Любіць Беларусь

- 13:40Адукацыйная прастора

Рэспубліканскія акцыі патрыятычнай накіраванасці, семінары кіраўнікоў школьных музеяў баявой славы, інтэрактыўная платформа “Патрыёт.by”, злёты пошукавых атрадаў, канферэнцыі па тэматыцы Вялікай Айчыннай вайны — усё гэта вынік работы загадчыцы сектара патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Хрысціны Аляксандраўны Борбут.

Уважлівасць, прафесіяналізм, дабрыня, шчырасць і, канечне, любоў да Радзімы — такімі рысамі характару валодаюць настаўнікі, пра якіх мы гаворым з цеплынёй і любоўю, прыгадваючы школьныя гады. Ёсць такія педагогі і ў жыцці Хрысціны Аляксандраўны. Хто ведае, ці звязаў бы лёс нашу гераіню з метадычнай работай у на­прамку патрыятычнага выхавання, калі б не настаўніца гісторыі Краснадарскай сярэдняй школы Чэрвеньскага раёна Наталля Антонаўна Баравік. Разам з ёй вучні наведвалі ветэранаў, запісвалі іх успаміны, праводзілі экскурсіі па месцах баявой славы, мітынгі каля абеліскаў і помнікаў.

“У старшых класах мне хацелася працаваць у пачатковай школе, але ў выніку я паступіла на гістарычны факультэт БДПУ. У любога школьніка цікавасць да таго ці іншага прадмета закладваецца настаўнікам і класным кіраўніком. Такім чалавекам для нашага класа якраз і была Наталля Антонаўна. Дзякуючы яе цікавым урокам, актыўнай пазакласнай рабоце, я палюбіла гісторыю і нават абараняла гонар школы на раённай алімпіядзе. Рада таксама, што вучылася на гістфаку БДПУ”, — падзялілася Хрысціна Аляксандраўна.

Многае ў плане прафесійнага сталення нашай гераіні дала і работа з калегамі-краязнаўцамі. “Калі працуеш побач з такімі людзьмі, як Аляксандра Яўгенаўна Кравец (загадчыца аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання РЦЭіК. — Заўв.аўт.), то і сам абавязкова зацікавішся краязнаўствам. Памятаю, як мы праводзілі рэспубліканскі конкурс радаводаў. Пасля таго, як паслухала захапляючыя выступленні педагогаў і вучняў па гэтай тэматыцы, то міжволі задалася пытаннямі:

“А хто мае продкі?”, “Кім яны былі?”. Памятаю, што пасля гэтага конкурсу прыехала да бабулі і пачала распытваць аб прадзедах”.

Педагогі-краязнаўцы знаходзяцца ў пастаянным пошуку, прычым не толькі новых тэм для сваіх даследаванняў, але і новых фарматаў работы. Многія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, на жаль, адышлі, і сустрэчы школьнікаў з непасрэднымі ўдзельнікамі баёў сёння ўжо рэдкасць. Аднак у сённяшніх навучэнцаў больш магчымасцей у плане выкарыстання інфармацыйных тэхналогій, з якімі так ці інакш звязаны кожны рэспубліканскі праект або акцыя патрыятычнай накіраванасці. Адзін з прыкладаў — праект “Зорачка на карце раёна”, які рэалізоўваўся з выкарыстаннем Google-карт. Вельмі важна, што гэта была не разавая акцыя, а падобныя праекты нараджаюцца ў школах, рэгіёнах, а потым выходзяць на ўзровень рэспублікі.

“Падчас канферэнцый, семінараў мы ўважліва слухаем прапановы педагогаў. Напрыклад, была выказана думка аб неабходнасці ўдзяліць больш увагі тэме вайны ў Афганістане, удзелу ў ёй беларусаў, таму ў гэтым го­дзе мы не проста правялі ва ўстановах адукацыі рэспубліканскую дэкаду, прысвечаную памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, але і рэспубліканскі конкурс з вялікай колькасцю ўдзельнікаў. Праз такія мерапрыемствы мы імкнёмся далучаць да пошукавай работы як мага большую коль­касць навучэнцаў і педагогаў”, — адзначыла Хрысціна Аляксандраўна.

Тэме патрыятычнага выхавання навучэнцаў у нацыянальнай сістэме адукацыі з кожным годам удзяляецца ўсё больш увагі. Застаюцца традыцыйныя напрамкі і формы работы. Гэта, напрыклад, экскурсіі, дзей­насць школьных музеяў. А з улікам сучасных рэалій супрацоўнікі Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства напаўняюць акцыі новым зместам, больш актыўна выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі. Традыцыі не забываюцца. Яшчэ ў савецкія часы былі папулярнымі масавыя экспедыцыі навучэнцаў па месцах баявой і працоўнай славы народа. Узяўшы ўсё добрае з мінулага, улічыўшы патрабаванні сучаснай эпохі, у Год народнага адзінства стартавала Усебеларуская маладзёжная экспедыцыя “Маршрутамі памяці. Марш­рутамі адзінства”. Цяпер Хрысціна Аляксандраўна працуе і над функцыянаваннем рэспубліканскай інтэрактыўнай платформы “Патрыёт.by”.

У школьныя гады для нашай гераіні было ганарова вывучыць верш і ўрачыста прадэкламаваць яго падчас мітынгу каля помніка воінам Чырвонай Арміі. Здаецца, гэта было зусім нядаўна. Але час ляціць хутка, многае мяняецца, аднак і для сённяшняга пакалення Z вельмі пачэсна расказваць аднакласнікам пра герояў Вялікай Айчыннай вайны. Таму ў патрыятычным выхаванні, на думку Хрысціны Аляксандраўны, важна захоўваць традыцыі, дапаўняючы іх патрабаваннямі сучаснасці. Тады і любоў да Беларусі будзе фарміравацца ў навучэнцаў эфектыўна.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.