Маладыя для малых

- 10:24Якасць адукацыі

Яны самі не так даўно скончылі школу, а таму як ніхто іншы разумеюць навучэнцаў, іх адносіны да вучобы, эмоцыі і жаданні. Маладыя педагогі пачатковай школы з усіх куткоў краіны і нават студэнты старшых курсаў педагагічных універсітэтаў, якія толькі рыхтуюцца стаць настаўнікамі, паказалі сваё прафесійнае майстэрства падчас удзелу ў Рэспубліканскім конкурсе “Творчасць маладых педагогаў”. Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу адбылася 12 лютага ў рамках ХХІІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.

Конкурс, арганізаваны рэдакцыяй часопіса “Пачатковая школа”, доўжыўся з апошняга месяца мінулага года і да канца студзеня. За гэты час удзельнікі падрыхтавалі і прадставілі на суд журы свае распрацоўкі іпадрабязныя планы правядзення ўрока ў трох намінацыях: “Дыдактычны сцэнарый урока”, “Выхаваўчае мерапрыемства” і “Працуем у беларускамоўнай школе”.
У склад журы, якое сярод работ 58 удзельнікаў павінна было выбраць лепшыя, уваходзілі супрацоўнікі рэдакцыі “Пачатковай школы”, Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі і Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Журы ацэньвала работы зыходзячы з крытэрыяў арыгінальнасці матэрыялу, адпаведнасці асноўным палажэнням педагогікі, псіхалогіі, вучэбнай праграме і, вядома ж, наяўнасці цікавых прыёмаў, іх мэтанакіраванасці, а яшчэ выкарыстання сучасных педагагічных інфармацыйных тэхналогій. “Мэта конкурсу — павышэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі, — паведаміла загадчыца рэдакцыі часопіса “Пачатковая школа” Алена Генрыхаўна Сугака, — а яшчэ актывізацыя дзейнасці ўстаноў адукацыі па стымуляванні прафесійнага росту маладых педагогаў”.
Для кожнай намінацыі журы выдзеліла тры прызавыя месцы, згодна з якімі пераможцам былі ўручаны дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені, а таксама сертыфікаты на набыццё літаратуры выдавецтва-арганізатара. У намінацыі “Дыдактычны сцэнарый урока” 1-е месца заняла распрацоўка ўрока матэматыкі ў 3 класе, падрыхтаваная будучымі, але ўжо таленавітымі настаўнікамі, якія з’яўляюцца студэнтамі 4 курса БДПУ імя Максіма Танка, — Марыяй Быкоўскай, Юліяй Талай, Веранікай Шымко. Распрацоўка класнай гадзіны “Вандраванне ў краіну дзіцячага права” настаўніцы сярэдняй школы № 40 Магілёва Алены Віктараўны Шытнікавай стала лепшай у намінацыі “Выхаваўчае мерапрыемства”. А вось любіць родную мову дзяцей вучыць настаўніца Вербавіцкага дзіцячага сада — базавай школы Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці Настасся Васільеўна Данчыкава, якая стала пераможцай у намінацыі “Працуем у беларускамоўнай школе”.
Павіншавала маладое пакаленне з заслужанай перамогай начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Іванаўна Пшанічная. Акрамя дыпломаў і сертыфікатаў, пераможцы атрымалі білеты на пастаноўкі Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача і наведванне экспазіцый Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Алеся УШАКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.