Мара не працуе, калі застаецца марай

- 11:55Адукацыйная прастора

На мінулым тыдні скончылася адукацыйная частка праекта velcom YOUTH. Серыю карысных цікавостак для школьнікаў закрыў майстар-клас “Майстэрства лідарства”, дзе дзеці даведаліся пра асаблівасці прасоўвання праектаў. Зараз у хлопцаў і дзяўчат пачынаецца самы адказны момант: ім трэба ажыццявіць свае ідэі і расказаць пра гэта свету.

Згодна з умовамі конкурсу, з 20 студзеня па 20 лютага кожнаму ўдзельніку неабходна будзе рэалізаваць ідэю свайго праекта на практыцы, зняць пра яго відэаролік-прэзентацыю і змясціць на сваіх старонках у сацыяльных сетках з хэштэгам #velcomYOUTH. Гэтае заданне стане зыходным пунктам кожнага праекта, якія будуць ацэньвацца журы — прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі, устаноў вышэйшай адукацыі, экспертамі з Парка высокіх тэхналогій і IT-кампаній. Як сцвярджаюць арганізатары конкурсу, галоўнымі крытэрыямі пры ацэнцы работ стануць адпаведнасць праекта выбранай тэме, арыгінальнасць і нестандартнасць вырашэння праблемы, маштаб ажыццяўлення праекта, ступень практычнай рэалізацыі ідэі, дэманстрацыя навыкаў, атрыманых падчас адукацыйных майстар-класаў, і выяўленне сутнасці праекта ў відэароліку.

“У сваім праекце мы спрабуем паказаць школьнікам, што поспех у жыцці залежыць ад іх актыўнасці, гатоўнасці мяняцца самім і мяняць свет вакол”, — адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Мікалай Брэдзелеў.

“Людзі купляюць не тое, што вы вынаходзіце, а тое, навошта вы гэта робіце” — думка, якая прагучала з вялікага экрана ў пачатку сустрэчы. І, трэба адзначыць, яна чырвонай ніткай праходзіла праз усю сустрэчу і пацвярджалася запрошанымі спікерамі.

Першым да старшакласнікаў звярнуўся інжынер-распрацоўшчык Facebook Ігар Маханёк. Паводле слоў спецыяліста, галоўная якасць лідара — гэта ініцыятыва: без яе нельга зрабіць нешта цікавае, вырашыць праблему новым спосабам; а хобі — выдатная магчымасць трэніраваць лідарскія якасці. Малады чалавек прывёў прыклад свайго дваццацігадовага вопыту ўдзелу ў гульні “Што? Дзе? Калі?”.

“Генерыраванне ідэй таксама важны аспект для лідарства. Хочаце, каб людзі ведалі пра ідэю, самі далучайцеся да яе. Калі вы ў камандзе, то, незалежна ад свайго статусу ў ёй, павінны рабіць усё для таго, каб людзям было цікава з вамі працаваць. Не бойцеся браць адказнасць на сябе. Па тэлебачанні і ў многіх кнігах мы сустракаемся з прыкладамі паспяховых людзей, якія многага дасягнулі. Усё гэта паказвае толькі канчатковы вынік, але ніхто не расказвае пра іх няўдачы. Таму, калі ёсць цяжкасці і перашкоды на вашым шляху, нават не думайце спыняцца”, — сказаў Ігар Маханёк.

Госцем апошняга майстар-класа стаў кіраўнік арганізацыйнага камітэта SocialWeekend Аляксандр Скрабоўскі. Ён адзначыў, што ў яго камандзе не прынята дзяліць праекты на сацыяльныя ці несацыяльныя, на тыя, што прыносяць грошы, ці папросту тыя, якія паляпшаюць свет, бо ўсе яны з’яўляюцца карыснымі.

Па словах спецыяліста, каб рэалізаваць задуму, неабходна бачанне ідэі, вера ў яе і ў сябе і пастаянная работа па прынцыпе “спрабаваць — спатыкацца — падаць — уставаць і нанова спрабаваць”. Таксама важна не забываць, што любую сацыяльную праблему можна падаць як магчымасць.

“Паверце, першыя тыдні вы праведзяце на энтузіязме. Праз 2—3 месяцы пачняце прымушаць сябе. На гэтым этапе многія спыняюцца, але якраз у гэты час пачынае нешта атрымлівацца. Калі ў вас будзе адказнасць не толькі перад сабой, ёсць больш шансаў, што нешта атрымаецца, паколькі кінуць праект можа кожны, а завяршыць — адзінкі”, — падзяліўся вопытам прамоўца.

Пра тое, што падлеткам рэальна дасягнуць поспехаў, расказалі школьнікі Антон Касценка і Сцяпан Навасельскі. Хлопцы пазнаёміліся на IT-курсах і вырашылі зрабіць свой праект. Распрацаваўшы ідэю, яны завіталі на SocialWeekend, дзе, па словах юнакоў, ім адразу ж стала зразумела, што праект трэба дапрацоўваць, удасканальваць і нават мяняць у фармаце. Так нарадзіўся TeenKach (актыўны адпачынак для падлеткаў, які прадугледжвае спартыўныя квесты, сумесныя трэніроўкі з вядомымі спартсменамі і пошук тайнікоў — падарункаў, схаваных у горадзе). Прайшоў час, Антон і Сцяпан выйшлі ў фінал конкурсу і атрымалі спонсарскую падтрымку на развіццё праекта. Зараз хлопцы прасоўваюць яго, запрашаюць да супрацоўніцтва прадстаўнікоў з іншых сфер. Прыклад падлеткаў адчувальна ажывіў матывацыю гасцей сустрэчы.

Вядучы мерапрыемства Дзмітрый Смірноў звярнуў увагу старшакласнікаў на тое, якія ідэі запатрабаваны, незалежна ад іх тэматыкі. Як правіла, гэта ідэі для іншых і пра іншых (Faсebook Марка Цукерберга першапачаткова быў задуманы для таго, каб людзі маглі бесперашкодна кантактаваць адно з адным; Ілан Маск не мае прафесійных адносін да космасу, але ён дапамагае ў развіцці гэтага кірунку). Спікер адзначыў важнасць сувязі ідэі з аўдыторыяй.

“Не трэба баяцца сораму. У такіх выпадках уявіце сабе, як вы адрэагуеце на сітуацыю праз 10 гадоў. Больш верагодна, што вы пасмеяцеся. Прасіце навакольных выказваць свае думкі наконт вашага праекта і, галоўнае, навучыцеся гэта спакойна слухаць і прымаць. Але помніце, што лідарам можа быць не кожны: прафесіяналізму нельга навучыць. Стаўцеся да гэтага нармальна. Кожны павінен у першую чаргу рэалізоўваць тое, што захоўваецца ў яго ўнутры. Неабавязкова быць галоўным у калектыве, можна быць любым спецыялістам і ведаць, што твая работа патрэбная і карысная”, — рэзюмаваў прамоўца.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлена арганізатарамі праекта.