Маладыя прафесіяналы Брэстчыны

- 11:21Якасць адукацыі

На Брэстчыне вызначылі лепшага маладога настаўніка вобласці. Ім стаў настаўнік фізікі Канстанцін Уладзіміравіч Кавалевіч з сярэдняй школы № 3 Бярозы.

У раённых і занальных этапах абласнога конкурсу “Малады настаўнік Брэстчыны” прынялі ўдзел больш за 100 чалавек. Арганізатарамі спаборніцтва, якое праводзілася з мэтай выяўлення творчых педагогаў і падтрымкі іх прафесійнага росту, выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны ІРА.
— Прыняўшы ўдзел у конкурсе прафесійнага майстэрства, маладыя педагогі даказалі родным, сябрам і калегам, што прыйшлі ў сістэму адукацыі назаўсёды, — адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі М.А.Ціханчук. — Толькі мэтанакіраваныя людзі выбіраюць педагогіку ў якасці прафесійнай дзейнасці. Сучасныя маладыя настаўнікі вызначаюцца добрай эрудыцыяй, творчым пошукам і высокай матывацыяй. Кожны педагог павінен разумець, што прыйшоў у школу дзеля будучыні дзяцей.
У заключным этапе абласнога конкурсу, які праходзіў на базе Брэсцкага абласнога ІРА, удзельнічалі 6 педагогаў: настаўніца нямецкай мовы Алена Віктараўна Асарчук з сярэдняй школы № 20 Брэста, настаўніца пачатковых класаў Ірына Мікалаеўна Каляда з Дзмітравіцкай сярэдняй школы Камянецкага раёна, настаўніца нямецкай мовы Наталля Васільеўна Аляхновіч з Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Васільеўна Ярмольчык з Дубаўскай сярэдняй школы Лунінецкага раёна, настаўнік фізікі Канстанцін Уладзіміравіч Кавалевіч з сярэдняй школы № 3 Бярозы і настаўніца англійскай мовы Настасся Аляксееўна Каравайцава з ліцэя № 1 Баранавіч.
Фінальная праграма складалася з 3 конкурсных выпрабаванняў: педагагічнай размінкі “Добрае і вечна ззяючае святло: дзіцячае пытанне — і дарослы адказ”, сцэнічнага дыялогу маладога настаўніка і яго куратара “Урок — твор думкі і творчасці” і музычнага спаборніцтва “Мне музыка дыктуе верны ход”.
Падчас педагагічнай размінкі канкурсанты адказвалі на пытанні, падрыхтаваныя вучнямі сярэдняй школы № 31 Брэста: “У роце чалавека каля 40 тысяч бактэрый. Але людзі цалуюцца і не баяцца гэтага. Ці бяспечна гэта?”, “Чаму кацяня маленькае, а ўжо з вусамі?”, “Кажуць, што дзяўчаты павінны выглядаць стройнымі, як лань. Але гэтая жывёла важыць 150 кілаграмаў. Што рабіць?”, “Ці хацелі б вы быць паслом добрай волі ААН? Што б вы прапаведавалі?” і інш. Журы ацэньвала ўменне хутка рэагаваць на пастаўленыя пытанні і адгукацца на гумар, пераканаўчасць адказаў і здольнасць выказвацца ясна і дакладна. Трэба адзначыць, што яркіх выступленняў было мала.
Конкурснае заданне “Урок — твор думкі і творчасці” ўяўляла сабой 5—7-хвілінны сцэнічны дыялог маладых настаўнікаў і іх куратараў, падчас якога закраналіся пытанні прафесійнага станаўлення і педагагічнага майстэрства. Адчуваўся моцны тандэм маладосці і вопыту. Было зразумела, што кожнаму ўдзельніку ёсць да каго звярнуцца па якасную і хуткую дапамогу ў прафесійнай дзейнасці. Сталыя калегі ахвотна дзеляцца каштоўным вопытам з тымі, хто ў аддаленай будучыні прыйдзе ім на змену.
Конкурснае выпрабаванне “Мне музыка дыктуе верны ход” з’яўлялася дамашнім заданнем. Удзельнікам загадзя былі названы 6 музычных твораў, якія патрабавалася ўважліва праслухаць, каб вызначыць магчымасці іх выкарыстання на ўроках і ў выхаваўчай рабоце ў якасці дыдактычнага сродку. Журы ацэньвала правільнасць вырашэння адукацыйнай сітуацыі з прымяненнем музыкі, здольнасць канкурсантаў суадносіць музыку з канкрэтнымі вобразамі, паняццямі і фактамі.
Падводзячы вынікі конкурсу, старшыня журы першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі А.Ф.Жук выказаў падзяку ўдзельнікам спаборніцтва і іх дружным камандам за добрую падрыхтоўку, выказаў упэўненасць, што маладыя педагогі не расчаруюцца ў прафесіі і застануцца ў ёй надоўга, прынясуць шмат карысці адукацыйнай галіне Брэстчыны.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.