Маладым педагогам — усебаковая падтрымка

- 12:12Адукацыйная прастора

У сферы адукацыі кадры, педагогі — асноўны складнік эфектыўнай і паспяховай работы. У навучальных установах Магілёва кадравым пытанням аддаецца першачарговая ўвага. Асабліва дасканала працуюць з маладымі педагогамі. Дапамога маладым настаўнікам у іх прафесійным станаўленні — усюды адна з прыярытэтных задач.

Традыцыйнымі ў горадзе сталі сустрэчы з пачынаючымі настаўнікамі. Форум “Малады настаўнік: ад цікавасці да поспеху” аб’яднаў звыш ста маладых спецыялістаў, якія толькі прыступілі да работы ва ўстановах адукацыі.

Мерапрыемства прайшло на базе сярэдняй школы № 45 абласнога цэнтра. Для пачынаючых педагогаў гэты дзень стаў насычаным на падзеі: экскурсіі, майстар-класы, адкрыты дыялог. Маладыя спецыялісты падрабязна пазнаёміліся з работай 45-й школы, а таксама дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 8. Для іх гэта быў каштоўны вопыт, бо гэтыя навучальныя ўстановы штогод уваходзяць у лік лідараў працоўнага спаборніцтва па сацыяльна-эканамічным развіцці. Маладыя настаўнікі наглядна ўбачылі, як можна ператварыць звычайны вучэбны кабінет у творчую лабараторыю ці стварыць у групе дзіцячага сада аптымальнае прадметна-развіццёвае асяроддзе.

Форум працягнуўся адкрытым дыялогам. Акрамя маладых педагогаў, удзел у ім прынялі намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Людміла Здорыкава, начальнікі ўпраўленняў і аддзелаў па адукацыі горада. На пачатку гутаркі прыстуных азнаёмілі з вынікамі анкетавання, у якім паўдзельнічалі маладыя спецыялісты. Як высветлілася, звыш 80% выбралі сваю прафесію свядома, 88% лічаць, што ва ўстановах адукацыі, дзе яны працуюць, створаны неабходныя ўмовы для якаснага навучання і выхавання дзяцей.

— Вельмі прыемна, што большасць з вас зрабілі свой прафесійны выбар свядома, бо ў вашых руках будучыня нашай краіны. Вы павінны разумець, што ў настаўніцкай працы галоўнае — любіць дзяцей і быць з імі сумленным. Толькі тады магчыма іх чаму-небудзь навучыць. Не менш важныя для прафесійнага поспеху працавітасць і творчасць. Будзьце актыўнымі, ініцыятыўнымі — і тады будзеце атрымліваць ад працы сапраўднае задавальненне і адпаведную ацэнку, — звярнулася з прывітальным словам да маладых педагогаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Людміла Здорыкава.

— У Магілёве створаны ўсе ўмовы для самарэалізацыі маладых людзей. Для моладзі адчынены ўсе дзверы, таму стаўце перад сабой амбіцыйныя планы і ажыццяўляйце іх. І вучыце дзяцей так, каб яны кожны ўрок пакідалі з высокім запасам ведаў, з удзячнасцю ўспаміналі пра вас, — матывавала маладых настаўнікаў намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка.

Падтрымцы маладых педагогаў у Магілёве сапраўды ўдзяляецца вялікая ўвага. З першых крокаў у прафесіі за маладымі спецыялістамі замацоўваецца настаўнік — вопытны педагог, які аказвае дапамогу ў канструяванні ўрока, падборы метадычнага і дыдактычнага матэрыялу, вядзенні нарматыўных дакументаў. У кожнай навучальнай установе ствараюцца аптымальныя ўмовы для паспяховай прафесійнай адаптацыі маладых спецыялістаў, іх замацаванні на працоўным месцы. Акрамя таго, у горадзе функцыянуюць пяць школ маладога настаўніка. Яны падзелены па профілях: прыродазнаўча-матэматычны, замежных моў, настаўнікаў-дэфектолагаў, выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, педагогаў-арганізатараў, сацыяльных педагогаў і псіхолагаў.

— Задачы, якія мы ставім перад сабой: дапамагчы маладому педагогу замацавацца на працоўным месцы, развіць свае здольнасці, дасягнуць пэўных вынікаў у працы. Але і самім маладым педагогам неабходна імкнуцца да назапашвання працоўнага вопыту, не саромецца задаваць пытанні і атрымліваць на іх адказы. Для прафесійнага поспеху важна ніколі не спыняцца ў прафесійным развіцці, а таксама не забываць пра тое, што наша прафесія вельмі ўдзячная, бо мы пакідаем пэўны след у душах дзяцей, якіх вучым і выхоўваем, — адзначыла начальнік упраўлення па адукацыі Магілёўскага гарвыканкама Ірына Рыбакова.

Падчас дыялогу маладыя настаўнікі маглі звярнуцца да прадстаўнікоў органаў кіравання адукацыяй з любым пытаннем. Пачынаючых педагогаў хвалявалі сацыяльныя гарантыі, сістэма аплаты працы, бытавыя моманты. Адметна, што многія звароты разглядаліся і пытанні вырашаліся на месцы.   

Дарэчы, усебаковая падтрымка пачынаючых педагогаў станоўча ўплывае на іх замацаванне. Каля 90% маладых кадраў стабільна застаюцца працаваць на сваім першым рабочым месцы, вырашыўшы звязаць з Магілёвам асабістае і прафесійнае жыццё.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.