ці Простыя ісціны, якім вучаць “Тата-школы”
Калі дарослыя мужчыны абмяркоўваюць футбольныя матчы ці тое, у аўтамабільныя шыны якога вытворцы лепш “абуваць” свой транспарт, гэта ўспрымаецца даволі лёгка. А якой будзе рэакцыя, калі мужчыны паміж сабой пачнуць абмяркоўваць пытанні выхавання дзяцей, тое, як наладзіць з імі даверлівыя адносіны і зрабіць так, каб не згубіць гэты давер? Безумоўна, стане дзіўна, таму што звычайна такія пытанні вырашаюць мамы. Але гэтыя правілы пара перапісаць, з чым цалкам згодны мужчыны, якія з’яўляюцца ўдзельнікамі “Тата-школы”.
Татаў дзень — кожны дзень
“Тата-школа” — гэта клуб для бацькаў і тых мужчын, якія пакуль знаходзяцца ў чаканні дзіцяці. Сёння ўдзельнікамі праекта з’яўляюцца мужчыны з розным сацыяльным статусам, але аб’ядноўвае іх адно — жаданне быць добрым бацькам, ідэальным мужам і навучыць гэтаму іншых.
Арганізатарамі гэтай школы ў Мінску з’яўляюцца дабрачыннае грамадскае аб’яднанне “Клуб ільвоў” і Мінскі гарадскі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання сям’і і дзяцей.
Фарміраваць у хлопчыка правільныя адносіны да сямейных каштоўнасцей, сям’і трэба заўсёды: і ў школьным, і ў пераходным узросце. Гэтыя два кірункі ўзаемазвязаны і ўзаемадапаўняюць адзін аднаго. Тым не менш асноўная дзейнасць “Тата-школы” накіравана на ўзаемаадносіны бацькаў з дзецьмі.
Вячаслаў Шчэрба, заснавальнік “Тата-школы”, упэўнены, што з самага нараджэння дзяцей татам трэба займацца іх выхаваннем. Вопыт рэалізацыі праекта паказвае, што мужчынам, якія прыходзяць у школу, цікава сістэма зносін не толькі з малышамі, але і з падлеткамі. Як правіла, у звычайнай сярэднестатыстычнай беларускай сям’і на бацьку ўскладваецца асноўны абавязак — забяспечванне сям’і фінансамі. Як растуць дзеці, што з імі рабіць, пакуль яны маленькія, — аб гэтым задумваюцца нямногія. А пасля, калі дзіця вырастае і бацька спрабуе наладзіць з ім кантакт, чамусьці нічога не атрымліваецца. Прычына ляжыць на паверхні: час ужо ўпушчаны.
“Многія таты ўпэўнены, што так і павінна быць: яны зарабляюць грошы, а мамы клапоцяцца пра дзяцей, — заўважае сузаснавальнік школы Міхаіл Мацкевіч. — А вечарам, калі таты прыходзяць дадому з работы, ім таксама не да дзяцей — трэба ж паляжаць на канапе, а маці няхай паспявае ўсё сама. Ад такога мыслення неабходна пазбаўляцца. Нядаўна ў нас праходзіў футбольны матч. І адзін з татаў, які быў гульцом, убачыў, як за яго перажывае, як “хварэе” трохгадовы сын. Гэты эмацыянальны кантакт дарагога варты”.
Ролю бацькі ў выхаванні дзяцей пераацаніць вельмі цяжка. І для хлопчыка, і для дзяўчынкі вельмі важным з’яўляецца не толькі вобраз мужчыны, таты побач, але і яго прысутнасць у выхаванні. Калі бацькі няма, у хлопчыкаў адбываецца падмена вобраза: замест мужчынскага ўзору паводзін знаходзіцца аналаг з камп’ютарных гульняў ці фільмаў. Такім чынам, фарміруецца такая сістэма паводзін, якая не адпавядае мужчынскім. А гэта ў многім уплывае на далейшае фарміраванне дзіцяці як асобы, на адносіны з іншымі людзьмі — у прыватнасці гэта тычыцца хлопчыкаў.
“На цяперашні час гэтымі пытаннямі ў нас займаецца не толькі “Тата-школа”, але і клуб мадэратараў, куды прыходзяць матываваныя таты, гатовыя вучыць іншых татаў, — адзначае Вячаслаў Шчэрба. — Не заўсёды мужчыны прыходзяць да нас з праблемамі. Часта звяртаюцца па дапамогу будучыя маладыя бацькі, якія хочуць зразумець, як сябе паводзіць з малышом, калі ён народзіцца, і як выхоўваць дзіця, каб у яго правільна сфарміраваўся вобраз таты”.
Тата можа быць якім заўгодна. І нават такім, як мама
У “Тата-школе” існуе цікавая традыцыя — арганізоўваць выязны тата-лагер для бацькаў з сынамі-падлеткамі. Лагер называецца проста — “Незвычайны”. Ні адной маме трапіць сюды не ўдалося — для іх гэтая тэрыторыя з’яўляецца забароннай.
“Мы самі выбіраем месца правядзення лагера, — тлумачыць спецыфіку арганізацыі летняга адпачынку кіраўнік праекта. — Туды прыязджаюць бацькі і падлеткі ва ўзросце ад 12 да 16 гадоў. Для кожнай групы — і з татамі, і з дзецьмі — арганізоўваюцца заняткі. З падлеткамі праводзяцца асобасныя, а таксама псіхалагічныя трэнінгі.
Выязны лагер — гэта вельмі карысная ініцыятыва. Часта менавіта ў лагеры паміж бацькамі і дзецьмі наладжваецца такая сувязь, якой у межах сям’і ніколі не назіралася. Зараз маю на ўвазе даверлівую размову. Дома пры маці ці з такім татам, якім мужчына быў да паездкі ў лагер, падлетак баяўся пагаварыць на тую ці іншую тэму. Увогуле, яшчэ раз адзначу, што рамкі сям’і не даюць бацьку раскрыць сябе сапраўднага да канца. Як аказваецца, тата ўмее і спяваць, і гатаваць, і спартсмен ён цудоўны. Але ён павінен вырашаць другасную задачу — абараняць і здабываць. А тата можа што заўгодна. І зможа быць лепшым, чым ёсць насамрэч. Галоўнае — даць яму магчымасць рэалізавацца ў гэтым кірунку. У лагеры зрабіць гэта вельмі проста”.
Пакуль дзеці з татамі знаходзяцца ў незвычайным месцы, мамы рэгулярна ім тэлефануюць — нервуюцца, таму што баяцца і не вераць, што мужчына можа справіцца з дзіцем. Так адбываецца таму, што мамы ўскладваюць на сябе вельмі многа абавязкаў, а тату з самага пачатку адштурхоўваюць на другі план.
“Быў выпадак, калі мама тэлефанавала і мужу, і сыну, але яны ў падрабязнасці не ўдаваліся, гаварылі ёй, што ўсё нармальна, і заканчвалі размову, — згадвае выпадак Вячаслаў Шчэрба. — Мама, безумоўна, такім адказам не была задаволена і прыехала ў лагер з кантрольнай функцыяй, аднак вельмі хутка была адпраўлена дадому, таму што яе муж быў задаволены, дзіця — шчаслівае, а значыць, прычыны абвінаваціць мужчыну ў дрэнным выхаванні сына не знайшлося. Такія сітуацыі, між іншым, чарговы раз дэманструюць, што ў сем’ях паміж бацькамі пануе невысокая ступень даверу, і вінаваты ў гэтым даўно ўсталяваныя стандарты, ад якіх неабходна пазбаўляцца. На гэта якраз і накіравана наша правільна распрацаваная праграма, падчас якой дзеці нанава знаёмяцца з бацькамі і атрымліваюць магчымасць стаць дружнай і гарманічнай сям’ёй”.
Дзеці павінны рабіць тое, што ім цікава?
Яшчэ адным цікавым і неабходным кірункам дзейнасці “Тата-школы” з’яўляецца арганізацыя вучэбных груп для падлеткаў. Курыруе гэты праект Міхаіл Шукайла, адзін з мадэратараў “Тата-школы”.
“Асноўнай аўдыторыяй, з якой працуем, з’яўляюцца падлеткі, якім па 13—14 гадоў, а гэта самы “дзікі” этап пераходнага ўзросту, — тлумачыць Міхаіл. — У гэты час у дзяцей узнікае мноства пытанняў, большасць з якіх тычыцца адносін з супрацьлеглым полам. Арганізоўваючы групы для заняткаў, збіраем разам і хлопчыкаў, і дзяўчынак. Неабходна, каб і адны, і другія маглі пачуць розныя пазіцыі адносна вырашэння канкрэтных праблем. Напрыклад, дзяўчаты патрабуюць ад хлопцаў усяго і адразу: і добрую працу, і аўтамабіль, і грошы. А што дзяўчаты могуць прапанаваць хлопцам? Прыгажосць? Дык гэта адноснае паняцце. Сёння прыгажосць ёсць — заўтра няма. Пяшчоту, дабрыню можна атрымаць і ад іншай, менш патрабавальнай асобы. І, ведаеце, дзеці задумваюцца над пэўнымі меркаваннямі. Калі гаварыць пра іншыя тэмы, то мы разглядаем пытанні канфліктаў з прымяненнем насілля ў сям’і, думаем над тым, як пазбегнуць гэтых з’яў. Увогуле, дзяцей неабходна правільна рыхтаваць да будучыні, да ўзаемаадносін з супрацьлеглым полам, стварэння і гарманічнага развіцця сям’і. Падлеткам важна ўмець несці адказнасць за свае ўчынкі. Што тычыцца хлопчыкаў, то ў іх павінна фарміравацца мужчынская адказнасць за шматлікія жыццёвыя сітуацыі, якія могуць з’явіцца ў будучыні. Акрамя таго, маладыя людзі павінны паважаць не толькі супрацьлеглы пол, але і саміх сябе, таму што менавіта з гэтага пачынаецца поспех. Падлеткі — тая аўдыторыя, з якой неабходна працаваць і пастаянна расказваць пра ролю сям’і і выхаванне дзяцей.
Безумоўна, інфармацыя ўспрымаецца па-рознаму. Калі мы ездзілі ў SOS — дзіцячую вёску, то працавалі разам з псіхолагам, трэнінг прайшоў паспяхова. А бываюць і такія дзеці, якія інакш успрымаюць інфармацыю. Складана, напрыклад, нешта данесці да тых, хто стаіць на ўліку ў ІСН. З такімі дзецьмі неабходна працаваць. Цяжкім падлеткам расказвалі пра тое, якія шляхі самарэалізацыі можна знайсці. Мы не дзялілі мужчын па сацыяльных ролях, а тлумачылі, што, нягледзячы на свой статус, любы мужчына — і бізнесмен, і спартсмен — павінен быць у першую чаргу менавіта мужчынам і добрым бацькам”.
Як расказаў Міхаіл, у найбліжэйшы час “Тата-школы” адкрыюцца яшчэ ў некалькіх сацыяльных цэнтрах.
“Гэта значыць, што ў многіх падлеткаў з’явіцца магчымасць паспрабаваць навучыцца быць мужчынам, — працягвае Міхаіл. — І калі мамы хочуць, каб іх дзеці займаліся ў незвычайнай школе, варта прывесці дзіця на першыя заняткі. Безумоўна, калі пасля першага дня заняткаў сын адмаўляецца ад “вучобы”, пра “Тата-школу” на пэўны час неабходна забыць. Мы не павінны трымаць дзяцей там, дзе ім не цікава”.
***
“Тата-школа”, групы для падлеткаў — гэта, безумоўна, вельмі цікавы кірунак работы, але для многіх так і застаецца незразумелым, наколькі такія групы дапамагаюць у жыцці, ці варта на іх траціць час і што яны ў рэальнасці даюць сям’і. Безумоўна, лепш за маму пра гэта ніхто не ведае. З адной з такіх мам мне ўдалося пагаварыць.
У Любові Голубевай — два хлопчыкі. Аднаму 2 гады, другі — школьнік, вучыцца ў трэцім класе. Тата ў іх вельмі адказны і станоўчы. Як расказала Любоў, муж ужо больш за 6 гадоў наведвае “Тата-школу”. Спачатку хадзіў туды, каб навучыцца быць добрым татам і мужам для сваёй сям’і, а зараз дапамагае іншым мужчынам правільна расстаўляць прыярытэты і строіць гарманічныя ўнутрысямейныя адносіны.
“Сёння наш тата праводзіць шмат часу з дзецьмі, — расказвае Любоў. — Ён стаў больш уважлівым і стрыманым у пытаннях выхавання хлопчыкаў. І дзецям, я бачу, вельмі цікава з бацькам. Прыемна, што пасля работы ён знаходзіць час і пагуляць з сынамі, і асобна пагаварыць са старэйшым, пасакрэтнічаць”.
На пытанне, як рэагуюць знаёмыя, калі даведваюцца, што дарослы мужчына “вучыцца” ў такой школе, Любоў прызналася, што па-рознаму. Некаторыя пачынаюць цікавіцца, у чым сутнасць незвычайнай установы, а іншыя ставяцца да гэтага скептычна, маўляў, быць татам — гэта ж проста: ляжы сабе на канапе з пультам у абдымку, а дзеці няхай сядзяць побач на падлозе, гуляюць у машынкі, і ніякіх табе складанасцей. Але пасля ў сям’і пачынаюцца праблемы, і ўсё з-за таго, што ў свядомасці мужчын няправільна закладзены прыярытэты. А выхаванне, між іншым, ідзе з сям’і. І калі ў дзяцінстве сучаснага таты яго бацька не дапамагаў маці ў выхаванні дзяцей, то і сын, стварыўшы сям’ю, не будзе гэтага рабіць. А сістэму даўно пара пераламаць. Выхаванне дзяцей — гэта адказнасць абодвух бацькоў. І “Тата-школы” працуюць менавіта для таго, каб навучыць мужчын браць гэтую адказнасць і на сябе.
Наталля САХНО.