Мастацтва, якое сагравае сэрцы

- 12:18Спецыяльная адукацыя

У дзіцячай школе мастацтваў Чавус Магілёўскай вобласці дзякуючы фінансавай дапамозе Еўрапейскага саюза пры падтрымцы Праграмы развіцця ААН летам 2017 года быў створаны Цэнтр арт-тэрапіі па аказанні дапамогі дзецям дашкольнага ўзросту, дзецям і падлеткам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзецям-інвалідам і маладым інвалідам, дзецям-сіротам. Днямі адбылася прэзентацыя дзейнасці цэнтра і творчая справаздача яго наведвальнікаў — фотавыстава дзіцячых работ “Мастацтва, якое сагравае сэрцы”.

Ініцыятыва “Развіццё творчых здольнасцей дзяцей дашкольнага ўзросту, карэкцыя асаблівасцей псіхафізічнага развіцця дзяцей і падлеткаў, маладых інвалідаў, дзяцей “групы рызыкі” праз стварэнне Цэнтра арт-тэрапіі” была рэалізавана ў рамках праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”. Партнёрамі ў рэалізацыі гэтай ініцыятывы выступілі дзіцячая школа мастацтваў Чавус, пярвічная арганізацыя ГА “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам”, Чавускі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, санаторны яслі-сад № 5 Чавус і гарадская дзіцячая школа выяўленчых мастацтваў і мастацкіх рамёстваў.

Як расказала дырэктар школы мастацтваў Іна Анатольеўна Шаркоўская, у Цэнтр арт-тэрапіі залічаны 64 дзіцяці, сярод іх 13 дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, 2 дзіцяці-інваліды, 7 дзяцей-сірот з прыёмных сем’яў і 5 маладых інвалідаў, якія наведваюць цэнтр разам з мамамі. У школе мастацтваў створаны належныя ўмовы, падрыхтаваны спецыялісты для правядзення заняткаў па 6 відах арт-тэрапіі: пясочнай, музычнай, гульнявой, выяўленчай, слайд- і казкатэрапіі — унікальных для Чавус.

Праходзячы курс арт-тэрапіі, дзіця або дарослы займаецца самапазнаннем, самавыяўленнем, самааналізам, у выніку чаго гарманізуецца яго псіхічны стан. Так, на занятках па музычнай тэрапіі, якая падыходзіць для людзей з фізічнымі, эмацыянальнымі, інтэлектуальнымі і сацыяльнымі праблемамі, дзеці знаёміліся з музычнымі інструментамі, праслухоўвалі класічныя мелодыі, абмяркоўвалі іх змест, самастойна ігралі (стваралі гукавы фон) на музычных інструментах. У рабоце выкарыстоўваліся званочкі, ляскоткі, маракасы, цымбалы, фартэпіяна. На занятках па гульнявой тэрапіі дзеці свабодна праводзілі час, гулялі ў спецыяльна абсталяваным кабінеце, дзе гучала спакойная музыка. Ім былі прапанаваны мяккія бескаркасныя крэслы, сухія басейны, паветрана-пузырковыя калоны. Даволі часта гэтыя заняткі праводзіліся ва ўнутраным дворыку школы мастацтваў, дзе ўсталяваны дзіцячы гульнявы комплекс. Сеансы казкатэрапіі ўяўлялі сабой чытанне, абмеркаванне сюжэтаў казак, сумесны пошук вырашэння праблем, апісаных у іх. Акрамя таго, цікава праходзілі заняткі па складанні казак, калі сюжэтам станавілася праблема, аб якой расказваў хто-небудзь з бацькоў (боязь дзіцяці знаходзіцца аднаму ў пакоі, жаданне ўзяць чужыя рэчы без папытання, страх засынання без святла, страх перад смерцю і іншыя). На сеансах слайдатэрапіі (фотатэрапіі) праглядаліся фатаграфіі або слайды з мэтай вырашэння псіхалагічных праблем, а таксама для развіцця і гарманізацыі асобы дзіцяці. Асноўны змест фотатэрапіі — стварэнне або ўспрыманне фатаграфічных вобразаў, што дапаўняецца іх абмеркаваннем і рознымі відамі творчай дзейнасці — выяўленчым мастацтвам, рухамі, танцамі, складаннем гісторый, вершаў. Слайды, відэаролікі, фатаграфіі раслін, птушак, валуноў, вады, з’яў прыроды дапамагалі бліжэй пазнаёміцца з прыроднымі з’явамі, пагрузіцца ў іншы свет, іншыя эмоцыі, зняць негатыў і напружанне. Часта выкарыстоўваліся калектыўныя творчыя музычна-слайдавыя кампазіцыі. Унікальнымі былі заняткі па пячной і выяўленчай тэрапіі, дзе выхаванцы ляпілі з гліны, малявалі на мальбертах. Выкарыстоўваліся тэхнікі мандалы, малявання пластылінам, аплікацыі, размалёўвання, а таксама ўсе варыянты малявання пяском на спецыяльных святлогукавых сталах.

Падчас урачыстага адкрыцця фотавыставы дзіцячых работ, створаных у выніку заняткаў па арт-тэрапіі, адбылася прэзентацыя-справаздача аб рабоце Цэнтра арт-тэрапіі, прайшлі майстар-класы па выяўленчай тэрапіі з групай маладых інвалідаў, па пясочнай тэрапіі з дашкольнікамі, а таксама быў прадэманстраваны фрагмент заняткаў па лепцы з гліны. Для гасцей мерапрыемства быў паказаны канцэрт выхаванцаў школы мастацтваў. Удзел у праграме дня прыняло каля ста чалавек, у тым ліку кіраўніцтва раёна.

Намеснік старшыні Чавускага райвыканкама Віталь Мікалаевіч Лебедзеў адзначыў: “У раёне сёння рэалізоўваецца 10 ініцыятыў, якія фінансуюцца Еўрапейскім саюзам. Вельмі добра, што такім чынам разумныя ідэі могуць ажыццяўляцца. На прыкладзе школы мастацтваў мы бачым важнасць і неабходнасць падтрымкі ініцыятыў на мясцовым узроўні. Не ў кожнага дзіцяці ёсць магчымасць наведваць падобны Цэнтр арт-тэрапіі, не ў кожным горадзе, асабліва маленькім, створаны такія ўмовы. Чавускім дзецям пашанцавала: яны атрымалі магчымасць займацца творчасцю і тэрапіяй адначасова, што прыводзіць да паляпшэння іх самаадчування, збліжэння дзяцей адно з адным і вырашэння шэрага важных праблем”.

Рэгіянальны каардынатар праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” па Магілёўскай вобласці Алена Іванаўна Пахоменка адзначыла ўнікальнасць ініцыятывы, яе перспектыўнасць і важную скіраванасць на паляпшэнне псіхаэмацыянальнага стану дзяцей, падлеткаў і маладых людзей, якія наведваюць Цэнтр арт-тэрапіі.

Усіх прысутных на фотавыставе не пакінулі абыякавымі дзіцячыя работы аб падводным свеце, касмічнай прасторы, жывой і нежывой прыродзе, а таксама абстрактныя і немудрагелістыя карціны, у якіх адлюстраваўся ўнутраны свет дзяцей.

Надзея ЦЕРАХАВА.