Мадэрнізацыя і рамонт

- 9:30Сацыяльны ракурс

Будынак сярэдняй школы № 3 Глыбокага, што на Віцебшчыне, быў уведзены ў эксплуатацыю яшчэ ў 1977 годзе. Але старыя пабудовы абнаўляюцца і мадэрнізуюцца, што істотна ўплывае не толькі на аблічча школы, але і на магчымасці педагагічнага працэсу ў розных яго кірунках.

Справа ў тым, што школа прымае ўдзел у праекце “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Для забеспячэння спектра сацыяльных паслуг у адпаведнасці з запытамі мясцовага насельніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця заключана пагадненне аб пазыцы, па ўмовах якога банк фінансуе частку мерапрыемстваў праекта. 3-я глыбоцкая школа стала адной з пляцовак рэалізацыі праекта.

— У нас мерапрыемствы праекта рэалізоўваюцца па некалькіх напрамках, — расказвае дырэктар школы Святлана Яўгенаўна Бародзіч. — Гэта аснашчэнне і рамонт кабінетаў біялогіі, тэхнічнай працы, абслуговай працы, лагапедычнага кабінета. Таксама мы запланавалі рамонт харчовага блока з заменай састарэлага тэхналагічнага энергаёмістага абсталявання, рамонт спартыўных залаў — іх у нашай установе тры.

Для правядзення гэтых работ Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця выдаткоўвае школе 695 тысяч еўра. Другая частка мерапрыемстваў фінансуецца з бюджэту, бо праект мадэр­нізацыі прадугледжвае работы, якія не фінансуе банк, але правядзенне якіх неабходна для бяспечнага і камфортнага знаходжання навучэнцаў у школе. Гэта капітальны рамонт даху, мадэрнізацыя інжынерных сістэм, устаноўка маланка­абароны, розныя проціпажарныя мерапрыемствы. Кошт пералічаных работ складзе каля 1 млн 100 тысяч рублёў.

— Зараз Нацыянальны інстытут адукацыі выбірае падрадныя і інжынерныя арганізацыі, пасля чаго будуць канкрэтызаваны тэрміны рэалізацыі мерапрыемстваў, — гаворыць кіраўнік навучальнай установы. — Работы па рамонце і мадэрнізацыі школы за кошт сродкаў пазыкі плануецца завяршыць у 2022 годзе.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва сярэдняй школы № 3 Глыбокага.