Май. Перамога. Кветкі

- 12:14Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Перамога і кветкі — гэтыя два паняцці неразрыўныя. Нездарма сімваламі маштабных сёлетніх праектаў сталі бэз і яблыневы цвет. Менавіта іх водар 70 гадоў назад змяніў удушлівы пах гару і попелу над спаленай вайной Беларуссю. Напрыканцы мінулага тыдня сваё бачанне ўвасаблення Перамогі прадставілі юнакі і дзяўчаты падчас фіналу Рэспубліканскага конкурсу юных фларыстаў “Кветкі Перамогі”.

На працягу двух дзён мовай соцень кветак юныя фларысты расказвалі пра свае эмоцыі, у іх пялёсткі ўкладвалі словы падзякі героям і віншаванні тым, каму пашчасціла жыць пад мірным небам. Свае творы навучэнцы прадстаўлялі ў трох намінацыях. Самая маштабная — “Вясна. Кветкі. Перамога”. Гэта кампазіцыі ў вольным стылі, якія могуць стаць часткай інтэр’ера, а могуць упрыгожваць школьны двор ці парк. Зоркі, Вечны агонь, дрэвы памяці — усё тое, што адлюстроўвае характар ваеннага часу. Сваёй індывідуальнасцю адзначана работа каманды з Магілёва, а самая эмацыянальная падача прадэманстравана ў кампазіцыі каманды са Светлагорска. Але лепшай стала работа Мікіты Бусла са Светлагорскага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі. Шасцікласнік ужо два гады захапляецца фларыстыкай. Ідэя гэтай работы ўзнікла, калі ён чарговы раз завітаў да сваёй бабулі ў госці. Сямейныя каштоўнасці — чамадан з фотаздымкамі, бабулін шаль і іншыя яе рэчы — сталі асновай кампазіцыі. Нават журы ўзяло сабе на заметку некалькі Мікітавых знаходак, напрыклад, гільзы замест прабірак для адзіночных кветак.
“Мая бабуля шмат памятае пра вайну, хоць ёй тады было ўсяго 10 гадоў, — гаворыць Мікіта. — Мы з ёй часта адкрываем ваенны чамадан з фотаздымкамі, пераглядваем іх. Я шмат ведаю пра салдат са здымкаў, многія з іх — мае продкі. Дзякуючы гэтым і іншым салдатам, мы жывём, радуемся, захапляемся кветкамі, творчасцю”.
Не пашкадавалі фантазіі і тыя фларысты, якія стваралі свае букеты ў намінацыі “Слава героям!”. Каманда з Гомеля вылучылася цікавымі рукатворнымі элементамі, а Вераніка Усачова і Софія Аўдзяёнак з Гродзенскага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра падкупілі журы і ўсіх прысутных эмацыянальнай выразнасцю сваёй работы і яркім раскрыццём тэмы.
Паказ фларыстычных мадэлей “Вясна 45-га года” праходзіў у Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспа” і выклікаў вялікі інтарэс у наведвальнікаў Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. Юныя мадэльеры-фларысты паспрабавалі адчуць стыль той вясны, яе настрой — смутак ці радасць, чаканне ці надзею — і перадаць гэта ў аксесуарах. Дапаўнялі фларысты свае мадэлі бранзалетамі і брошкамі, сумачкамі, арыгінальнымі дзявочымі капялюшыкамі з вуаллю. Пераможцамі сталі Ганна Пазняк і Анжаліна Маркоўкіна з Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства.
“Прыемна, што многія аўтары, перш чым рыхтаваць свае мадэлі, чыталі літаратуру, вывучалі гісторыю моды, даведаліся, напрыклад, што ў сярэдзіне 50-х папулярнасцю карысталіся штучныя кветкі, і выкарысталі іх у сваіх работах, — гаворыць старшыня журы майстар-фларыст міжнароднага класа Мікалай Даніловіч.
Разам з тым і Мікалай, і яго калега Лора Белабровік адзначылі, што, беручы пад увагу той узровень, з якога пачынае зараджацца беларуская фларыстыка, ужо ў найбліжэйшым будучым мы можам спадзявацца на яе росквіт, бо патэнцыял сённяшніх юных фларыстаў вельмі натхняльны.

Святлана НІКІФАРАВА.