Малая колькасць подпісаў тлумачыцца толькі адсутнасцю інтарэсу да кандыдата

- 11:26Выбары 2015

Апраўданне малой колькасці сабраных подпісаў з боку некаторых палітыкаў тым, што ў насельніцтва нібы адсутнічае інтарэс да выбараў, – гэта падмена паняццяў. Такое меркаванне выказала старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1”.

Адказваючы на пытанні, Лідзія Ярмошына згадзілася з тым, што малая колькасць подпісаў тлумачыцца адсутнасцю інтарэсу не да выбараў, а да саміх гэтых патэнцыяльных кандыдатаў.
Лідзія Ярмошына звярнула ўвагу, што на многія пікеты выстройваліся чэргі. У той жа час кіраўнікі некаторых партый “праспалі” пачатак выбарчай кампаніі. “Мала таго, што не змаглі сабраць подпісы, дык яшчэ і не здавалі іх. Гэта вельмі вялікая памылка, гэта неабдумана”, – адзначыла яна. Кіраўнік ЦВК дадала, што гэтыя палітычныя сілы цалкам мелі магчымасць “падняцца” ў ходзе кампаніі, цяпер жа гэтыя лідары рызыкуюць перайсці ў разрад маргінальных.
Таксама Лідзія Ярмошына пракаменціравала заяву аднаго з прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду Прэзідэнта Беларусі аб тым, што ён прыехаў на прадпрыемства, але там адмовіліся ставіць подпісы ў яго падтрымку, паколькі падтрымалі ўжо іншага чалавека. Кіраўнік ЦВК адзначыла, што па ўсіх цэнтральных тэлеканалах неаднаразова тлумачылі, што ставіць подпісы можна адразу за некалькі кандыдатаў. Таму, калі выбаршчык адмаўляецца падпісацца, апраўдваючы гэта тым, што ўжо аддаў свой подпіс, то гэта проста нежаданне пакрыўдзіць палітыка. “Доказы, якія ў падтрымку сваёй непапулярнасці прыводзяць названыя асобы, няслушныя. Значыць, вы не падабаецеся выбаршчыкам, значыць, вам не хочуць даць шанц”, – сказала кіраўнік ЦВК.
Акрамя таго, Лідзія Ярмошына нагадала, што здадзеныя подпісы яшчэ не правераны. “Мы не застрахаваны ад любых, магчыма негатыўных, момантаў, звязаных з прадастаўленнем недакладных подпісаў”, – сказала яна. Адказваючы на пытанне наконт таго, што рабіць патэнцыяльным кандыдатам у перыяд пасля збору подпісаў да рэгістрацыі, Лідзія Ярмошына, у прыватнасці, адзначыла: “Няхай пакуль рыхтуюць інтэлектуальныя матэрыялы: перадвыбарныя праграмы, выступленні”.