Маніторынг станцыі даручаць асобнаму інфармацыйна–аналітычнаму цэнтру

- 12:32Інфармацыйная гадзіна

У Дэпартаменце па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнаглядзе) Беларусі створаць інфармацыйна-аналітычны цэнтр для рэалізацыі паўнамоцтваў рэгулюючага органа па правядзенні ацэнкі, аналізу і прагназавання тэхналагічнага стану Беларускай АЭС. Аб гэтым паведамілі ў Дзяржатамнаглядзе па выніках пасяджэння калегіі дэпартамента, дзе абмяркоўваліся вынікі яго работы ў першым паўгоддзі.

На пасяджэнні вызначаны прыярытэтныя задачы дэпартамента. Акрамя стварэння інфармацыйна-аналітычнага цэнтра, у іх ліку — арганізацыя ліцэнзавання эксплуатацыі блока № 1 Беларускай АЭС, вядзенне нагляду за правядзеннем работ па ўзвядзенні АЭС з улікам актуалізаванай стратэгіі нагляду за аб’ектамі выкарыстання атамнай энергіі, рэалізацыя комплексу мер па фарміраванні сістэмы навукова-тэхнічнай падтрымкі па пытаннях ядзернай і радыяцыйнай бяспекі нацыянальнага рэгулюючага органа.

Акрамя таго, спецыялісты дэпартамента будуць займацца падрыхтоўкай нацыянальнага даклада па выніках правядзення мэтавай пераацэнкі бяспекі (стрэс-тэстаў) Беларускай АЭС і шостага нацыянальнага даклада Беларусі аб выкананні Аб’яднанай канвенцыі аб бяспецы абыходжання з адпрацаваным палівам і аб бяспецы абыходжання з радыеактыўнымі адходамі.

Асобна з удзелам прадстаўнікоў кіраўніцтва ДП “Беларуская АЭС” разгледжана пытанне аб мерах па выкананні асаблівых умоў дзеяння ліцэнзіі, выдадзенай прадпрыемству на права будаўніцтва двух энергаблокаў. “Гэтае пытанне мае асаблівую актуальнасць у кантэксце правядзення комплексу падрыхтоўчых мерапрыемстваў да ліцэнзавання эксплуатацыі энергаблока № 1 Беларускай АЭС. Дасягнуты дамоўленасці аб прыярытэтных мерах для забеспячэння безумоўнага выканання планаў мерапрыемстваў па выкананні ўмоў дзеяння ліцэнзій. Важным інструментам дасягнення якасці іх выканання становіцца новая форма ўзаемадзеяння рэгулюючага органа з кіраўніцтвам і спецыялістамі АЭС — штотыднёвыя міні-штабы”, — адзначылі ў Дзяржатамнаглядзе.