Мая прафесія — мытнік

- 10:48Якасць адукацыі

Многія прадстаўнікі беларускай моладзі хацелі б прысвяціць сваё жыццё служэнню роднай краіне, стаць яе абаронцамі. Сярод прафесій, якія авеяны героікай і рамантыкай, вылучаецца мытная служба. Яна сучасная, патрабуе шмат ведаў, цікавая, а ў цяперашніх умовах і вельмі запатрабаваная.

Беларуская мытня вядзе сваю гісторыю з далёкага мінулага. Лічыцца, што першая “мытніца” з’явілася ў IX стагоддзі ў Полацкім княстве. Сучасная мытная служба Рэспублікі Беларусь была створана 20 верасня 1991 года. Гэты дзень лічыцца прафесійным святам беларускіх мытнікаў.
Галоўная задача мытнай службы — гарантаванне эканамічнай бяспекі краіны, стварэнне ўмоў для эфектыўнага развіцця эканомікі, папаўненне даходнай часткі бюджэту дзяржавы. Мытнікі — надзейная перашкода кантрабандыстам і іншым парушальнікам заканадаўства. Таму нядзіўна, што гэтая прафесія прэстыжная і шмат каго вабіць. Конкурсы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы на спецыяльнасць “Мытная справа” — адны з найвышэйшых. У гэтай сферы дзейнасці любы знойдзе прымяненне сваім здольнасцям і талентам. Мытных прафесій вельмі шмат: мытнікі арганізоўваюць мытны кантроль тавараў, змагаюцца з кантрабандай, займаюцца мытнымі расследаваннямі, вядуць мытную статыстыку, спаганяюць мытныя плацяжы і робяць шмат іншага. Як стаць мытнікам? Для гэтага абавязкова трэба скончыць вышэйшую навучальную ўстанову. На службу ў мытню бяруць пераважна асоб, якія маюць вышэйшую мытную адукацыю, а таксама юрыдычную, эканамічную або тэхнічную. Атрымаць мытную адукацыю па спецыяльнасці “Спецыяліст мытнай справы” можна, скончыўшы наступныя вышэйшыя навучальныя ўстановы нашай краіны: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. У верасні 2016 года пачынаецца падрыхтоўка будучых мытнікаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
Ва ўсіх ВНУ студэнты вучацца па спецыялізацыі “эканамічнае забеспячэнне мытнай справы”. Але ў БДУ, акрамя гэтага, ёсць яшчэ дзве спецыялізацыі — “прававое забеспячэнне мытнай справы” і “мытная лагістыка”. У гэтым універсітэце выпускнік атрымлівае кваліфікацыю “спецыяліст мытнай справы з веданнем дзвюх замежных моў”. Цікава адзначыць, што з верасня 2016 года частка першакурснікаў кафедры мытнай справы БДУ, якая ўваходзіць у склад факультэта міжнародных адносін, пачне ўпершыню ў гісторыі гэтай прафесіі вывучаць кітайскую мову.
Мытнікам можа стаць не кожны, таму на кафедры, як і ў цэлым у БДУ, вядзецца актыўная прафарыентацыйная работа. Будучыя студэнты павінны выразна ўяўляць, што спецыяліст мытнай справы — гэта не толькі інспектар мытні, але і працаўнік бізнесу — мытны дэкларант, мытны лагіст і г.д. На наш погляд, будучыя спецыялісты мытнай справы павінны пазнаёміцца з прафесіяй не ў час вучобы ва ўніверсітэце, а яшчэ на стадыі паступлення. Прафарыентацыйная работа досыць няпростая, і вырашаецца яна падчас цэлага комплексу пасіўных і актыўных мерапрыемстваў: сустрэч з будучымі студэнтамі на фестывалі факультэтаў, дзён адкрытых дзвярэй факультэта, у ходзе сістэмнай работы на працягу навучальнага года. На кафедры мытнай справы БДУ акцэнт робіцца на дзейнасць курсаў “Школа будучага мытніка”, створаных у 2013 годзе.
“Школа будучага мытніка” дае вучням 10—11 класаў унікальны шанc у рамках кароткатэрміновых курсаў акунуцца ў таямнічы свет мытнай прафесіі, спазнаць пачатковыя асновы мытнай справы, сустрэцца з прафесіяналамі гэтай сферы. Галоўная мэта “Школы будучага мытніка” — прафесійная арыентацыя абітурыента, якая грунтуецца на трывалай матывацыі, цвёрдай упэўненасці ў правільнасці выбару будучай прафесіі. У рамках спецыяльнай вучэбнай праграмы, пабудаванай на базе вучэбнай дысцыпліны “Асновы мытнай справы”, заняткі ў школе праводзяць выкладчыкі кафедры мытнай справы і Мінскай рэгіянальнай мытні. Пасля заканчэння навучання паспяховым слухачам выдаецца спецыяльны сертыфікат. За час існавання школу скончылі каля ста школьнікаў выпускных класаў.
У канцы курса “Уводзіны ў спецыяльнасць” першакурснікі нашай кафедры, колішнія абітурыенты, пішуць эсэ “Мая прафесія — мытнік”, дзе выказваюць меркаванне аб сваёй будучай прафесіі. Вось словы аднаго з іх: “Безумоўна, сапраўдны мытнік павінен быць прафесіяналам у сваёй справе. Ён мусіць быць адказным і добра разумець сваю прафесію. Менавіта таму трэба вельмі адказна ставіцца да сваёй адукацыі, імкнуцца вучыцца як мага лепш, пастаянна ўдасканальвацца. Думаю, праз некалькі гадоў усе мае намаганні ўзнагародзяцца і я стану тым, кім мару, — сапраўдным мытнікам, добрым прафесіяналам і паважаным чалавекам”.

Віктар АСТРОГА,
загадчык кафедры мытнай справы факультэта міжнародных адносін БДУ,
кандыдат гістарычных навук, дацэнт.