Людзі Ікс з Ікс-АДМЭК

- 13:21"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Працягваем публікаваць матэрыялы ў рубрыцы “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў”, заснаванай нашай газетай разам з Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Сённяшні адрас — Аршанскі дзяржаўны механіка-эканамічны каледж, некалькі творчых калектываў якога вельмі арыгінальна і паспяхова праявілі сябе на Рэспубліканскім фестывалі мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі” ў мінулым сезоне. У прыватнасці, мы засяродзімся на калектыве Х-men (пераможца ў намінацыі “Група сучасных танцавальных кірункаў”) і калектыве “Экстрым” (прызёр у намінацыі “Тэатр сучаснай харэаграфіі”). Абодвума калектывамі кіруе выкладчык фізічнай культуры і здароўя Таццяна Іванаўна Мурашка.

Ікс-прэамбула

Гэтая назва ўсяго артыкула — “Людзі Ікс з Ікс-АДМЭК” — не прыдумвалася нейкімі ­неймавернымі журналісцкімі­ вы­сілкамі. Яна нарадзілася сама сабой, як любая загадкавая з’ява Ікс нараджаецца нашым уяўленнем і нашым імкненнем спазнаць неспазнавальнае.

Я ехаў у Аршанскі дзяржаўны механіка-эканамічны каледж, каб сабраць матэрыял для рубрыкі “АРТ-вакацыі”: галерэя творцаў”, але прыехаў у, так бы мовіць, Ікс-каледж, ­Ікс-АДМЭК — загадкавую ўстанову адукацыі, якая на досвітку сваёй дзейнасці першай у Бе­ларусі пачала ажыццяўляць навучанне па такіх спецыяльнасцях, як “Прадзенне-льнопрадзенне”, “Ткацтва-льноткацтва, апрацоўка тканін”. А зна­чыць, я ехаў у… лён — самы загадкавы беларускі прыродны матэрыял, матэрыял Ікс — лёгкі, мяккі, надзвычай камфортны ў якасці адзення (асабліва ў летнюю спёку), той, які добра мыецца, вельмі мнецца, з цяжкасцю прасуецца, але ад гэтага не пера­стае быць любімым для тысяч беларусаў (і не толькі беларусаў). Адна з візітовак нашай краіны ў свеце нароўні з гігантамі-самазваламі “БелАЗ” і трактарамі “Беларус”, Белавежскай пушчай і возерам Нарач, бярозавым сокам і дранікамі, “Псалтыром” Скарыны і балетам Елізар’ева, камп’ютарнай гульнёй World of Tanks і мабільным дадаткам MSQRD — наўмысна браў праяўленні нашай уні­кальнасці ў абсалютна розных сферах жыцця.

Я ехаў у Аршанскі дзяржаўны механіка-эканамічны каледж, у Оршу, на радзіму Ула­дзіміра Караткевіча, нашага самага фантастычнага і загадкавага пісьменніка Ікс, творы якога і сёння кранаюць, чапляюць, не даюць супакоіцца, а варушаць нацыянальную памяць, рамантычную душу, імкненне спаз­наць унутраны свет і ўвесь астатні свет Ікс. Дарэчы, яшчэ добра памятаецца творчы праект навучэнцаў АДМЭК двухгадовай даўнасці ў рамках Рэспубліканскага конкурсу інфармацыйна-метадычных распрацовак культурна-адпачынкавых мерапрыемстваў “КРЭОН”, калі маладыя людзі непасрэдна ў Аршанскім музеі Уладзіміра Караткевіча запісалі цудоўную відэапраграму!

Я ехаў у Аршанскі дзяржаўны механіка-эканамічны каледж, дзе паспяхова дзейніча­юць ­творчыя калектывы з прыстаўкай “Ікс”: Х-men, “Экстрым” (Х-treme), ВІА Х-Fantasy…

І як жа тут не ўспомніць вядомую фантастычную франшызу “Людзі Ікс”? У англійскім арыгінале — Х-men — дакладна так, як называецца і адзін творчы калектыў каледжа.

Ікс-каледж

Як адзначыла дырэктар ­АДМЭК выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Пятроўна Дзерваед, якая ўжо 30 гадоў узначальвае гэтую ўстанову адукацыі, сёння тут рыхтуюць спецыялістаў на дзённай і завочнай формах навучання па 9 спецыяльнасцях на бюджэтнай і паза­бюджэтнай асновах. Арганізаваны 2 аддзяленні па дзённай і завочнай формах навучання па ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі, на якіх вучыцца больш за 840 навучэнцаў, і аддзяленне прафесійнай падрыхтоўкі, дзе вучацца 162 вучні. Для аператыўнага кіравання вучэбна-метадычнай работай выкладчыкаў створана 9 цыклавых камісій, педагагічную работу вядуць 77 выкладчыкаў, з іх 2 узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”, 15 — з вышэйшай катэгорыяй, 35 — з першай, 18 — з другой. За апошнія гады педагагічны калектыў мае тэндэнцыю да “амалоджвання”. “Мы беражліва захоўваем і развіваем традыцыі ў рабоце па выхаванні навучэнцаў як асоб, падрыхтоўцы іх да працоўнага і грамадскага жыцця. Спалучэнне традыцый і наватар­ства, захаванне гістарычнай спадчыны і пошук сучасных эфектыўных адукацыйных ­ідэй сёння і вызначаюць аблічча нашага каледжа”, — асабліва падкрэсліла Наталля Пятроўна. Да гэтых яе слоў намеснік дырэктара кале­джа па вучэбна-вытворчай рабоце Аляксей Алегавіч Карманаў дадаў, што на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі і сёння ёсць спецыяльнасць, непасрэдна звязаная з ільном, — “Тэхналогія пражы, нятканых матэрыялаў, тканін і тканых вырабаў”. Такім чынам, ільняныя традыцыі каледжа сапраўды захоўваюцца!

Што тычыцца творчага жыцця ў АДМЭК, то, як паведаміла намеснік дырэктара па выха­ваўчай рабоце Валерыя Валер’еўна Пераходчанка, для рэалізацыі творчых ініцыятыў навучэнцаў тут ужо шмат гадоў дзейнічае цэнтр “Садруж­насць”, які аб’ядноўвае больш за 30 клубаў, гурткоў, секцый па шасці кірунках. Кожны навучэнец установы знаходзіць занятак па душы. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца гурткі мастацкага і спартыўнага кірункаў, якія дапамагаюць маладым лю­дзям знахо­дзіць новых сяброў, павышаць самаацэнку, праца­ваць у каман­дзе, выпрацоў­ваць волю да перамогі. “Вельмі прыемна назі­раць, як дае парады па правільным перамяшчэнні па сцэне будучы тэхнік-механік будучаму бух­галтару,  а будучы слесар ву­­чыць першакурсніка-юрыста новым сілавым практыкаванням. Прыемна бачыць, як раскрываюцца таленты нашых хлопцаў і дзяўчат, як вераць яны ва ўласныя сілы, бо дакладна ведаюць, ­што могуць разлічваць на падтрымку і дапамогу педагогаў, лю­дзей, улюбёных у сваю справу”, — з гордасцю сказала Валерыя Валер’еўна. А педагог-арганізатар Юлія Леанідаўна Яўменава, якая, дарэчы, на апошнім этапе “АРТ-вакацый-2017” рыхтавала творчы калектыў “Джаз-банд” да выступлення на гэтым фестывалі-конкурсе (пераможца ў намінацыі “Ансамбль класічнай музыкі”), дадала цікавую гістарычную дэталь. Раней, калі ­АДМЭК афіцыйна называўся АМТТ (Аршанскі механіка-тэхналагічны тэхнікум), гэтую абрэвіятуру з гумарам расшыфроўвалі як Аршанскі музычна-танцавальны тэхнікум. Яно і не дзіўна: некалі ва ўстанове дзейнічалі хор, лялечны тэатр, нават цыркавая студыя!

І самае апошняе ў гэтым падраздзеле. Безумоўна, мы яшчэ падрабязна пагаворым з кіраўніком творчых калектываў Х-men і “Экстрым” Таццянай Іванаўнай Мурашкай, з іх удзельнікамі, але адразу хочацца сказаць, што ў АДМЭК працуюць сапраўды ўнікальныя творчыя людзі. Кароткі летапіс гісторыі каледжа (з ім можна пазнаёміцца на сайце газеты nastgaz.by) спецыяльна для нашай газеты склаў выкладчык гісторыі краязнавец Віктар Паўлавіч Лютын­скі, апантаны чалавек, летапісец не толькі гісторыі каледжа, але і ўсёй Оршы. Не так даўно ён расшукаў раней невядомы аршанскі адрас Уладзіміра Караткевіча — дом па вуліцы Пралетарскай, у якім сям’я пісьменніка ў 1944—1946 гадах наймала два пакоі ў царкоўнага старасты і адкуль юны Валодзя хадзіў вучыцца ў 1-ю аршанскую беларускую школу… Хіба ж гэта не цуд, калі выкладчык установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі робіць адкрыццё, важнае для гісторыкаў літаратуры і наогул многіх беларусаў, для якіх усё, што звязана з Караткевічам, мае адзнаку святасці!

Ікс-Мурашка і яе Ікс-выхаванцы

Расказвае кіраўнік творчых калектываў Х-men і “Экстрым”, выкладчык фізкультуры і здароўя, куратар адной з груп навучэнцаў па спецыяльнасці “Тэхналогія машынабудавання” Таццяна Іванаўна Мурашка: “Я нарадзілася ў Расіі, у горадзе Белая Калітва Растоўскай вобласці. Так што я данская казачка па паходжанні. Мой дзядуля быў вайскоўцам, адпаведна, уся наша сям’я вандравала з ім разам па абшарах усяго былога Савецкага Саюза. Жылі ў Баку, Адэсе, іншых гарадах. Апошнім месцам яго службы быў Пінск — так мы ў Беларусі і засталіся…

У Пінску я скончыла сярэднюю школу. З дзяцінства мне вельмі падабалася займацца спортам, асабліва лёгкай атлетыкай. Яшчэ школьніцай была чэмпіёнкай горада, вобласці, рэспублікі ў розных узроставых катэгорыях. Потым паступіла на дзённае аддзяленне ў Беларускі дзяржаўны ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга інстытут фізічнай культуры і ў 1985 годзе яго скончыла, атрымаўшы дыплом трэнера па лёгкай атлетыцы і выкладчыка. А яшчэ ў мяне ёсць пасведчанне інструктара па лячэбнай фізкультуры і масажыста. Такім чынам, як вы ўжо зразумелі, я не харэограф па адукацыі і танцамі ў дзяцінстве не захаплялася.

Пасля заканчэння інстытута выйшла замуж, нарадзіла дзіця, потым працавала тры гады ў адной з пінскіх школ старшай піянерважатай (можа, таму ў мяне многа творчых задум!), а потым — настаўніцай фізкультуры. У 90-х разам з сям’ёй пераехала сюды, у Оршу, адкуль родам мой муж. У каледжы працую з 1998 года.

Як нарадзіліся нашы творчыя калектывы? Гэта дастаткова цікавая гісторыя.

У верасні 2002 года я абвясціла набор у спартыўную секцыю “Аэробіка”. Адгукнуліся, натуральна, адны дзяўчаты. Мы з імі займаліся ў спартыўнай зале, а побач знаходзіліся майстэрні, у якіх працавалі адны хлопцы. І неяк я заўважыла, што падчас нашых заняткаў з дзяўчатамі аэробікай хлопцы падглядалі ў шчылінку. Прычым гэта было неаднойчы! Ім жа так цікава было паглядзець, што там робяць дзяўчаты.

Неяк мы злавілі аднаго: “Дык што ты тут падглядаеш? Так цікава табе? Дык хадзем і сам паспрабуеш патанцаваць!” Ён спачатку моцна ўпіраўся: “Ды якая аэробіка для хлопца?” Але неяк мы яго ўсё ж зацягнулі на заняткі, і яму, як ні дзіўна, спадабалася. А яшчэ спадабалася адна дзяўчынка з групы. І ён застаўся.

Потым падцягнуліся яшчэ некалькі хлопцаў. Урэшце нас сабралася дастаткова вялікая змяшаная група хлопцаў і дзяўчат. У іх сапраўды атрымлівалася танцаваць, прыгожа рухацца.

А напярэдадні 23 лютага 2003 года мы з хлопцамі задумалі невялікае выступленне — стылізацыю пад працэс вучэбнай падрыхтоўкі ў войску. З гэтым нумарам падалі заяўку на гарадскі конкурс творчасці сярод вучнёўскай моладзі “Аршанскі першацвет”, які штогод праходзіць у нашым горадзе, і занялі там прызавое месца ў намінацыі “Арыгінальны жанр”. Тады гэты хлапчуковы калектыў называўся “ДМБ”. З таго часу мы і сталі прымаць актыўны ­ўдзел ва ўсіх конкурсах, фестывалях, мерапрыемствах, якія праводзяцца ў горадзе, вобласці, краіне. У нашых канцэрт­ных выступленнях пачалі прымаць удзел і дзяўчаты, і “ДМБ” стаў называцца “Экстрымам”. А ўжо ў межах “Экстрыму” з цягам часу выкрышталізавалася выключна хлапчуковая група Х-men (першаадкрывальнікамі тут былі Максім Манвялян, Іван Пашковіч, Аляксандр Шмур’еў), удзельнікі якой у арыгінальнай форме паказваюць сілавыя практыкаванні з гірамі і штангай, з элементамі воркаўта і рукапашнага бою (раней у каледжы існавала секцыя “Рукапашны бой”, а цяпер працуе секцыя “Атлетычная гімнастыка”), з надзьмуваннем і лопаннем грэлак, з ірваннем ланцугоў і непатрэбных спісаных кніжак, з хаджэннем па шкле, нават кіданнем нажоў… Дарэчы, у  практыкаваннях са шклом і нажом мы прытрымліваемся строгіх мер бяспекі. У нашай практыцы яшчэ ніколі не было, каб нехта парэзаўся. У нашых хлопцаў выключнае самавалоданне і цвярозая галава.

Канечне, усё прыходзіла паступова. Быў час, калі ў сувязі з матэрыяльнымі цяжкасцямі (не хапала гір на ўсіх хлопцаў), мы нават пускаліся на розныя хітрыкі, напрыклад, замест гір выкарыстоўвалі двухлітровыя пластыкавыя бутэлькі з-пад мінералкі, у якія засыпалі пясок! Але з цягам часу пера­адольваліся ўсе цяжкасці, прыходзіла тэхнічнае майстэрства, вучылася як кіраўнік я сама — і ў саміх навучэнцаў, і па інтэрнэце… Цяпер я ўжо ведаю ўсе тонкасці кручэння гір! Праўда, сама не кручу! (Смяецца. — М.Ч.) Але мы не спыняемся і працягваем прыдумваць новыя сілавыя нумары.

І трэба сказаць, што з нашымі хлопцамі мы дасягнулі са­праўды вялікіх поспехаў. Гэта 1-я месцы на фестывалі “АРТ-вакацыі”, гарадскім конкурсе “Аршанскі першацвет” і інш. Некаторыя мае выхаванцы нават звязалі сваю прафесійную кар’еру са спортам. Так, пасля заканчэння каледжа Максім Манвялян паступіў на дзённае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, а Іван Пашковіч — у Віцебскі ўніверсітэт імя П.Машэрава.

Калі ж вярнуцца да танцавальна-спартыўнага калектыву “Экстрым”, то і тут мы стараемся заўсёды зрабіць нешта новае. Вельмі часта навучэнцы самі падказваюць мне цікавыя ідэі, а гэта ж усё звычайныя маладыя людзі, якія ніколі прафесійна не займаліся танцамі!

Нашы рэпетыцыі, пастановачная работа, канцэрты, спектаклі, пазаўрочныя мера­прыемствы маюць адну мэту — вучыць, развіваць, выхоўваць, фарміраваць. І абавязкова цесна пераплятаюцца паміж сабой. Але без творчасці любая праца ператвараецца ў нудны занятак, што педагогіцы проціпаказана асабліва. Стараюся заўсёды запаліць у вучнях агонь творчага спаборніцтва і ініцыя­тывы, ставячы перад імі зразумелыя перспектыўныя мэты і цікавыя творчыя задачы. У рабоце з імі дзейнічаю рашуча і зага­дзя ўяўляю вынік, да якога трэба прыйсці. І мне здаецца, што навучэнцы ахвотна займаюцца ў нашым калектыве, любяць яго. Яны імкнуцца ўсюды прапагандаваць танцавальную культуру, з задавальненнем ­выступаюць на ўсіх мерапрыемствах, часта падыходзяць да мяне з просьбай падкарэкціраваць нумары для сваіх выступленняў, а гэта паказчык сфарміраванай патрэбнасці ў самастойнай творчай дзейнасці. Мае выхаванцы і з X-men, і з “Экстрыму” — няхай і не прафесійныя танцоры ды спартсмены, але ўсе яны захопленыя, творчыя, самастойныя, добрыя, вясёлыя асобы. “Трэба радавацца кожнаму дню, трэба ісці наперад і не спыняцца” — гэта агульны наш з імі дэвіз па жыцці”.

А цяпер слова некаторым навучэнцам.

Аляксандр Шчамялёў (3 курс): “Перад тым як трапіць у спартыўны калектыў X-men, я займаўся ў трэнажорнай зале, дзе ўдзяляў увагу не толькі сілавым практыкаванням, але і жангліраванню гірамі. Таццяна Іванаўна мяне адразу заўважыла сярод навучэнцаў і прапанавала падрыхтаваць сцэнічны нумар яшчэ з якім-небудзь хлопцам. Маім напарнікам стаў аднакурснік Уладзіслаў Катуеў. І гэта было здорава! На “АРТ-вакацыях” і “Аршанскім першацвеце” мы ўразілі публіку. Ці цяжка гэта — паказваць нумары са штангай, з гірамі? Безумоўна, без трэніровак нічога не атрымаецца. Вы ж разумееце, што гіра важыць 16 кілаграмаў, яе трэба грацыёзна вывесці на ўзровень галавы, сто разоў перакруціць і выкруціць, а потым злавіць на ўзроўні грудзей. Без падрыхтоўкі, без ведання законаў гравітацыі гэта немагчыма. На месцы мы не стаім, а ўжо рыхтуемся да новага фестывалю — “АРТ-вакацыі”. Задумалі, здаецца, вельмі цікавы нумар, але які — не скажу. Няхай гэта будзе сакрэт для гледачоў”.

Сяргей Тараканаў (4 курс): “Мне вельмі падабаецца стыль выкладання Таццяны Іванаўны. Гэта выраз­насць, далікатнасць і разам з тым настойлівая патрабавальнасць. Яна ўмее і пахваліць, і зрабіць строгую заўвагу, паказаць твае канкрэтныя памылкі.

Цімур Касцюковіч (2 курс): “Летась 1 верасня Таццяна Іванаўна прапанавала мне пайсці ў танцавальны гурток “Экстрым”, і я адразу пагадзіўся, бо і раней крыху займаўся брэйкам. Памятаю, на першых занятках яшчэ падумаў: “Злая цётка нейкая!” Але ўжо праз два тыдні зразумеў, што на самай справе яна рэальна вясёлы і добры чалавек, з ёй ніколі не засумуеш — ні на ўроках фізкультуры, ні на рэпетыцыях… Яе любімае слова, калі хоча пахваліць, — “бібікі”! А калі хоча настроіць на сур’ёзны лад, камандзірскім голасам загадвае: “Ану, усе ўсталі!” І, як ні дзіўна, мы ўсе яе слухаемся”.Уладзімір Валевіч (1 курс): “Я прымаў удзел у конкурсе талентаў Тalant.by, які штогод праходзіць у каледжы для навучэнцаў груп новага набору. Мне вельмі спадабалася высту­паць, і я вырашыў працягнуць займацца харэаграфіяй у танцавальнай калектыве “Экст­рым”. У нас вельмі дружны калектыў. Рэпетыцыі праходзяць кожны ты­дзень пасля вучэбных заняткаў. Першы раз (у лістапа­дзе 2017 года) я прымаў ­удзел у раённым конкурсе сярод сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў “Творчы рынг” у Доме культуры чыгуначнікаў, дзе мы занялі прызавое месца. Для мяне гэта вельмі добры вынік, бо я ў АДМЭК першы год, а ўжо ўдзельнічаю ў такіх маштабных мерапрыемствах. У вольны час займаюся музычнай творчасцю. Я вельмі рад, што трапіў у гэты танцавальны калектыў”.

Ягор Сапега (1 курс): “Я даўно хацеў займацца танцамі. Паступіўшы ў АДМЭК, даведаўся, што мой куратар Таццяна Іванаўна Мурашка кіруе калектывам “Экстрым”. Я адразу запісаўся да яе. З першых дзён мне вельмі спадабалася працаваць у гэтым дружным і згуртаваным калектыве. За той час, што вучуся ў каледжы, прымаў удзел у раённым конкурсе “Творчы рынг”, у фестывалі вучнёўскай моладзі
Talant.by. Практычна кожныя выхадныя бяру ўдзел у праф­арыентацыйнай рабоце. Мне вельмі падабаецца выступаць на сцэне, бо так можна пака­заць сябе, здзівіць гледача, рассмяшыць яго чымсьці. На працягу наступных гадоў планую таксама развівацца ў гэтым кірунку, бо атмасфера ў калектыве вельмі спрыяльная”.

Максім Мядзведзеў (2 курс): “Калі я паступіў у АДМЭК, у мяне не было мэты заняцца танцамі. Усё пачалося з таго, што Таццяна Іванаўна Мурашка на адным з урокаў фізічнай культуры і здароўя сказала мне, што ў мяне добрая пластыка, і запрасіла ў “Экст­рым”. Я доўга думаў, ці запісвацца ў калектыў, бо баяўся, што гэта можа дрэнна паўплываць на маю паспяховасць, а таксама таму, што раней ніколі не займаўся танцамі. Але вырашыў рызыкнуць і ўжо другі год з’яўляюся танцорам “Экстрыму”. Ні разу пра гэта не пашкадаваў. Мы кожную суботу выступаем перад навучэнцамі школ падчас дзён адкрытых дзвярэй, ездзім выступаць у іншыя гарады нашай краіны. І, дарэчы, як аказалася пазней, танцы не перашкодзілі мне ў вучобе. Два гады запар я займаю 2-е месца на гарадской алімпіядзе па гісторыі, прымаю актыўны ўдзел у жыцці каледжа. Магу з упэўненасцю сказаць, што “Экстрым” не збіраецца спыняцца на дасягнутым і будзе радаваць наш дарагі АДМЭК новымі дасягненнямі!”

Х-end

Я ўжо збіраўся развітвацца з каледжам і яго Ікс-насельнікамі, але ў апошні момант узнікла ідэя зрабіць фота навучэнцаў Ікс-АДМЭК на памяць, прычым папрасіў хлопцаў і дзяўчат з калектыву “Экстрым” не статычна пазіраваць для кадра, а ў якім-небудзь элеменце з іх танца. Сшыхтаваліся, адзін хлопец стаў на рукі, а ногі ўскінуў уверх, як у момант брэйка.

Я шчоўкнуў засаўкай — ­адзін раз, другі, трэці… пакуль не з’явіўся нармальны здымак. А гэты хлопец усё так і стаяў на руках і спрабаваў нават усміхацца мне ў аб’ектыў.

Гэта на самай справе неверагодна цяжка — стаяць на руках з ускінутымі дагары нагамі. Неспрактыкаваны чалавек ніколі не зробіць гэтага. Шчыра кажучы, вярнуўшыся ў Мінск, я сам паспрабаваў зрабіць нешта падобнае. Максімум, на што мяне хапіла, пратрымацца ў стойцы адну секунду. А гэты хлопец застыў у такой позе на добрыя 10 секунд. І гэта было не ў экстазе танца, а вось так, знянацку, спецыяльна на камеру… Тут патрэбны стальныя Ікс-мышцы, стальныя Ікс-нервы і вялікае-вялікае — не абавязкова стальное — Ікс-сэрца. Гэта могуць толькі Х-men ці X-treme.

Калі я закончыў здымку, Ікс-дзяўчына ў байцы а-ля цяльняшка падышла да яго, мякка абвіла рукою за шыю, пяшчотна пацалавала: “Ты малайчына! Ты мой герой! Я кахаю цябе, я табой ганаруся”.

І мне было неверагодна прыемна глядзець на гэтых двух прыгожых маладых людзей з Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа, якія ўжо ў самым маладым узросце так цэняць адно аднаго, па-свойму, па-юначы, але з вялікай доляй мудрасці адчуваюць і разумеюць, што такое вытрымка, мужнасць, адказнасць…

“Яны — пара”, — ціхенька шапнула мне на вушка Таццяна Іванаўна Мурашка.

І я веру, што ў іх жыцці, як і ў жыцці ўсіх астатніх людзей, з якімі мне давялося пагутарыць у АДМЭК, усё будзе добра.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і з архіва Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа.