Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Цестапластыка” Клецкага цэнтра дзіцячай творчасці Любоў Анатольеўна Зайцава 19 гадоў працуе ў названай установе адукацыі. Назапашаны вопыт, адшліфаваны навыкі, выпрацаваны ўласны творчы почырк. Але галоўнае — у педагога ёсць сілы і магчымасці дзяліцца ўсім гэтым з дзецьмі.
Любоў Анатольеўна з Клецка, з педагагічнай сям’і — яе маці працавала выхавальніцай аднаго з клецкіх дзіцячых садоў. Гісторыя жыцця і шляху ў прафесію Любові Зайцавай быццам сышла са старонак захапляльнай кнігі. Мяркуйце самі.
…У маладой сям’і з невялічкага горада ў самым сэрцы Беларусі нарадзіліся адразу тры дачушкі. Як назваць? Ну, канечне ж, Вера, Надзея і Любоў. Усё жыццё тры сястрычкі разам. Утрох вучыліся ў сярэдняй школе № 2 Клецка, пасля заканчэння якой усе тры папрасілі накіраванне ў педагагічны каледж у мясцовым аддзеле адукацыі, бо выбралі педагогіку. Прасіліся ў адну ўстанову, бо надта не хацелася разлучацца. Аднак так не атрымалася: Любові і Веры далі накіраванне на вучобу ў Салігорск, а Надзеі — у Нясвіжскі дзяржаўны педагагічны
каледж.
— Я скончыла педагагічнае аддзяленне Салігорскага дзяржаўнага каледжа па спецыяльнасці “Выхавальнік дашкольнай адукацыі” са спецыялізацыяй “Творчая дзейнасць”, — расказвае Любоў Анатольеўна Зайцава. — Сястра Вера выбрала спецыяльнасць “Выхавальнік дашкольнай адукацыі” са спецыялізацыяй “Лагапед”, а Надзея вырашыла набыць прафесію настаўніка пачатковай школы. Пасля вучобы мы з сёстрамі вярнуліся на радзіму і пачалі працавать ў адной вёсцы Зубкі. Зноў утрох. Зноў не захацелі разлучацца. Мы з Верай працавалі выхавальніцамі ў дзіцячым садзе, а Надзея — настаўніцай пачатковых класаў у школе. Такім чынам, усе мы педагогі, а зараз усе працуем у Клецкім цэнтры дзіцячай творчасці. Зноў утрох.
Як я апынулася ў гэтай установе? Аднойчы ўбачыла аб’яву, што ў Клецкім цэнтры дзіцячай творчасці ёсць вакансія педагога дадатковай адукацыі. Вырашыла паспрабаваць сябе ў новай прафесіі, тым больш што адпаведная спецыялізацыя ў мяне была.
Пачынала з лепкі з салёнага цеста і цяпер люблю менавіта гэты матэрыял. Я выбрала яго, бо работа з салёным цестам мяне расслабляе, дапамагае паглыбіцца ў творчасць, а не думаць пра штодзённыя справы. Плюс гэтага матэрыялу — яго даступнасць: зайшла ў магазін, купіла кілаграм мукі, солі, замясіла цеста, раздала выхаванцам — і працуем. Заўсёды ёсць матэрыял пад рукой. Не патрэбна прасіць дзяцей, каб яны прыносілі матэрыял на заняткі, што для мяне надзвычай важна. Дзеці прыносяць з дому толькі фарбы і пэндзлі, каб расфарбоўваць гатовыя вырабы. Важна, што гэты матэрыял проста зрабіць, а яшчэ тое, што ён абсалютна бяспечны. Працую з малодшай узроставай групай, да 12 гадоў. Бачу, што, падрастаючы, мае выхаванцы пачынаюць цікавіцца многім іншым, ім ужо не да салёнага цеста. Зараз у мяне 4 групы выхаванцаў, кожная — па 12 дзяцей. Акрамя цэнтра творчасці, працую ў раённым ЦКРНіР, лепім разам з дзеткамі, развіваем дробную маторыку.
Па словах Любові Зайцавай, фігуркі з салёнага цеста рабіць складана, бо цеста — цяжкі матэрыял, яно асядае. Каб зляпіць правільную фігурку, для яе патрэбна спецыяльная аснова: кардон, бляшаначкі і г.д. Таму ў аб’яднанні па інтарэсах “Цестапластыка” лепяць вырабы, якія размяшчаюць на плоскасці з кардону, дрэва, таксама выкарыстоўваюць для гэтай мэты апрацоўчыя дошкі, спецыяльныя рамкі для фотаздымкаў.
— Нашы вырабы — сувенірная прадукцыя, — працягвае Любоў Анатольеўна. — Сама я люблю ляпіць кветкі, іншыя прыродныя матывы. Гэта даволі проста. Вылепіць жа твар чалавека, казачнага персанажа даволі складана. А вось мае выхаванцы з задавальненнем лепяць катоў, бабак ёжак, слонікаў, зайчанят, добра атрымліваюцца ў іх падвясныя фігуркі, птушкі.
Мы ўдзельнічаем са сваімі работамі ў многіх конкурсах — раённага, абласнога, рэспубліканскага ўзроўню. З нядаўніх поспехаў — 1-е месца ў Рэспубліканскай выставе-конкурсе дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”: цудоўны сувенірны снегавік атрымаўся. Прызнаюся, што гэта выдатны вынік, таму што вырабы з салёнага цеста рэдка аказваюцца ў ліку пераможцаў. Журы часцей за ўсё выбірае вырабы з саломкі, гліны і г.д. Таму нам нават крыху крыўдна, бо зрабіць годны выраб з цеста складана. Экспертаў з журы можна зразумець: салёнае цеста — складаны матэрыял у плане доўгатэрміновасці, яно з часам трэскаецца, вырабы з яго крохкія, маюць патрэбу ў вельмі ашчаднай транспарціроўцы.
Зразумела, што ўсе дзеці таленавітыя, але ці бываюць сапраўдныя зоркі ў галіне, цестапластыкі, пытаюся ў педагога.
— Такая зорка, Кіра Ганчарык, была ў мяне ў мінулым годзе, а сёлета вырашыла развівацца ў танцавальным мастацтве, — адказвае Любоў Анатольеўна. — У Кіры выдатна працуе фантазія, і на маіх занятках яна сама прыдумвала, што будзе ляпіць. У яе гэта атрымлівалася так хутка, што гэта выклікала захапленне. Вельмі творчае дзіця. Я гаварыла пра гэта яе маме, раіла развіваць у дзіцяці талент.
13-гадовы сын Любові Анатольеўны таксама наведвае яе заняткі, лепіць з цеста з задавальненнем. Аднак яму больш падабаецца мець зносіны з дзецьмі, чым самому ляпіць. Асабліва ён любіць заняткі па суботах, таму што яго маці робіць па суботах салодкае цеста.
— Мы вырабляем з яго фігурнае печыва, запякаем у духоўцы, якая стаіць у нашым кабінеце, а пасля падоўгу п’ём гарбату са спечанымі прысмакамі і размаўляем. Па суботах у нас заўсёды аншлаг, — усміхаецца Любоў Анатольеўна Зайцава.
Ужо некалькі гадоў запар Клецкі цэнтр дзіцячай творчасці прызнаецца лепшым сярод устаноў такога тыпу ў Мінскай вобласці. Думаецца, у гэтым ёсць вялікая заслуга і нашай гераіні, якая выпраменьвае любоў.
Такая вось Любоў і яе творчасць.
Наталля КАСТЭНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.