, Ангеліна Кабановіч і Святлана Мурачынская.
Ствараючы карціны, юныя мастакі працавалі ў тэхніцы аб’ёмнага жывапісу, для чаго выкарыстоўвалі кварцавы пясок, тэкстурную пасту і керамічную мазаіку. Дзецям і маладым людзям вельмі падабалася працаваць з фактурай, яны змешвалі тэкстурную пасту з пяском, дабаўлялі фарбу, у выніку пры дапамозе фігурнага мастыхіна на палатне з’яўляліся розныя прыгожыя выявы. Пачынаючыя мастакі стваралі карціны-абстракцыі, але ў кожнай з іх шмат пачуццёвага, асабістага. Хтосьці ўпершыню трымаў пэндзаль у руках, слухаў парады напарніка, але ўсё ж маляваў, як падказвае сэрца. Хтосьці адлюстроўваў на палатне свае ўспаміны аб лепшых імгненнях жыцця. Творчасць, тым больш сумесная, неверагодна складаны працэс. Але дзеці былі ўпэўнены, што ў іх усё атрымаецца. Кожная карціна праекта “Ляці-ляці, пялёстак” — а ўсяго іх было створана 10 — гэта самае запаветнае жаданне дзіцяці. Творцы прымацоўвалі да карцін сімвалічныя пялёсткі і верылі, што іх жаданне збудзецца.
Падапечныя хоспіса, іх бацькі і валанцёры наведалі куток жывой прыроды і акварыумны клас Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, за сяброўскім чаяваннем пагутарылі з навучэнцамі цэнтра.
Як расказала спецыяліст па сацыяльнай рабоце Беларускага дзіцячага хоспіса Ірына Васільеўна Байдакова, арганізацыя супрацоўнічае з экалагічным цэнтрам ужо 10 гадоў. Апошнія 2—3 гады хоспіс падтрымлівае сувязі са студыяй Людмілы Баіравай.
Карціны, якія стваралі дзеці ў рамках праекта “Ляці-ляці, пялёстак”, яшчэ будуць дапрацоўвацца ў студыі. Затым пройдзе серыя выстаў, дзе побач з карцінамі размесцяць фатаграфіі дзяцей — аўтараў карцін. У кожнай карціны будзе два аўтары.
8—10 красавіка 2016 года адбудзецца выстава “Ляці-ляці, пялёстак” у рамках праекта “Kids’Fashion Days BFW”. Затым творы мастацтва юных умельцаў прададуць на аўкцыёне. Атрыманыя ад продажу сродкі пойдуць на закупку абсталявання і аснашчэнне новага будынка дзіцячага хоспіса.
***
Грамадская дабрачынная арганізацыя “Беларускі дзіцячы хоспіс” штогод аказвае медыка-сацыяльную дапамогу невылечна хворым дзецям і іх сем’ям, за сродкі якой яны атрымліваюць неабходны прафесійны медыцынскі нагляд і кансультацыі ўрачоў, набываюць абсталяванне і расходныя матэрыялы. Гэтая дапамога аказваецца дзякуючы падтрымцы і ахвяраванням фізічных і юрыдычных асоб.
У 2014 годзе пачалося ўзвядзенне новага будынка для дзіцячага хоспіса ў пасёлку Вопытным Мінскага раёна, непадалёк Рэспубліканскага НПЦ дзіцячай анкалогіі і гематалогіі. На гэты момант завяршаюцца ўнутраныя аддзелачныя работы і добраўпарадкаванне тэрыторыі каля новабудоўлі. Наступны этап — закупка і ўстаноўка абсталявання.
Увядзенне ў строй новага будынка дзіцячага хоспіса, якое плануецца летам, палепшыць і колькасна, і якасна дапамогу, што аказваецца цяжкахворым дзецям. Акрамя 10 палат і Цэнтра паліятыўнай рэабілітацыі, у новым хоспісе размесціцца цэнтр навучання і павышэння кваліфікацыі па дзіцячай паліятыўнай дапамозе для ўрачоў і медработнікаў. У новым будынку прадугледжана і невялікая гасцініца для бацькоў маленькіх пацыентаў.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Валерыя ВАЛЧКОВА.