Мая Пружанская зямліца

- 17:02Нам пішуць

“Гiстарычныя традыцыi i нацыянальная культура як сродак фармiравання грамадзянскасцi i патрыятызму”, — так гучыць назва праекта па патрыятычным выхаванні, згодна з якiм наладжваецца работа з выхаванцамi аддзялення сацыяльнага прытулку Сацыяльна-педагагiчнага цэнтра Пружанскага раёна. План-праект складаецца на год i ўключае мерапрыемствы для ўсiх груп выхаванцаў школьнага ўзросту, прысвечаныя асноўным дзяржаўным святам i памятным дням. Запланаваныя мерапрыемствы адпавядаюць патрыятычным акцыям i праектам, якiя дзейнiчаюць у нашай краiне.

Важны момант — iндывiдуальная работа з дзецьмi, што для кожнай узроставай групы плануецца i праводзiцца асобна (для дзяцей 7—10 гадоў, 11—13 i 14—17 гадоў). Iндывiдуальная работа з выхаванцамi — таксама асобна: дзецi рознага ўзросту прыбываюць ва ўстанову ў розны час, i кожны мае розны ўзровень ведаў. Пры складаннi плана ўлiчваюцца тэматыка i патрабаваннi да ведаў школьнай праграмы па прадметах, якiя маюць патрыятычную накiраванасць.

Асноўныя формы работы з дзецьмi па патрыятычным выхаванні — бяседы, дыскусii, лекторый, вiктарына, круглы стол, iнфармацыйныя гадзiны, экскурсii (да помнiкаў роднага горада, у музеi), агляд прэзентацый, лiтаратурныя вечары i конкурсы, вуснае сачыненне, творчыя заняткi рознага характару, пошукава-даследчая дзейнасць, правядзенне святочных дзён i мерапрыемстваў (8 Сакавiка, 23 лютага, Дзень мацi, Мiжнародны дзень роднай мовы, Дзень Перамогi i iнш.).

Кожны год ярка i насычана ва ўстанове адзначаюцца адкрытыя мерапрыемствы па патрыятычным выхаванні: завочнае падарожжа “Па сцежках роднай зямлi”, лiнейка памяцi “Зямны паклон героям Перамогi!”, гiстарычны нарыс “Па мясцiнах баявой славы нашага земляка” (да 70-годдзя подзвiгу Мiкалая Гойшыка), завочнае падарожжа “Родны свой край любi i ведай!”, iнфармацыйная гадзiна “Мы — беларусы!”, прысвечаная дзяржаўнай сiмволiцы, iнтэграваныя заняткі па патрыятычным выхаванні з элементамi творчасцi “Беларусь у блакiтных пялёстках”, электронны часопiс “Мая Пружанская зямлiца”.

Падчас разнастайных мерапрыемстваў выхаванцы вывучаюць гiсторыю i культуру Бацькаўшчыны, малой радзiмы, знаёмяцца з народнымi звычаямi, традыцыямi, абрадамi, святамi, подзвiгамi беларускага народа, падзеямi часоў вайны, з дзяржаўнымi сiмваламi. Выхавальнiк, у сваю чаргу, заклiкае дзяцей размаўляць на роднай беларускай мове. Такiм чынам, мерапрыемствы садзейнiчаюць выхаванню патрыятычных пачуццяў, што так неабходна для станаўлення i развiцця асобы падрастаючага пакалення, а таксама для таго, каб адчуваць сябе сапраўдным грамадзянiнам.

У Год малой радзімы ва ўстанове больш шырока наладжваецца работа па вывучэннi гiсторыi Пружаншчыны. У адным з памяшканняў аформлены стэнд пад назвай “Мая Пружанская зямлiца”, а таксама дзейнiчае выстава лiтаратуры, прысвечаная малой радзiме, якая ў далейшым плануецца папоўнiцца. Тут сабраны матэрыял, якi дапамагае дзецям у вывучэннi роднага краю.

Вольга КАРАЛЬКЕВIЧ,
выхавальнiк Сацыяльна-педагагiчнага цэнтра Пружанскага раёна.