Малышы Смалявіччыны

- 14:35Дашкольная адукацыя

У яслях-садзе № 6 Смалявіч “Вясёлка” прайшоў фінал раённага музычнага фестывалю творчасці дзяцей дашкольнага ўзросту “Малышы Смалявіччыны”. Фестываль праводзіўся ў дзвюх намінацыях — “Вакальная творчасць” і “ Танцавальная кампазіцыя”. Яго арганізатарам выступіла ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме Смалявіцкага райвыканкама.

Музычны фестываль арганізаваны з мэтай стварэння спрыяльных умоў для раскрыцця творчага патэнцыялу таленавітых дзяцей і іх падтрымкі ў розных відах творчай дзейнасці. Удзел у мерапрыемстве прымалі выхаванцы ўстаноў адукацыі Смалявіцкага раёна, якія рэалізоўваюць праграму дашкольнай адукацыі, ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў. У фінал фестывалю выйшлі дзіцячыя калектывы з 9 устаноў дашкольнай адукацыі і вучэбна-педагагічнага комплексу.

Праграма музычнага фестывалю складалася з твораў, у якіх расказвалася пра малую радзіму, родны горад. Гучаў твор “Рамонкавае поле”, вакальныя кампазіцыі “Па каменьчыках” і “Наш горад”, былі прадстаўлены танцавальныя нумары “Беларусачка” і “Пчолкі ”. Тэма шчаслівага дзяцінства адлюстравалася ў вакальных кампазіцыях “Дзяцінства”, якую выканаў Аляксей Хлебавец з ясляў-сада № 3 Смалявіч, “Вясёлка жаданняў” у выкананні Аніты Гурэцкай з ясляў-сада № 1, “Ах, як хораша ў садку жывецца!”, якую выканала група “Зорачкі” з Кленіцкага дзіцячага-сада — сярэдняй школы. Гэтай жа тэмай былі прасякнуты танцавальныя кампазіцыі “Танец з шарамі” ў выкананні групы “Музычныя кнопачкі” з ясляў-сада № 2 і “Кураняты” ў выкананні групы “Кураняты” з ясляў-сада № 6 “Вясёлка”.

Усе ўдзельнікі музычнага фестывалю хваляваліся. Таленты дашкалят ацэньвала кампетэнтнае журы, у якое ўвайшлі галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Святлана Сяргееўна Гальмакова і метадыст вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Мая Сяргееўна Ціхановіч. Па выніках музычнага фестывалю маленькія ўдзельнікі атрымалі медалі, а іх кіраўнікі ўзнагароджаны дыпломамі.

Ва ўтульным дзіцячым садку № 6 “Вясёлка”, дзе праводзіўся фестываль, панавала атмасфера добразычлівасці, ветлівасці, цудоўнага псіхалагічнага мікраклімату. А стварылі яго загадчык установы І.І.Якуцэня, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Ю.В.Шымкевіч, вядучая фестывалю В.У.Мішчанка, музычныя кіраўнікі А.Л.Ліпская, М.В.Ворса.

Галіна САДОЎСКАЯ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 5 Смалявіч.