Маленькімі крокамі да чаканай мэты

- 12:48Сацыяльны ракурс

Кантроль за расходаваннем сродкаў, кантроль за ўтрыманнем дзяцей, кантроль за падрыхтоўкай неабходных папер — на практыцы нярэдка ўсім гэтым замяняецца паняцце “суправаджэнне замяшчальных сем’яў”. Між тым бывае і інакш: падтрымка і навучанне, падказкі прыёмным бацькам для разумення сябе і сваіх выхаванцаў, дапамога ў выбудоўванні адносін паміж усімі членамі сям’і. Менавіта такім вопытам з нашым выданнем падзялілася Зінаіда Антонаўна Гаравец, педагог-псіхолаг Полацкага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

Прыёмныя бацькі, напэўна, часцей, чым іншыя прадстаўнікі педагагічнай прафесіі, адчуваюць на сабе наступствы прафесійнага выгарання. Прычын таму мноства: і пастаяннае сутыкненне з сямейнай нядобранадзейнасцю, і неверагодная адказнасць, і кругласутачны характар работы, і нярэдка неразуменне грамадскасцю іх справы. Выбрацца з гэтага лабірынта бясконцых спраў, узрушэнняў, негатыўных уражанняў самім замяшчальным бацькам часам проста немагчыма. І якраз тут на дапамогу ім павінны прыйсці супрацоўнікі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўстаноў адукацыі, упэўнена Зінаіда Антонаўна.
— Суправаджаць, паводле слоўніка Даля, — значыць ісці разам з кімсьці ў якасці спадарожніка або правадніка. Менавіта таму я імкнуся разам з прыёмнымі бацькамі на практыцы шукаць новыя шляхі выхаду з цяжкіх сітуацый, — зазначае спецыяліст.
Тут варта адзначыць, што ў раёне ажно 114 прыёмных сем’яў, дзе выхоўваюцца 189 дзяцей. А яшчэ ёсць і 95 апякунскіх сем’яў. І кожнай з іх неабходна падтрымка.
— У кожнай з іх, акрамя індывідуальных цяжкасцей — выбудоўвання адносін адно з адным, работы над асобаснымі псіхалагічнымі праблемамі дзяцей, ёсць і агульныя складаныя моманты. Так, шмат праблем у школе: да гэтага часу ва ўстановах адукацыі назіраецца неразуменне таго, што прыёмная сям’я — гэта добра, а прыёмныя бацькі — гэта калегі настаўнікаў. Прыёмным бацькам складана наладжваць узаемаадносіны з біялагічнымі бацькамі сваіх выхаванцаў: не ўсе родныя мамы і таты гатовы да гэтага, многія біялагічныя бацькі лічаць, што да дзіцяці неабходна ісці выключна з падарункам, не прымаючы пад увагу тое, што дзіцяці неабходны зносіны з імі. Наша задача — правільна арганізаваць такія зносіны, бо ў большасці выпадкаў яны ідуць на карысць дзяцей.
Іншымі словамі, у сваёй штодзённай дзейнасці прыёмныя бацькі працуюць не толькі на дзяцей, якія нярэдка маюць шэраг праблем, але і на грамадскасць, біялагічных бацькоў. Усё гэта патрабуе ад іх неверагодных сіл. Часам здараецца так, што, выгадаваўшы адно-двое прыёмных дзяцей, бацькі адмаўляюцца ад гэтай дзейнасці — складана фізічна і маральна. Але ж мы больш зацікаўлены ў дзейнасці вопытных прыёмных бацькоў — тых, хто не па чутках ведае, што гэта за справа. Таму і імкнёмся іх падтрымаць.
І, як паказвае практыка, найбольш эфектыўнымі ў гэтым з’яўляюцца інтэрактыўныя сумесныя заняткі замяшчальных бацькоў. Праўда, як адзначае спецыяліст, для гэтага даводзіцца ўвесь час шукаць новыя эфектыўныя метады.
— Тут дапамагае і супрацоўніцтва з грамадскімі арганізацыямі, напрыклад, для мяне карысным было ўзаемадзеянне з грамадскай арганізацыяй “Здаровы выбар”, якая прапаноўвае для работы цікавыя распрацоўкі і методыкі. Дапамагае і тэматычная літаратура, і інтэрнэт, і вопыт калег, — адзначае Зінаіда Антонаўна. — Але ўсё гэта неабходна адаптаваць пад уласныя ўмовы, пад сваю аўдыторыю. У большасці сваёй прыёмныя бацькі, асабліва тыя, для каго прыёмнае бацькоўства — адзіная працоўная дзейнасць, ідуць на інтэрактыўныя заняткі з задавальненнем. Вельмі дапамагаюць ім у дзейнасці зносіны з такімі ж прыёмнымі бацькамі. Так, адна наша прыёмная мама пэўны час вельмі шмат казала пра тое, што дзіця ў яе вельмі праблемнае, што ў яго шмат адхіленняў у паводзінах, вучобе і г.д. І толькі пасля некалькіх сумесных пасяджэнняў прыёмных бацькоў гэтая мама са здзіўленнем сказала: “А я думала, гэта толькі ў нас такія праблемы — аказваецца, нічога звышардынарнага ў нас няма. З усім гэтым можна і неабходна працаваць…”
Для вырашэння кожнай праблемы спецыялісты сацыяльна-педагагічнага цэнтра імкнуцца знайсці сваё рашэнне. Так, напрыклад, каб вырашыць праблему непрыняцця і неразумення школай дзяцей з прыёмных сем’яў (у большасці гэтых дзяцей ёсць цяжкасці ў вучобе, паводзінах), у раёне арганізавалі пастаянна дзеючы семінар-практыкум для класных кіраўнікоў “Прыёмнае дзіця ў вашым класе”.
— Мы загадзя агаворваем са школай дату і час, прыходзім ва ўстанову адукацыі, збіраем класных кіраўнікоў і праводзім гэты практыкум, — расказвае Зінаіда Антонаўна. — Падчас гэтых заняткаў класныя кіраўнікі атрымліваюць пэўную інфармацыю аб такіх дзецях, удзельнічаюць у практыкаваннях і трэнінгах — каб у іх было разуменне асаблівасцей гэтых дзяцей, разуменне таго, як наладзіць кантакт з такімі дзецьмі і іх сем’ямі. Гэта дае свае вынікі. Ужо зараз, нягледзячы на невялікі вопыт работы ў такім фармаце, мы заўважаем змены ў адносінах педагогаў да выхаванцаў з прыёмных сем’яў, у школах імкнуцца знайсці падыходы да гэтых дзяцей.
А для наладжвання сувязей прыёмных дзяцей і сем’яў з біялагічнымі сваякамі малых у раёне дзейнічае клуб для разлучаных дзяцей “Крынічка”.
— Першапачаткова клуб быў арганізаваны для дзяцей з адной біялагічнай сям’і, якія размешчаны ў розных прыёмных сем’ях — на жаль, раней такія выпадкі здараліся, — патлумачыла Зінаіда Антонаўна. — Праз некаторы час да работы гэтага клуба далучыліся і біялагічныя сваякі прыёмных дзяцей.
Галоўная мэта дзейнасці клуба — гэта, канечне ж, аднаўленне сям’і. На жаль, дасягнуць гэтага ўдаецца не заўсёды. Але немалаважна і тое, што проста наладжваюцца зносіны паміж дзецьмі і іх біялагічнымі бацькамі, сваякамі. Бо рана ці позна большасць дзяцей-сірот вернуцца на малую радзіму — там за імі замацавана жыллё. Яны павінны быць гатовы да зносін з роднымі, адэкватна і правільна рэагаваць на тыя ці іншыя праявы.
— Часта заўважаю, што калегам — педагогам школ, напрыклад, ды і прыёмным бацькам хочацца вельмі хуткіх вынікаў. У нашай дзейнасці гэтага проста не можа быць, — падкрэслівае спецыяліст. — Таму так неабходна навучыцца заўважаць самыя дробныя змены ў дзіцяці, сям’і, радавацца ім. Як капейка рубль беражэ, так і ў нашай сферы маленькія крокі прыводзяць да чаканай мэты.

Напрыканцы нашай размовы мы папрасілі Зінаіду Антонаўну падзяліцца на старонках нашай газеты сваімі напрацоўкамі — тымі практыкаваннямі, якія могуць дапамагчы ў штодзённай дзейнасці з прыёмнымі бацькамі і дзецьмі спецыялістам як сацыяльна-педагагічных цэнтраў, так і школ.

Практыкаванне “Таму што …” спрыяе павышэнню самаацэнкі прыёмных дзяцей, павышэнню ўпэўненасці прыёмных бацькоў у правільнасці выбудоўвання адносін з прыёмным дзіцем. Гэтае практыкаванне я выкарыстоўваю на пасяджэннях клуба “Крынічка”, пасяджэннях гасцёўні для прыёмных бацькоў.
Задача тых, хто ўдзельнічае ў трэнінгу, прадоўжыць фразы:
“Я добрае прыёмнае дзіця, таму што …”
“Я паспяховы прыёмны бацька, таму што …”
“Добры бацька, таму што …”
“Выбіраю прыёмнае бацькоўства, таму што …”
“Я цябе люблю, таму што …”
“Мы разам, таму што …”
“Маё дзіця лепшае, таму што …”
“Прыёмная сям’я патрэбна, таму што …”
“У прыёмнай сям’і выдатна, таму што …”
“Мне жывецца добра, таму што …”
Гэта добры спосаб прааналізаваць свае пачуцці, паводзіны, паглядзець праўдзе ў вочы і паспрабаваць убачыць тое, чаго не хапае ва ўзаемаадносінах.

Практыкаванне “Самы непрыемны чалавек” дапамагае па-іншаму паглядзець на людзей вакол сябе. Гэтае практыкаванне я выкарыстоўваю ў рабоце з маладымі спецыялістамі СППС, на пасяджэннях гасцёўні для прыёмных бацькоў, на пасяджэннях клуба для разлучаных прыёмных дзяцей “Крынічка”. Так мы апісваем самага непрыемнага чалавека:
Самы непрыемны чалавек у доме …
Самы непрыемны чалавек у класе …
Самы непрыемны чалавек у школе …
Самы непрыемны чалавек у сям’і …
Самы непрыемны чалавек, з якім я меў зносіны, …
Самы непрыемны чалавек у маім жыцці …
Самы непрыемны чалавек у свеце …
Калі гаварылі пра самага непрыемнага чалавека ў свеце, прыёмныя бацькі казалі пра біялагічных бацькоў прынятага ў сям’ю дзіцяці. Маладыя педагогі-псіхолагі казалі аб сваіх кіраўніках або пра бацькоў дзяцей. Прыёмныя дзеці казалі пра сяброў, настаўнікаў, некаторыя казалі пра сябе.

Практыкаванне “Насенне. Парастак. Жыццё”. Усе ўдзельнікі атрымліваюць па чатыры семені сланечніку. Кожнае з іх азначае адно з чатырох адчуванняў, якія сям’я ў той ці іншай ступені дае дзіцяці і якія ў той ці іншай ступені патрэбны яму.
Вядучы прапаноўвае:
— Падумайце, якія чатыры асноўныя адчуванні вы далі ці хацелі б даць дзецям, якія чатыры асноўныя адчуванні патрэбны дзецям.
Калі ўдзельнікі не могуць назваць 4 адчуванні, мы развіваем гульню па загадзя вызначаных адчуваннях. Так, для амерыканцаў гэтыя чатыры семені азначалі падтрымку, смеласць, любоў і актыўнасць. (Заўважце, якое тонкае адрозненне паміж любоўю і падтрымкай!)
Вядучы:
— На далоні ў вас “падтрымка”, “каханне”, “смеласць”, “актыўнасць”. Падумайце, адчуйце, як вам з гэтымі зернямі, з гэтым “капіталам” бацькоўскага дома, чаго вам не хапае, чаго вам хацелася б мець больш, што ў вас у лішку, чым можна падзяліцца з кімсьці іншым. Падумалі? Зразумелі? А зараз вы можаце прасіць у навакольных любое семя. І яны могуць у вас прасіць. Кожны робіць так, як хоча: просіць, што хоча, і аддае, што хоча; можна нічога не прасіць і нічога не аддаваць.
Усе падымаюцца з месцаў, пачынаюць прасіць зярняткі, аддаваць іх.
— Стоп! — кажа вядучы, і ўсе садзяцца на месцы з тым наборам зярнятак, які атрымаўся да гэтага моманту.
Такім чынам атрымліваецца цалкам жыццёвая мадэль. Выходзячы з бацькоўскага дома, мы валодаем нейкім наборам уласцівасцей, якасцей, а потым ва ўзаемадзеянні з іншымі штосьці знаходзім, штосьці губляем. Калі мы думаем пра сябе, пра дзяцей, пра блізкіх, пра тое, што мы даём ім, што атрымліваем, бяром, ці думаем мы менавіта пра гэтыя паняцці? Аказваецца, так бывае не часта. Часцей нас турбуюць больш канкрэтныя, рэальныя рэчы: адукацыя, уменні, дом, машына, спадчына, забяспечанае жыццё. Безумоўна, лепш быць багатым і здаровым, чым бедным і хворым. Але здароўе і багацце не гарантуюць шчасця, асабліва калі даюцца без намаганняў. Іх можна не заўважаць, як дыханне, сінь неба, зеляніну наваколля… Іх можна страціць. А вось каб здабыць што-небудзь ці вярнуць насуперак абставінам, заўсёды патрэбны падтрымка, каханне, актыўнасць, смеласць.
Кожны ўдзельнік дзеліцца тым, што ён прасіў, чым дзяліўся і чаму гэта яму неабходна, чаму ён лёгка дзяліўся менавіта тым ці іншым адчуваннем.

Практыкаванне “Падарунак”. Мэта — прадастаўленне ўдзельнікам магчымасці авалодаць навыкамі ўпэўненых паводзін, аргументаванай адмовы ў сітуацыі выбару.
Вядучы кажа, што ў яго ёсць падарунак, які з’яўляецца вельмі карыснай рэччу. Але гэты падарунак толькі адзін, і атрымае яго той, хто здолее пераканаць вядучага, што падарунак павінен атрымаць менавіта ён. Можна выкарыстоўваць розныя спосабы, акрамя сілавых. Задача вядучага — прымусіць удзельнікаў знаходзіць важкія аргументы для пераканання. Калі аргументацыя, з пункту гледжання вядучага, пераканаўчая, то ён аддае “падарунак” аднаму з удзельнікаў па сваім меркаванні.
Пры гэтым напрыканцы практыкавання важна абмеркаваць з удзельнікамі наступныя пытанні: якімі спосабамі яны прасілі “падарунак” (пагроза, ліслівасць, шантаж)? калі цябе просяць пра што-небудзь, чаму цяжка адмовіць? каму цяжэй адмаўляць: знаёмым або незнаёмым людзям і чаму? як трэба адмаўляць, каб не пакрыўдзіць? у чым трэба адмаўляць дзіцяці? у чым дзеці могуць адмовіць бацькам? як прыёмным бацькам правільна рэагаваць на адмаўленне дзіцяці ад выканання якой-небудзь дзейнасці?
Асобна выслухоўваюцца адказы дзяцей, прыёмных бацькоў, іншых удзельнікаў, і выбіраецца найбольш канструктыўны адказ. Па кожным пытанні падводзіцца вынік.
У гэтым варыянце гульню выкарыстоўваю толькі на першых занятках, на наступных удзельнікі знаходзяць важкія аргументы для пераканання вядучага ўручыць падарунак сабе або каму-небудзь з удзельнікаў.

Алена МАРКЕВІЧ.