Дзіўныя ўсё ж яны, амерыканцы. Дзіўныя ва ўсім, а асабліва адносна сваіх свят. Ну вось выцягнуць з невядома якой нары беднага сурка, назавуць яго Філам, падымуць яго перад камерамі і скажуць на ўсю Амерыку дый на ўвесь свет: “Прыйшла вясна!” Ці: “Не, не прыйшла вясна! Далёка яшчэ да вясны!” А ў таго бедалагі вочкі жмурацца ад тысячы фотаўспышак, моршчыцца носік, яшчэ вельмі цёплы пасля цёплай норкі, ён увесь дрыжыць ад холаду ў руках незнаёмага дзядзькі, і ўвогуле не патрэбна яму такая ўвага — трэба хутчэй у норку. Сваю. Цёплую. Мяккую. Родную. Амерыканскую.
А колькі эйфарыі ў іх ад Дняпадзякі, Дня Святога Патрыка, Хэлоўіна, Дня Святога Валянціна!..
Конь на чатырох нагах, але ўсё адно спатыкаецца. Бывае, што і ў добрай гаспадыні блін прыгарае.
І конь спатыкнуўся-такі на сваіх чатырох нагах, і ў добрай гаспадыні блін такі прыгарэў! Ды якраз у самае любімае ў амерыканцаў дый ва ўсім свеце свята — у Дзень закаханых, Дзень Святога Валянціна!
Недзе на мяжы 10—20-х гадоў ужо нашага стагоддзя ў сям’і вядомай амерыканскай пісьменніцы Эмы Броўдмур адбыўся дзіўны выпадак. Усё было спачатку паводле плана. Эма прачнулася 14 лютага, прыняла душ, пайшла на кухню. На хуткую руку прыгатаваўшы яечню і разліўшы па вялікіх пластмасавых шклянках апельсінавы сок, паклікала свайго маленькага сына снедаць. Той, як той сурок, яшчэ не расплюшчыўшы цалкам вочы, прыйшоў на кухню. Зрабіў два глыткі соку. А на кухні тым часам траскатаў тэлевізар. І без упынку ў тэлевізары ўсе цалаваліся, цалаваліся, цалаваліся… І без упынку ў тэлевізары ўсе дарылі адно аднаму валянцінкі — маленькія сардэчкі з надпісамі ILU… Толькі і гучала з блакітнага экрана: I love U my dear, I love U my sweety, I love U my own, I love U my honey, I love U my candy… Гэта быў Дзень Святога Валянціна, 14 лютага.
І раптам сынок Эмы Броўдмур не вытрываў: “Мама! Чаму яны ўсе там бясконца “буськаюцца”? Проста немагчыма глядзець на гэта!” Мама адказала: “Ну, сёння, сынок, дзень такі, калі трэба “буськацца”, 14 лютага, Дзень Святога Валянціна”. На што сын зноў запытаў яе: “А навошта яны дораць адно аднаму сэрцайкі?” “Так яны прызнаюцца ў каханні адно аднаму, сыночак. На тое і ёсць гэты дзень, 14 лютага. Падрасцеш — і сам усё зразумееш”, — адказала Эма.
Паўза. Некалькі хвілін цішыні, і толькі бясконцыя “мяў”, “ваў” з тэлевізара.
І тут сын Эмы Броўдмур не вытрымлівае: “Мама! Ну чаму ёсць такі дзень, калі трэба цалавацца і дарыць гэтыя папяровыя сэрцайкі, а няма такога дня, калі трэба дарыць сэрца?”
“Што ты маеш на ўвазе, сынок?” — не зразумела адразу Эма.
“Мама, сапраўднае сэрца ёсць толькі ў кнізе! Чаму няма такога дня, калі людзі дораць адно аднаму кнігі?”
І тут Эма Броўдмур задумалася. Не на жарт задумалася над пытаннем свайго маленькага сына.
Вынікам таго одуму амерыканскай пісьменніцы Эмы Броўдмур стала тое, што з 2012 года ў сусветным календары свят з’явілася яшчэ адно, якое якраз і прыпадае на 14 лютага, — Міжнародны дзень дарэння кніг (International Book Giving Day). Гэтае свята ў свеце пакуль не надта вядомае. Мае карпаратыўны характар: калі ты ведаеш пра яго, падары сваёй калезе кніжку. І няхай яна здзівіцца, што ты падарыў ёй не валянцінку, а кніжку. А можа, яна прыме за валянцінку тваю кніжку? У гэтым таксама ёсць свой сэнс.
Сёлета па ініцыятыве Беларускага дзіцячага фонду і Цэнтралізаванай сістэмы дзіцячых бібліятэк Мінска Міжнародны дзень дарэння кніг адзначылі і ў нашай краіне. Дабрачынную акцыю назвалі “Падарожжа Кнігі да дзяцей”.
Загадзя ва ўсіх дзіцячых бібліятэках сталіцы маленькія і юныя чытачы маглі ўбачыць аб’яву-заклік аб тым, каб яны падарылі новыя кнігі дзецям-сіротам. Ні многа ні мала, а такіх кніжак назбіралася за кароткі час каля двухсот. Гэта і дзіцячыя кніжачкі, і кнігі з хрэстаматыйнымі творамі нашых класікаў, і кнігі па гісторыі нашай краіны, і нават любімыя сённяшнімі дзецьмі фэнтэзі ды хорары.
Уласна само “Падарожжа Кнігі да дзяцей” пачалося 16 лютага ў дзіцячай бібліятэцы № 1 Мінска, дзе і адбылося “адшвартаванне”. Першымі атрымальнікамі сабраных кніг сталі мамы са сваімі дзецьмі з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу — з сем’яў Міхалёвых і Шамак.
“Спачатку мы думалі проста сабраць кнігі і потым падарыць іх нейкай адной сям’і з дома сямейнага тыпу, — паведаміла нашаму карэспандэнту прэс-сакратар Беларускага дзіцячага фонду Юлія Капцэвіч. — Але, калі хутка назбіралася ажно 200 кніжак, мы падумалі: а чаму б не ездзіць ад адной сям’і да другой? Тым больш што ў нас ужо даўно выспявала ідэя перасовачнай дзіцячай бібліятэкі, накшталт кнігабуса, як на Захадзе. І вось цяпер, калі кніг, прычым самых розных, назбіралася сапраўды шмат, мы ўсё-такі вырашылі здзейсніць наша падарожжа кніг з сям’і ў сям’ю. У нашай акцыі, спадзяюся, прыме ўдзел больш за 90 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, у якіх выхоўваецца каля 700 дзяцей-сірот. Гэтая акцыя будзе праходзіць на працягу ўсяго Года культуры. А ў далейшым наша перасовачная бібліятэка завітае і ў іншыя вобласці краіны”.
Мерапрыемства ў дзіцячай бібліятэцы № 1 Мінска атрымалася цёплым і сардэчным. Трэба было бачыць, як дзеткі з сем’яў Міхалёвых і Шамак з шырока расплюшчанымі вачыма слухалі спецыяльна запрошаных гасцей — старшыню Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхася Пазднякова і вядомага дзіцячага пісьменніка Уладзіміра Мазго, як адгадвалі іх загадкі, як круцілі галовамі, калі тыя не адгадваліся, як казалі “Дык гэта ж тыква!”, але тут жа, з падказкі мам, папраўляліся: “Гарбуз!”
200 кніжак адправіліся 16 лютага ў дзве сям’і з сіротамі. Можна толькі ўявіць, як мамы з татамі раскрыюць вялікія сумкі і пачнуць выкладваць гэтыя кніжкі перад дзецьмі. Па 100 кніг — у кожнай сям’і. Па 10 і болей дзяцей — у кожнай сям’і. Вочы разбягаюцца, ручкі хуценька перагортваюць старонкі… Адзін, самы маленькі, ужо ўхапіў свайго любімага “Віні-Пуха” і пабег гартаць-чытаць. Другая ўжо знайшла сваіх “Вінгс” і “зашылася” ў куток. Трэці дзіўнавата глядзіць на назву “Метро 2033” — і тут тата кажа сыну: “Ану, дай паглядзець… “Метро 2033”? Рэальна Глухоўскі? Дык я ж сам марыў гэта прачытаць!”
Кнігі ўсім — на радасць.
І, можа быць, ужо будучы дарослымі людзьмі, дзеткі з сем’яў Міхалёвых і Шамак успомняць, што 14 лютага — гэта не толькі дзень закаханых, але і Міжнародны дзень дарэння кніг, дый падораць сваім палавінкам кнігу… У якасці валянцінкі.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.