Маладзёжны фармат: ярка, нестандартна, таленавіта

- 17:42"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў

Лепшыя творчыя калектывы, аўтары, індывідуальныя выканаўцы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Віцебшчыны сустрэліся ў фінале абласнога этапу фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі-2019”, які прайшоў 4 красавіка ў Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі.

Сёлета Паўночны рэгіён тройчы прымае “АРТ-вакацыі”: старт ім быў дадзены ў Оршы падчас рэспубліканскага свята “Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2019”, затым творчую эстафету прынялі Гомельшчына, Мінск і Брэстчына, наперадзе — гала-канцэрты ў Магілёўскай, Гродзенскай і Мінскай вобласці; заключны этап фестывалю адбудзецца ў маі ў Оршы. Як паведаміла загадчык аддзела арганізацыйна-масавай работы Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Святлана Навічэнка, у гэтым годзе ў занальных турах “АРТ-вакацый” прыняло ўдзел больш за 2000 навучэнцаў з 39 устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці. Пераможцы атрымалі магчымасць прадставіць сваю творчасць рэспубліканскаму журы. У праграму фінальных мерапрыемстваў абласнога этапу фестывалю, прысвечаных 75-й гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Году малой радзімы, былі ўключаны відэадэманстрацыя лепшых тэматычных канцэртных праграм устаноў адукацыі, работ пераможцаў абласных этапаў інтэрактыўнага праекта “Рэцытацыя” і конкурсу сучаснай лічбавай творчасці “Арт-партал”, а таксама выстава фіналістаў абласнога конкурсу інфармацыйна-метадычных распрацовак культурна-адпачынкавых мерапрыемстваў для навучэнскай моладзі “Крэон” і сцэнарных распрацовак тэматычных канцэртных праграм агляду-конкурсу “АРТ-вакацыі”. Свой сюрпрыз падрыхтавалі дыджэі і МС: моладзь з задавальненнем паўдзельнічала ў маштабным танцавальным флэш-мобе.

Нямала цудоўных адкрыццяў і пазітыўных уражанняў падарыў гледачам гала-канцэрт пераможцаў і прызёраў абласнога этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў, ганаровымі гасцямі якога сталі старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома і дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка, прадстаўнікі абласных органаў дзяржаўнага кіравання, устаноў вышэйшай адукацыі, кіраўнікі ўстаноў ПТА і ССА, творчых калектываў вобласці. Феерычная дзея доўжылася на сцэне амаль тры гадзіны, але ўспрымалася яна на адным дыханні: настолькі арганічна і па-майстэрску была зрэжысіравана канцэртная праграма, настолькі цудоўна выступалі маладыя таленты.

Поўны тэкст матэрыяла чытайце ў Настаўніцкай газеце № 39, 9 красавіка.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.