Матэматыка на “дзясятку”

- 15:25Адукацыйная прастора, Апошнія запісы, Рознае

На мінулым тыдні прагучаў апошні званок для 144 тысяч выпускнікоў 9-х і 11-х класаў нашай краіны. З 2 па 12 чэрвеня ў іх выпускныя экзамены. Мы завіталі ў сярэднюю школу № 10 Мінска на першыя экзамены па рускай мове і матэматыцы для 9-х класаў, каб даведацца, наколькі добра навучэнцы падрыхтаваліся да іспытаў, ці збіраюцца яны працягнуць навучанне ў школе, аб якой прафесіі мараць.

Нагадаем, што выпускнікі 9-х класаў павінны сёлета здаць чатыры экзамены — па беларускай мове, рускай мове, матэматыцы (у пісьмовай форме) і па гісторыі Беларусі (вусна). Тэксты і заданні для пісьмовых экзаменаў традыцыйна аб’яўляюцца па тэлебачанні і радыё.
“Экзамены з’яўляюцца яскравым паказчыкам таго, наколькі добра школьнікі вучыліся ў папярэднія гады, — гаворыць дырэктар школы Ала Уладзіміраўна Насевіч. — Камусьці з дзяцей складана здаваць пісьмовыя экзамены, а камусьці вусныя. Адным даспадобы гуманітарныя прадметы, другім — дакладныя. Але, як правіла, пасля 9 класа нашы школьнікі пацвярджаюць свае гадавыя адзнакі, а некаторыя нават паляпшаюць іх, відаць, мабілізуюць свае сілы падчас экзамену”.

У 10-й мінскай школе першымі былі экзамены па матэматыцы і па рускай мове, якія здавалі адпаведна 23 і 27 выпускнікоў 9-х класаў. Па рускай мове сямёра дзяцей атрымалі па 7-8 балаў, у астатніх адзнакі ніжэйшыя. Па матэматыцы ёсць “дзясяткі”, іх атрымалі Марыя Батурына і Віта Пятроўская. І ў той жа час дванаццаць навучэнцаў атрымалі “тройкі” і “чацвёркі”.
Пры размове з дырэктарам школы аб узроўні падрыхтоўкі школьнікаў мы не маглі не адзначыць праблему, якая з кожным годам усё больш узмацняецца. Сучасныя дзеці могуць дэманстраваць добрыя веды па матэматыцы, хіміі і біялогіі, мець развітую логіку і рабіць пры гэтым элементарныя памылкі ў пісьмовых работах па мове. Прычына ў тым, што нашы вучні вельмі мала чытаюць, прычым часта чытаюць творы рускай і беларускай літаратуры ў скарачэнні, пастаянна чуюць няправільнае маўленне дарослых. Да таго ж школьнікі гадзінамі напралёт перапісваюцца паміж сабой у сацыяльных сетках і не прытрымліваюцца культуры віртуальных зносін, выкарыстоўваюць, як правіла, небагатую лексіку і тыражуюць памылкі. Усё гэта не можа не адбіцца на іх поспехах у вучобе, на выніках пісьмовых і вусных работ.
Існуе меркаванне, што экзамены пасля 9 класа здаюцца для “птушачкі”, таму ў 10 клас прыходзяць не толькі выдатнікі, але і навучэнцы з дрэннай паспяховасцю, якіх пасля мамы і таты спрабуюць усімі сіламі ўладкаваць у які-небудзь інстытут для атрымання спецыяльнасці.

“Канечне, так бывае, але ўсё часцей сёння і дзеці, і іх бацькі адносяцца да выбару прафесіі адказна, яны адэкватна ацэньваюць свае магчымасці, — адзначыла Ала Уладзіміраўна. — Сёння многія школьнікі лічаць, што паступаць трэба пасля 9-ці класаў. Перш за ўсё, яны набудуць прафесію, перавага і ў тым, што пачнецца адлік працоў-нага стажу. А калі зразумееш, што не тую прафесію выбраў, можна паступіць ва ўніверсітэт на іншую спецыяльнасць, у тым ліку і на завочнае аддзяленне. Такім чынам, у юнака ці дзяўчыны будзе некалькі спецыяльнасцей, і з імі яны нідзе не прападуць. Таму многія навучэнцы аддаюць перавагу не “сядзенню” ў старшых класах, а выкарыстоў-ваюць гэты час з карысцю — атрымліваюць спецыяльнасць, і часта вельмі прэстыжную. Палова нашых выпускнікоў пасля 9-х класаў плануе атрымаць прафесійна-тэхнічную або сярэднюю спецыяльную адукацыю. Яны збіраюцца паступаць у ліцэі і каледжы — медыцынскі, радыётэхнічны, архітэктурна-будаўнічы. Для адных важна проста паспрабаваць свае сілы, набыць вопыт паступлення, а хтосьці ідзе абдумана і мэтанакіравана.

Сярод выпускнікоў-дзевяцікласнікаў кожны год у школе ёсць тыя, хто паступае ў Ліцэй БДУ. У мінулым годзе ліцэістамі сталі 5 нашых навучэнцаў, а ў гэтым годзе ў Ліцэй БДУ паступіў наш Канстанцін Норд — чэмпіён Рэспублікі Беларусь па шашках у сваёй узроставай катэгорыі. Да таго ж ён прадэманстраваў свае здольнасці па хіміі і біялогіі, стаў прызёрам гарадскога этапу алімпіяды па біялогіі.
У 10-11 клас школы, як правіла, ідуць дзеці, якія прымалі ўдзел і перамагалі на алімпіядах, якія нацэлены на паступленне ва ўніверсітэты і сур’ёзна рыхтуюцца да яго. Некаторыя школьнікі ўжо атрымалі першыя навыкі будучай прафесіі, як, напрыклад, Мікіта Карзюк, які ўвесь апошні год наведваў курсы праграмнага забеспячэння “Майкрасофт”, бо марыць стаць праграмістам. Калі некалькі гадоў назад нашы дзеці імкнуліся быць юрыстамі і эканамістамі, то зараз яны выбіраюць тыя спецыяльнасці, якія запатрабаваны на рынку працы. Яны нацэлены, у прыватнасці, на мытную справу, архітэктуру і будаўніцтва, медыцыну, на інжынерныя і іншыя сучасныя спецыяльнасці. Нашы навучэнцы імкнуцца паступіць у вядучыя ВНУ: БДУ, БДУІР, медыцынскі і лінгвістычны ўніверсітэты і іншыя. Дарэчы, наша школа супрацоўнічае з Інстытутам Канфуцыя пры Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. На рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, якая праходзіла на кітайскай мове, і падчас апошняй алімпіяды-конкурсу “Мост кітайскай мовы” дыплом І ступені атрымала наша васьмікласніца Варвара Сапрыкіна.
Студэнтамі ВНУ становяцца каля 94 працэнтаў выпускнікоў нашай школы. Па гэтым паказчыку наша ўстанова займае 3 месца ў Партызанскім раёне Мінска, саступіўшы месца ў гэтым рэйтынгу толькі гімназіям №№ 7 і 5”.

У наступным годзе школе споўніцца 100 гадоў. Сярод мерапрыемстваў, якія будуць праходзіць у сувязі з гэтай датай, прадугледжана і падрабязнае азнаямленне навучэнцаў з установай — ад вытокаў. Зараз педагогі ажыццяўляюць своеасаблівае даследаванне — шукаюць у архівах гістарычныя матэрыялы пра ўстанову. Плануюць даць аб’яву ў перадачу “Жди меня”, размесцяць інфармацыю ў інтэрнэце, такім чынам паспрабуюць адшукаць кагосьці з выпускнікоў даваенных гадоў.
“Сёння мы марым адрадзіць тыя традыцыі, якія існавалі ў школе, а менавіта вярнуць школе матэматычны напрамак, які быў у яе многія гады, — гаворыць Ала Уладзіміраўна. — У планах таксама зрабіць прыярытэтным хіміка-біялагічны напрамак, таму што кожны год нашы навучэнцы паказваюць добрыя вынікі па гэтых прадметах як на раённых, так і на гарадскіх алімпіядах”.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.