Мая сям’я-мой цёплы дом

- 11:30Нам пішуць, Рознае

Пад такой назвай у Свіслацкім раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры Гродзенскай вобласці адбылася сустрэча, прысвечаная Дню маці.

Ужо больш за дзесяць гадоў у раённым сацыяльна-педагагічным цэнтры працуе клуб прыёмных бацькоў “Сямейны ачаг”. Раз у квартал разам збіраюцца прыёмныя мамы, што прысвяцілі сябе дзецям, якім у родным доме не хапала цяпла і любві.

У Дзень маці адбылася чарговая такая сустрэча, пад назвай “Мая сям’я — мой цёплы дом”.Сабраліся разам пятнаццать прыёмных мам са сваімі выхаванцамі. Для іх было падрыхтавана сапраўднае свята. Мамы расказвалі аб сваіх дзецях, гаварылі аб тым, што сямейнае шчасце — гэта ў першую чаргу дзеці, клопаты аб іх, любоў і ўзаемаразуменне, а таксама цярпімасць, павага і сямейнае цяпло.

У час сустрэчы гучалі лірычныя песні ў выкананні прыёмных дзяцей, хлопчыкі і дзяўчынкі чыталі сардэчныя вершы, падрыхтавалі малюнкі на тэмы “Мая сям’я”, “Мая мама”.

Выхаванцы і прыёмныя бацькі мелі магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класах, якія праводзілі для іх спецыялісты Свіслацкага раённага СПЦ, падрыхтавалі лялькі-абярэгі “Дамавік Кузя”, паспрабавалі сябе ў маляванні пяском на светлавым планшэце.

Для прыёмных дзяцей і бацькоў была падрыхтавана конкурсна-забаўляльная праграма. Надта чуллівы момант, калі дзеці з завязанымі вачыма па далонях пазнавалі сваіх прыёмных мам. Памылкі не было ні разу. А гэта значыць, што яны даўно на памяць вывучылі ўсе рысачкі і бугарочкі на маміных руках, таму пазнаць іх было зусім не цяжка.

За кубкам чаю ўсе, хто сабраўся на пасяджэнне клуба, прысвечанага Дню маці, адчулі сябе па-сапраўднаму дружнай сям’ёй. У канцы мерапрыемства прагучаў верш прыёмнай маці Наталлі Аляксандраўны Волкавай, які яна прысвяціла мацярынству.

МарынаСЦЯЦЭНКА,
педагог-псіхолаг Свіслацкага раённага СПЦ.