Любімае — матэматыка

- 10:36Людзі адукацыі

У сваёй школе Валянціна Іванаўна Чарняцова ўжо 45-ты год. Настаўнік — інспектар аддзела адукацыі райвыканкама — намеснік дырэктара — дырэктар — зноў настаўнік. Гэта толькі кропкі на траекторыі яе руху ў сярэдняй школе № 2 Ашмян, але кожная з іх напоўнена зместам, дасягненнямі, вопытам і перамогамі.

У прыватнасці, сёння ў педагагічнай і грамадскай супольнасці гучаць імёны Валянціны Гінчук і Наталлі Кучынскай. Не сумняваюся, што пераможца конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”, высакакласны метадыст і дэпутат Палаты прадстанікоў захоўваюць цёплыя ўспаміны пра Валянціну Іванаўну Чарняцову, бо менавіта яна дала пуцёўку ў жыццё гэтым разумным жанчынам.
Да перамогі ў конкурсе Валянціна Васільеўна Гінчук працавала настаўніцай у сярэдняй школе № 2 Ашмян, а В.І.Чарняцова тады была дырэктарам і, як цяпер гавораць, зматывавала сваю калегу на ўдзел у конкурсе. А Наталля Генадзьеўна Кучынская была вучаніцай Валянціны Іванаўны. І яны абедзве з’яўляюцца прафесіяналамі ў сваёй справе. Гэта толькі два прыклады, але вучняў, якія сталі дастойнымі і паважанымі людзьмі, у Валянціны Іванаўны вельмі і вельмі многа. І не дзіўна.
Яна ўвесь час імкнулася і імкнецца да развіцця і самааўдасканалення, таму па сённяшні дзень адчувае сябе вельмі камфортна і ўтульна ў ролі педагога. Як адзначаюць яе калегі, для Валянціны Іванаўны характэрны высокая метадычная эрудыцыя, педагагічная культура, творчы пошук, прынцыповасць. Сама ж гераіня ўсё тлумачыць проста: вялікай любоўю да матэматыкі і дзяцей. Нягледзячы на ўсе пасады, Валянціна Іванаўна ніколі не забывалася пра сваю матэматыку і арганізацыю ўрока разглядала як першараднае ў дзейнасці школы.
Па яе меркаванні, урок — гэта сонца, вакол якога, як планеты, круцяцца ўсе іншыя формы вучэбных заняткаў. Дзеці ў школу найперш прыходзяць вучыцца, таму менавіта вучэбныя заняткі знаходзіцца ў цэнтры ўвагі ўсяго калектыву.
Працуючы над удасканаленнем працэсу навучання матэматыцы, Валянціна Іванаўна працягвае шукаць рацыянальныя шляхі актывізацыі пазнавальнай дзейнасці, самастойнасці і самаадукацыі школьнікаў. Дзякуючы намаганням педагога, яе творчай ініцыятыве, вучні праяўляюць вялікую цікавасць да гэтага прадмета, паказваюць высокія вынікі на ўсіх этапах Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, на турнірах юных матэматыкаў, цэнтралізаваным тэсціраванні.
Асаблівы гонар Валянціны Іванаўны — поспехі яе вучаніцы і ўнучкі Кацярыны Кунц. Кацярына — шматразовы прызёр усіх этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, Рэспубліканскага турніру юных матэматыкаў. Уладальніца бронзавага медаля на IV Еўрапейскай матэматычнай алімпіядзе для дзяўчат узнагароджана нагрудным знакам “Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў”. Як адзначыла Валянціна Іванаўна, бронзавы медаль з’яўляецца для іх самым каштоўным, бо здабыты выключна дзякуючы самастойнасці, матэматычнаму таленту і ўпартасці самой Кацярыны. Падрыхтоўка да міжнароднай алімпіяды ажыццяўлялася без дапамогі сталічных трэнераў. Працавалі ўдзвюх: бабуля разам з унучкай.
Але алімпіядны шлях яшчэ не скончаны. Нядаўна Кацярына атрымала дыплом І ступені на абласным этапе алімпіяды па матэматыцы, наперадзе — пакарэнне рэспубліканскага алімпу.
Для маёй сённяшняй гераіні характэрны высокая патрабавальнасць да сябе і іншых, адказнасць за даручаную справу, здольнасць да крытычнай самаацэнкі, камунікабельнасць, прафесійная вытрымка. Яна, безумоўна, карыстаецца аўтарытэтам сярод калег, у вучнёўскіх і бацькоўскіх калектывах. Высока ацэнена дзейнасць гэтага педагога і грамадствам. У скарбонцы асабістых дасягненняў Валянціны Іванаўны — значок “Выдатнік народнай адукацыі БССР”, Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, медаль Францыска Скарыны, грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.