Захаваць і адрадзіць старажытную традыцыю борцевага пчалярства і выкарыстоўваць яе для развіцця турызму ў памежным рэгіёне Беларусі і Літвы — у Гродзенскай вобласці і ў рэгіёне Дзукія — такіх мэт плануюць дасягнуць падчас рэалізацыі міжнароднага праекта.
1 жніўня гэтага года стартаваў праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў рамках Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія — Літва — Беларусь” на 2014—2020 гады “Захаванне этнакультурнай спадчыны і развіццё турызму ў гістарычным рэгіёне, які вядомы борцевым пчалярствам”. Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам, яго агульны бюджэт складае 450 тысяч еўра.
— Удзельнікамі праекта з літоўскага боку з’яўляюцца Фонд прыроднай спадчыны, адміністрацыя Нацыянальнага парку “Дзукія” і запаведніка “Чапкеляй”. З беларускага боку — Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Беларускае грамадскае аб’яднанне “Экалагічная ініцыятыва”, Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Азёры” Гродзенскага раёна, — расказвае загадчык кафедры заалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл кіраўнік праекта з боку ГрДУ Вольга Янчурэвіч. — На працягу двух гадоў, а завяршыцца праект 31 ліпеня 2022 года, кожны яго ўдзельнік рэалізуе шэраг мерапрыемстваў. Так, на факультэце біялогіі і экалогіі ўніверсітэта з’явіцца сучасная лабараторыя па пчалярстве, якая будзе мець адпаведнае тэхнічнае абсталяванне, і тут будуць знаходзіцца некаторыя экспанаты, што адлюстроўваюць сутнасць пчалярства.
Супрацоўнікі ўніверсітэта падрыхтуюць два электронныя вучэбна-метадычныя комплексы для магістрантаў і студэнтаў, будуць праведзены семінары, выдадзена кніга “Борцевае пчалярства”. У праекце ўдзельнічаюць навукоўцы ГрДУ ў галіне біялогіі, гісторыі, турызму.
— Бортніцтва, а таксама збіральніцтва, паляванне і рыбалка з’яўляюцца самымі старажытнымі промысламі чалавека, — расказвае дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксей Загідулін. — Пчалярства, якое трансфармавалася з бортніцтва, не прайшло такой глыбокай тэхналагічнай мадэрнізацыі, як земляробства і жывёлагадоўля, і да гэтага часу з’яўляецца ілюстрацыяй традыцыйнага ладу жыцця чалавека. Пчала ў нашых продкаў была ў вялікай пашане. Гэта знайшло адлюстраванне ў духоўнай культуры беларусаў. У сваёй знакамітай прадмове да кнігі “Юдзіф” Францыск Скарына прыгадвае і пчол: «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птици, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя; рибы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають».
Гэты патэнцыял, які захаваўся да нашага часу, і будзе выкарыстаны ў галіне турызму. У заказніку “Азёры” плануюць стварыць інфармацыйна-рэсурсны цэнтр аб пчалярстве і яго гісторыі. Своеасаблівым музеем пад адкрытым небам стануць стэнды і вітрыны з інфармацыяй аб пчалярстве, будзе падрыхтавана прыродная выстава “Лясное пчалярства ў “Азёрах”.
Недалёка ад “Азёр”, у аграгарадку Парэчча, на працягу некалькіх гадоў працуе прадпрыемства “Мядовы шлях”, якое не толькі займаецца вытворчасцю каштоўнага прадукту, але і ажыццяўляе асветніцкую дзейнасць, праводзіць фестывалі па папулярызацыі мёду. Дырэктар прадпрыемства Вольга Гаўрылік, дарэчы, адзіны ў Беларусі мядовы самелье, стала знешнім экспертам праекта.
— Фестываль “Верасовы мёд”, які мы арганізавалі ў Парэччы, сабраў больш за 500 чалавек і прадэманстраваў вялікую зацікаўленасць яго ўдзельнікаў, — расказвае Вольга Гаўрылік. — Да нас прыязджаюць экскурсіі, мы праводзім майстар-класы па вырабе прадметаў з воску, расказваем пра мёд і яго каштоўныя ўласцівасці, робім дэгустацыі. Бачым, з якой цікавасцю наведвальнікі разглядаюць старажытныя борці і сучасныя вуллі, экспазіцыя якіх размешчана на тэрыторыі нашага прадпрыемства. Наступны фестываль запланаваны на 2021 год. Далучэнне да праекта дазволіць зрабіць фестываль больш цікавым і інфарматыўным.
Аб прасоўванні праекта паклапоцяцца спецыялісты аб’яднання “Экалагічная ініцыятыва”. Будзе створаны кароткаметражны фільм, падрыхтаваны буклеты, інтэрактыўны дадатак.
Планы і дзеянні кожнага ўдзельніка праекта былі абмеркаваны на стартавай сустрэчы, якая прайшла ў анлайн-рэжыме. Беларускі і літоўскі бакі расказалі аб гісторыі і стане сучаснага пчалярства ў Беларусі і Літве, аб мерапрыемствах і найбліжэйшых планах.
Удзельнікі праекта маюць намер адрадзіць старажытныя традыцыі пчалярства, зрабіць іх вядомымі і цікавымі для насельніцтва, стварыць трансгранічны маршрут, дзе будуць прадстаўлены традыцыі пчалярства, характэрныя для беларуска-літоўскага памежжа. Рэалізацыя праекта прадугледжвае рамонт старых і стварэнне новых пчаліных борцей, каб можна было наглядна ўбачыць традыцыі пчалярства, а таксама адчуць яго важнасць для мясцовай эканомікі. Мерапрыемствы ў рамках праекта будуць накіраваны і на навучанне гэтаму старажытнаму рамяству, а значыць, будуць падтрымліваць яго мясцовае развіццё.
— У Беларусі месцам культывавання традыцыйнага бортніцтва лічыцца Палессе. Лясное бортніцтва гэтага рэгіёна ў нашай краіне мае статус гістарычна-культурнай каштоўнасці, унесена ў рэспубліканскі спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, — працягвае Аляксей Загідулін. — Але і Гродзенскі рэгіён адзначаны гэтым старадаўнім промыслам. Для беларусаў дагляд пчол —адзін з элементаў нацыянальнай самаідэнтычнасці, які неабходна выкарыстоўваць у культурным і экалагічным турызме, у выхаваўчай рабоце з моладдзю.
Такім чынам, у хуткім часе кожны жадаючы зможа прайсці па сцежках ляснога пчалярства і даведацца пра такі важны прадукт, як мёд, традыцыі бортніцтва. Маленькая пчолка зможа адкрыць вялікія турыстычныя гарызонты.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.