Мастацкі вобраз мерчандайзера

- 16:48World Skills

Яркім феерверкам, неверагоднай дзеяй стала для гасцей і ўдзельнікаў чэмпіянату WorldSkills цырымонія яго адкрыцця. Са словамі прывітання звярнуўся да ўдзельнікаў нацыянальных каманд краін свету прэм’ер-міністр Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Мядзведзеў і даў старт грандыёзным спаборніцтвам прафесійнага майстэрства, у якіх прымаюць удзел амаль паўтары тысячы канкурсантаў. Дэвіз чэмпіянату: “Будучыня ў тваіх руках”, прапісаны яркімі літарамі, можна сустрэць на грамадскім транспарце, у магазінах, на банерах цэнтральных вуліц, на майках жыхароў і гасцей Казані. Гэтым святам і самім дэвізам пранікся ўвесь горад. Сапраўды, будучыня ў нашых руках.

Велізарную пляцоўку, дзе распачаліся спаборніцтвы, здаецца, не абыйсці і за палову дня. Пры тым, што арыенціры пакуль не вызначаны, знайсці нашых канкурсантаў адразу не ўдаецца. Самы эфектыўны спосаб — ісці на яркі колер. Таму хутчэй за ўсіх знаходжу адну з пляцовак, дзе разгарнулася яскравае спаборніцтва паміж майстрамі мерчандайзінгу. Сярод іх і наша Паліна Гурыновіч, якая ўпершыню прадстаўляе кампетэнцыю “Візуальны мерчандайзінг” на сусветным чэмпіянаце.

Алена Уладзіміраўна Іванова, эксперт па візуальным мерчандайзінгу.

Яшчэ да пачатку спаборніцтва ў Казані мы сустракаліся з дзяўчынай ва ўстанове, дзе яна вучыцца. Гэта Мінскі прафесійна-тэхнічны каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М.А.Кедышкі, пакуль адзіная навучальная ўстанова, дзе вучаць будучых мерчандайзераў. Паліна —пераможца III Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills Belarus. У час навучання ў каледжы дзяўчына прадэманстравала выдатныя веды і прафесійныя навыкі. Яна схільна да творчасці, фантазіі, добра малюе, валодае рознымі відамі прыкладнога мастацтва, што дазваляе праявіць сябе ў гэтай кампетэнцыі на высокім узроўні. Як і ў час трэніровак, так і на конкурснай пляцоўцы побач з дзяўчынай — галоўны эксперт WorldSkills Belarus Алена Уладзіміраўна Іванова. Яна прафесійны маркетолаг, працуе ў кампаніі “Цэнтр паспяховых продажаў” і выкладае прафесію мерчандайзінгу ў мінскім каледжы, дзе вучыцца Паліна.

— Гэты чэмпіянат для нас — першае міжнароднае спаборніцтва, —расказала Алена Уладзіміраўна. — Раней мы выступалі ў гэтай кампетэнцыі, як дэманстрацыйнай, а ў мінулым годзе ў якасці паўнавартасных удзельнікаў прадстаўлялі майстэрства мерчандайзінгу на нацыянальным чэмпіянаце. Таму, безумоўна, хваляванне зашкальвае, але ж трэба вытрымліваць напор шматлікіх сапернікаў.

Для звычайнага абывацеля слова “мерчандайзінг” не толькі цяжка вымаўляльнае, але і дае вельмі вузкае ўяўленне аб тым, чым займаецца прадстаўнік гэтай прафесіі. Для нас, звычайных пакупнікоў, мерчандайзеры — гэта тыя мітуслівыя маладыя людзі ў яркай вопратцы, якіх мы бачым у магазіне ў час выстаўлення тавара на прылавак. І калі вы мяркуеце, што ў гэтым і заключаецца заданне на чэмпіянаце ў прафесійнай кампетэнцыі “Візуальны мерчандайдзінг”, то гэта памылковае меркаванне.

— Праца спецыяліста мерчандайзінга, які займаецца афармленнем гандлёвай вітрыны, не абмежавана толькі выстаўленнем тавару на прылавак, — патлумачыла Алена Уладзіміраўна. — Цяпер вітрына магазіна нясе новае гучанне, мае сучасную стылістыку, з’яўляецца інструментам маркетынгу, каб не толькі заваёўваць увагу наведвальнікаў гандлёвых аб’ектаў, але і матываваць іх на пакупку.

Мерчандайзера па праву можна лічыць мастаком, які стварае карціну з дапамогай тавару. Агульную кампазіцыю робіць той красамоўны стэнд, які будзе ўпрыгожваць тавар. Але пры гэтым мерчандайзеру спатрэбяцца не толькі творчы талент афарміцеля, але і грунтоўныя веды па псіхалогіі, сацыялогіі, эканоміцы і г.д.

Як заўважыла эксперт, мерчандайзеру трэба ўлічваць існуючы попыт на той ці іншы тавар, які з іх у трэндзе, улічваць тэндэнцыі сусветнай моды, крэатыўныя формы мастацкай кампазіцыі, колер і эстэтыку. Кампетэнцыя прымяркоўвае мастацкае афармленне вітрыны, каб не толькі раскласці альбо развесіць тавар, але і стварыць цэлую кампазіцыю, творчую атмасферу, каб прадстаўленыя рэчы глядзеліся гарманічна і былі аб’яднаны адной тэматыкай. Афармленне вітрыны — бадай самая складаная работа, якую трэба выканаць мерчандайзеру. Яна пачынаецца з эскіза вітрыны, у стварэнні якога можна выкарыстоўваць інфармацыю з інтэрнэту. Для гэтага на кожным рабочым месцы ўстаноўлены камп’ютар. Гэтая інфармацыя можа быць толькі пасылам для індывідуальнага праекта, а ў далейшым канкурсант павінен праявіць свае творчыя здольнасці і фантазію. Для стварэння вітрыны прапанаваны дадатковыя матэрыялы: самаклеючая плёнка, фанера, пенакартон і інш., якія трэба выкарыстоўваць для стварэння дробных дэталяў вітрыны, на якой будзе прадстаўлены тавар. Такім чынам, трэба быць майстрам на ўсе рукі: пілаваць, габляваць, фарбаваць, выразаць, клеіць. Акрамя таго, даюцца гатовыя дэталі для ўпрыгожання вітрыны: мячыкі, трубачкі, галінкі, кветкі, пластыкавыя фігуркі і г.д. З іх дапамогай трэба стварыць дызайн вітрыны пад тавар, які прапанаваны на конкурсе, вызначыць мэтавую аўдыторыю для гэтага тавара і праз мастацкі вобраз стварыць такое рэкламнае паведамленне для пакупніка, каб яно западала ў душу.

Паліна паказала ўсе свае прафесійныя навыкі, уклала душу ў афармленне вітрыны і тым самым выклікала станоўчыя эмоцыі як у экспертаў, так і ў гледачоў.

Ала КЛЮЙКО, Казань.
Фота аўтара.