…Любіць насуперак усяму

- 12:37Сацыяльны ракурс

Апошнім часам стала вельмі модна гаварыць пра педагагічнасць у працэсе выхавання дзяцей. Прычым часцей за ўсё аб гэтым гавораць менавіта маладыя мамы, якія занепакоены будучыняй сваіх дзяцей з таго самага моманту, калі яны толькі навучыліся трымаць лапатку ў руках. Паралельна з гэтымі мамамі існуюць сярод нас і такія, для каго слова “педагагічнасць”, роўна як і “выхаванне”, не нясе ніякай сэнсавай нагрузкі. І, як бы жорстка гэта ні гучала, для такіх мам уласныя дзеці як старая мэбля, якая быццам бы і не патрэбна, але і выкінуць шкада.

У рэйд па нядобранадзейных сем’ях, якія арганізоўвае інспекцыя па справах непаўналетніх, мне выпадала магчымасць ездзіць ужо не адзін раз. Успамінаючы дэталі мінулых паездак і на свежы розум аналізуючы ўбачанае, магу сказаць, што першая паездка ў псіхалагічным плане была вельмі цяжкай. Ну не магла я глядзець, у якіх умовах жывуць, што ядуць, на чым спяць і ў што апрануты дзеці з такіх сем’яў. Хацелася проста заплюшчыць вочы і зрабіць так, каб з памяці ў адно імгненне сцерлася ўсё тое, што ўбачыла ў сценах гэтых абшарпаных кватэр-баракаў. Увогуле, было проста жудасна ўсведамляць, што такое ў наш час магчыма. Але колькі б слоў абурэння я ні выказвала, змяніць яны нічога не змогуць. Ведаючы, што чарговая паездка не падорыць нічога новага і ніякіх вясёлкавых перспектыў мы не ўбачым ні ў адной з небяспечных сем’яў, давялося “ўключаць” рэжым імунітэту да ўсяго таго, за чым буду назіраць на гэты раз.

У рэйд па Смалявіцкім раёне, які быў арганізаваны падчас асенніх канікул, я паехала разам з мясцовым начальнікам інспекцыі па справах непаўналетніх маёрам міліцыі Алай Русановіч і двума ўчастковымі інспектарамі. У падначаленні кожнага з інспектараў — сем’і з уласнымі гісторыямі, якія, і гэта не дзіўна, падобныя адна да адной.

Гісторыя першая.
Пра пельмені з “чарнілам”і кавалак каўбасы

Першым у спісе абавязковых да наведвання дамоў значыўся адрас Ірыны (імёны зменены). У жанчыны пяцёра дзяцей. Старэйшай дзяўчынцы 18 гадоў, а самае маленькае дзіця нядаўна адзначыла свой пяты дзень нараджэння. Сям’я жыве ў аднапакаёвай кватэры барачнага тыпу ў вёсцы. Пад’язджаючы да дома, я ўспомніла, што тут ужо была. Два гады назад, наведваючы гэты дом, камісія па справах непаўналетніх не раздумваючы забрала дзяцей у прытулак. Дагэтуль памятаю, што самым жудасным у працэсе разлучэння маці з дзецьмі было тое, што плакалі толькі дзеці. Маці было ўсё роўна. У мяне нават склалася такое адчуванне, што органы апекі, здзейсніўшы гэты ўчынак, проста аблягчылі ёй жыццё. Але другога выйсця на той момант не існавала. Тут не было абсалютна ніякіх умоў для пражывання. Нават санвузел не быў абсталяваны. На тым месцы, дзе павінен быць унітаз, са сцяны тырчалі дзве кароткія трубы. І ролю ўнітаза выконвала ванна. Бетонная падлога была без усялякага пакрыцця — дзеці хадзілі босыя па будаўнічых плітах. Памятаецца, як на пытанне, чаму дагэтуль кватэра, у якой пражываюць дзеці, не абсталявана згодна з санітарнымі нормамі, прычым самымі элементарнымі, гаспадыня адказала, “што ў туалет усе ходзяць на вуліцу”. Раўнадушшу жанчыны, якая нарадзіла пяцярых дзяцей, можна было толькі паспачуваць. Тады ніякага жадання зрабіць дзяцінства малых крышачку шчаслівым у гэтай маці — калі яе можна было так назваць — не было. Памятаю, як Ірына ігнаравала ўсе пытанні, якія ёй задавалі. Яна моўчкі раскачвала цеста на пельмені бутэлькай з-пад “чарніла”. Але пельмені былі не для дзяцей, а для сабутэльнікаў, якія тоўпіліся побач.

— Ты лічыш, што ў гэтай сям’і нешта змянілася? — быццам прачытаўшы мае думкі, пачала расказваць Ала Генадзьеўна. — Амаль нічога новага не адбылося. Толькі на грашовую адрасную дапамогу, якая была выдзелена, у санвузле ўсталявалі ўнітаз. А дзяцей жанчыне аддалі пасля таго, як яна вярнулася да рэгулярнай працы на ферму і перастала вадзіць у дом алкаголікаў.

…Падымаемся на другі паверх. Цяпер дзверы ў кватэры металічныя. Спрабуем адчыніць — не замкнута. Трое малых сядзяць у пакоі на абадранай старэнькай канапе. Старэйшых дзяцей дома няма. Маці таксама няма — яна на ферме, вернецца дадому толькі ў 5 гадзін раніцы. А гэта значыць, што начаваць дзеці будуць адны ў халоднай непрацепленай кватэры (у кватэры на кухні стаіць кацёл, які трэба паліць самім, але, зразумела, дзеці гэта рабіць не будуць, хаця тут няма чым паліць). Мы праходзім на кухню, каб праверыць, ці ёсць у дзяцей што паесці. Следам ідзе босая 11-гадовая дзяўчынка.

— Чаму ў цябе брудныя ногі? — пытае інспектар Ганна Дзяўліна.

— Я на вуліцы была, гуляла.

— Босая? У цябе ногі ў брудзе. Табе няма чаго насіць?

— Ёсць…

Дзяўчынка засмуцілася і выйшла ў калідор. Было відаць, што яна баіцца роспытаў. Але маці стараецца абараніць.

— Мама нам смажыла катлеты, — папярэдзіўшы ўсе пытанні, адказала дзяўчынка. — Але мы іх з’елі.

На пліце стаяла вялізная каструля з макаронамі, перамешанымі з фаршам. Побач, на патэльні, ад зін кавалачак падгарэлай дамашняй каўбасы, якім нават кацяня не накорміш, не тое што пяцярых дзяцей. Адчыняем пажаўцелы ад часу халадзільнік. Ні малака, ні кефіру — нічога, акрамя паўлатка сырога фаршу.

— Як вы будзеце начаваць адны ў халоднай кватэры? — пытаюся ў дзяцей.

— А нам не холадна, мы ўсе разам ляжам на ложак…

У гэтай сям’і шмат недахопаў. І наўрад ці ўсе яны будуць выпраўлены. Відавочна адно: дзецям тут цяжка, але яны моцныя, яны гатовы цярпець, таму што няма больш роднага чалавека, чым мама, якой бы дрэннай яна ні была. І як бы холадна і голадна ні было — яны не раскажуць пра гэта незнаёмым цёткам. Для нас і нашых дзяцей, якія растуць у цяпле і клопаце, умовы пражывання гэтай сям’і былі б пеклам. Для гэтых жа дзяцей тут рай. Таму што яны не бачаць іншага жыцця.

Праз некалькі тыдняў мы яшчэ раз заедзем сюды, каб пабачыць маці і пагаварыць з ёй.

Гісторыя другая.
Класіка пад пылам

У сям’і 40-гадовых Мікалая і Святланы трое дзяцей. Дакладней, было трое дзяцей. Цяпер няма ніводнага. Самых маленькіх — Машу і Ваню — забралі ў прытулак. Старэйшая, Аліна, выйшла замуж, і сёння яна ўжо сама мама, якая гадуе двух маленькіх хлопчыкаў.

Нягледзячы на тое, што дзяцей забралі з сям’і, пад наглядам інспекцыі яна ўсё роўна застаецца.

Пад’язджаем да дома, падымаемся ў кватэру. Дзверы адчынены насцеж. На парозе — муж Аліны, які трымае на руках 6-месячнага сына. Побач стаяць сабраныя ў пакетах уласныя рэчы і дзіцячая каляска. Аліна яшчэ раз, перад тым як збегчы адсюль, з бацькоўскага дома, аглядае кватэру, каб не забыць нічога свайго. Мы праходзім на кухню, каб паглядзець, у якім стане знаходзіцца дом.

— Яны сышлі літаральна некалькі хвілін назад, — пачынае расказваць Аліна. — Мы прыехалі, думалі, усё будзе нармальна, але тут зноў п’янкі. Тут немагчыма знаходзіцца. Да мяне сюды прыязджала сяброўка з Мінска, я хацела, каб яна засталася пераначаваць. Але яна праз гадзіну збегла. Папрасіла прабачэння і пайшла на электрычку. І як добра, што малых аддалі ў прытулак. І нашага сабаку, відаць, выкінулі ў акно, таму што тут яго няма, а на вуліцу выйсці сам ён не мог.

Пакуль дзяўчына скардзіцца на бацькоў, я аглядаю кватэру, якая наскрозь прапахла цыгарэтамі. На калідоры, які асвятляецца цьмянай лямпачкай і падлога якога ўсыпана сырымі крупамі, на сцяне вісіць кніжная паліца. У такіх сем’ях увогуле дзіўна бачыць хоць якія кнігі, а тут — пакрытая пылам класіка: Дастаеўскі, Талстой, Дзюма, Драйзер. Але высокае слова, на жаль, ад алкагалізму не лечыць.

Праходжу ў адзін з пакояў. На ўваходзе, на бруднай падлозе, ляжыць расціснуты плаўлены сырок, побач — талерка з кавалачкам сасіскі. У другім пакоі з парадкам сітуацыя амаль такая ж. Тут уключаны тэлевізар — ідуць навіны, сінхронна з якімі ўсё яшчэ працягвае дзяліцца сваімі навінамі Аліна.

— У гэтай сям’і сітуацыя з прадуктамі больш-менш нармальная, — заўважае Ала Генадзьеўна. — Тут больш за ўсё пытанняў па паводзінах бацькоў. Вось і зараз яны, п’яныя, збеглі, быццам адчуваюць, што мы прыедзем. І ўсе раскіданыя рэчы, ежа на падлозе — гэта яшчэ нармальна, было куды горш. Тыдзень назад мы прыязджалі, прымушалі навесці парадак. Тут жа нагой не было куды ступіць!

Аказваецца, сацыяльнымі службамі ўжо даўно прызнана, што дзеці з сям’і Патапавых знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, таму за імі рэгулярна вядзецца кантроль. Але гаспадароў кватэры гэта ўвогуле не хвалюе. Амаль усе заўвагі, якія былі выказаны мінулы раз супрацоўнікамі ІСН, былі праігнараваны.

Слухаючы, наколькі абыякавымі могуць быць адносіны ў сям’і паміж роднымі людзьмі, чарговы раз пераконваюся, што гэта якраз той выпадак, калі дзецям у прытулку будзе лепш, чым дома. Мне, напрыклад, страшна ад таго, што гаспадар кватэры з поўным раўнадушшам у прыступе агрэсіі змог выкінуць з акна сабаку ці ката, як гэта было мінулы раз на вачах у супрацоўнікаў ІСН. А калі б побач знаходзілася дзіця?..

Гісторыя трэцяя.
Калі мама дазваляе сябраваць “не з тымі”

Трэцім у спісе адрасоў, абавязковых для наведвання, значылася сям’я 15-гадовай Каці. Жыве дзяўчына з бацькамі ва ўласным доме. Мы ціха адчынілі браму, падышлі да дзвярэй веранды, адкуль чуліся жаночыя галасы. Пастукаліся, нам адчыніла п’яная мама Каці. Побач з ёй стаяла незнаёмая жанчына з цыгарэтай у руках. Убачыўшы на парозе людзей у форме, жанчыны пачалі абурацца, што ім перашкодзілі адпачываць. Жанчынам было нагадана, што Каця, па заключэнні сацыяльных службаў, знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным стане, таму ІСН маюць права кантраляваць у любы дзень і гадзіну, як жыве дзяўчынка.

— З Кацяй не ўсё так проста, — расказвае начальнік ІСН Ала Русановіч. — Дзяўчына схільна да бадзяжніцтва. Аднойчы яна, нікога не папярэдзіўшы, паехала да сяброўкі ў Мінск. На тэлефонныя званкі не адказвала. Маці пачала хвалявацца і прыйшла ў міліцыю пісаць заяву. Дзяўчынку тут жа пачалі шукаць. І толькі пасля, калі дзяўчыну высачылі супрацоўнікі міліцыі, калі яны пачалі ёй званіць, яна зняла трубку. Безумоўна, было прыдумана шмат адгаворак наконт таго, чаму яна не адказвала на званкі маці. Прадстаўнікі праваахоўных органаў прывезлі дзяўчыну дадому.

Сёння была яшчэ адна прычына, па якой так позна ў суботу да Каці прыехала начальнік ІСН. Як аказалася, на працягу двух тыдняў да Каці не можа трапіць сацыяльны педагог: ёй не адчыняюць дзверы. Настаўніца звярнулася па дапамогу ў ІСН.

Калі мы зайшлі ў дом, Каця была ў сваім пакоі, зачыненым знутры. Для таго каб дзяўчына выйшла, маці некалькі разоў пастукала ў дзверы і папрасіла дачку адчыніць. Дзяўчынка выйшла. Зачыненая ў пакоі, яна была не адна. З ёй сядзелі 20-гадовы раней ужо судзімы малады чалавек і яго 16-гадовы брат. На пытанне, што тут, у пакоі непаўналетняй дзяўчыны, робіць судзімы дарослы мужчына, ні Каця, ні яе маці нічога не адказалі. Маці апусціла вочы ў падлогу, а дачка пачала дэманстратыўна “капацца” ў смартфоне. Што тычыцца гасцей, то яны, заўважыўшы людзей у форме, паспяшаліся пакінуць дом, абсыпаючы пры гэтым супрацоўнікаў нецэнзурнымі выразамі.

— Маці трэба больш уважліва ставіцца да дачкі, а Каця павінна паважаць маці, таму што яна жыве ў яе доме, таму што маці, якой бы добрай ці дрэннай для Каці ні была, клапоціцца пра дачку, — пачала размову з непаўналетняй Ала Генадзьеўна. — Дзяўчынка, якой 15 гадоў, не павінна сябраваць з 20-гадовым судзімым мужчынам, яна павінна чытаць, урокі вучыць.

Калі ўжо зараз, у такім узросце, маці дазваляе дачцэ прыводзіць дадому дарослых мужчын, што можа быць далей? Тут, як правіла, усё развіваецца па адным сцэнарыі, і не вельмі празаічным.

***

Тры розныя сям’і — тры розныя гісторыі, а праблема адна на ўсіх. І ва ўсіх трох выпадках задача, якая стаіць перад кампетэнтнымі органамі, адна — дапамагчы бацькам вырашыць тыя праблемы, з якімі яны сутыкнуліся. Трэба шукаць дзейсныя метады для работы з такімі сем’ямі. Але для таго, каб выблытацца з існуючых праблем, крок насустрач павінны рабіць і бацькі. Без іх жадання нічога не атрымаецца. І шкада, калі шанс зрабіць спробу, каб стаць шчаслівым, будзе ўпушчаны. Няма нічога горшага, чым шкадаваць аб зламаным жыцці. Не сваім, не — аб зламаным жыцці сваіх дзяцей. А дзеці, што б ні здарылася, усё роўна будуць любіць сваю маму. Любіць шчыра і бескарысліва. І насуперак усяму.

Наталля ДУБІК.
Фота аўтара.