Мая Віцебшчына

- 13:30Портфолио

Першы ўрок “Я вырас тут, і край мне гэты дарагі” (6 клас)

Таццяна УЛЬЯНАВА, настаўніца Даўжанскай сярэдняй школы Віцебскага раёна.

Мэта — мяркуеца, што напрыканцы ўрока вучні змогуць выказаць свае адносіны да дасягненняў малой радзімы ў розных сферах жыцця, ацаніць уклад землякоў у развіццё эканомікі, культуры, спорта, навукі Рэспублікі Беларусь.

Задачы:

  • стварыць умовы для выхаваня ў вучняў пачуцця гонару за краіну ў цэлым і малую радзіму ў прыватнасці, павагі да беларускага народа, яго дасягненняў;
  • садзейнічаць выхаванню ў шасцікласнікаў грамадзянскай адказнасці і патрыятызму, фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі і творчай актыўнасці;
  • садзейнічаць развіццю навыкаў працаваць у калектыве, несці ўзаемную адказнасць за вынікі працы.

Абсталяванне: шыльды з назвамі каманд-удзельнікаў, шыльда “Журы”; набор картак з пытаннямі,  набор картак-адказаў, набор фішак, магніты; мультымедыйная ўстаноўка, відэазапіс песні “Паланэз Агінскага” ў выкананні беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” (выступленне на Міжнародным фестывалі “Славянскі базар — 2014”); на класнай дошцы размешчана карта-контур Беларусі, малюнак дрэва “Мінулае-сучаснае-будучыня”, гульнёвае табло, рознакаляровыя кляновыя лісцікі для правядзення рэфлексіі.

Ход урока

I. Уводная частка

Настаўнік:Добры дзень, дарагія дзеці, паважаныя госці! Школьны званок паклікаў усіх нас на першы ў гэтым навучальным годзе ўрок, які будзе праходзіць у форме гульні-віктарыны. А чаму ён будзе прысвечаны, вам трэба будзе вызначыць. (Перад кожнай камандай на стале ляжаць палоскі паперы з тэкстам, з іх неабходна сабраць чатырохрадкоўе. Пасля выканання задання вучні чытаюць атрыманыя вершы).

Родимый край! Тобою я живу.

Ты в каждом колосе, в былинке каждой.

Где б ни был я — с неутомимой жаждой.

Родимый край, тобою я живу!

Все отдаю, родимый край, тебе:

Порыв души, полет счастливой строчки,

Все, от начала до последней точки.

Все отдаю, родимый край, тебе.

Настаўнік: Пра што ж мы будзем з вамі гаварыць на ўроку? (Адказы вучняў).Сапраўды, наш першы ўрок прысвечаны нашай Радзіме, дакладней, нашай малой радзіме: “Я вырас тут, і край мне гэты дарагі”. Наша краіна, наша Радзіма — Беларусь — вельмі прыгожая і багатая. А што кожны з вас лічыць сваёй малой радзімай? Што значыць “мая”? Што значыць “малая”? Што значыць “радзіма”?

(Прыкладныя адказы вучняў: МА — таму што тут мая сям’я, мой дом, мая вуліца, мая школа… МАЛАЯ — таму што гэта маленькая часцінка маёй неаб’емнай краіны… РАДЗІМА — таму што тут жывуць родныя майму сэрцу людзі…)

Настаўнік: Правільна, чалавек лічыць сваёй малой радзімай вёску ці горад, у якім жыве; дом, дзе нарадзіўся; дрэўца каля роднага парога; месца, дзе жылі яго продкі. Гэта і ёсць радзіма, гэта значыць роднае месца.

II. Асноўная частка.

Настаўнік: А ці добра мы ведаем наш родны край? Бо без мінулага немагчыма ні сучаснае, ні будучае. Мінулае — гэта пачатак, а сучаснае і будучае — яго працяг.Мінулае — гэта карані, сучаснае — гэта дрэва, а будучае — яго плады. І як дрэва і плады не могуць без карэння, так сучаснае і  будучае немагчымы без мінулага, без памяці, без спадчыны.

Сённяшняя гульня-віктарына прысвечана нашай малой радзіме — Віцебшчыне.

Земля отцов! Ты, Витебщина наша!

Полей, лугов зелёная страна.

На свете не найдётся места краше того,

Где вьётся лентою Двина.

(На класнай дошцы размешчана карта Рэспублікі Беларусь. Выходзяць трое вучняў).

1 вучань: Віцебская вобласць размешчана на паўночным усходзе Беларусі і мяжуе з Літвой, Латвіяй і Расіяй (паказвае на карце). Прырода шчодра надарыла Віцебшчыну лясамі (32% тэрыторыі), цудоўнай мазаікай азёр і рэк (больш за 600). Гонарам нашай зямлі з’яўляюцца нацыянальныя паркі “Браслаўскія азёры” і Бярэзінскі біясферны запаведнік” (паказвае на карце), якія не маюць аналагаў у Еўропе. На тэрыторыі вобласці знаходзіцца шэраг заказнікаў рэспубліканскага значэння, ахоўваецца больш за 40 помнікаў прыроды.

2 вучань: На віцебскай зямлі размешчаны старажытныя гарады Беларусі (паказвае на карце) Полацк, Віцебск, Орша. З Віцебшчынай звязаны жыццё і творчасць вядомых асветнікаў і дзеячаў культуры: Ефрасінні Полацкай, Сімяона Полацкага, Францыска Скарыны, мастакоў Марка Шагала, Ільі Рэпіна, Казіміра Малевіча, Юдэля Пэна, пісьменнікаў Івана Буніна, Янкі Купалы, Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча

3 вучань:Буйнейшыя прадпрыемствы Віцебскай вобласці: ААТ “Нафтан”, ААТ “Віцязь”, холдзінг “Беларуская гарбарна-абутковая кампанія “Марка”, кандытарская фабрыка “Віцьба”, ТАА “Рубікон”, РУВГП “Аршанскі ільнокамбінат” ААТ ”Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат”, Беларуска-германскае СП “Белвест”, Лукомльская ГРЭС.

Настаўнік:Сёння ў гульні ўдзельнічаюць 2 каманды. Пытанні віктарыны раздзелены на 2 сектары па 4 пытанні ў кожным, якія маюць цэннасць ад 1 да 4 балаў. Каманды па чарзе выбіраюць пытанні, адказвае адзін чалавек з каманды. На абдумванне даецца 1 хвіліна. Калі каманда не дае правільнага  адказу, то на пытанне можа адказаць другая каманда. За кожны правільны адказ каманда атрымлівае фішку, на якой указаны кошт пытання. Дадаткова кожная каманда можа атрымаць 1 бал, калі раскажа пра чалавека, падзею, славутасць, пра якія ідзе размова ў адказе. А вызначыць пераможцу нам дапаможа журы (прадстаўляе членаў журы).

III. Правядзенне гульні-віктарыны.

(На класнай дошцы размешчана гульнёвае табло. Пасля правільнага адказу на пытанне ў адпаведную ячэйку прымацоўваецца карцінка-адказ).

Гісторыя Віцебскага краю1234
Вядомыя вучоныя — ураджэнцы Віцебскай вобласці1234
Прырода Віцебшчыны1234
Тэхніка1234

Пытанні гульні-віктарыны.

Гісторыя Віцебскага краю.

1 — 974. Пра што вам гаворыць гэта дата? (Дата заснавання горада Віцебска)

2 — Гэты таленавіты чалавек, які пісаў вершы, займаўся графікай і ілюстрацыяй выданняў, стварыў унікальныя мазаікі і фрэскі, нарадзіўся ў 1887 годзе ў мястэчку Лёзна. Але сусветную славу і прызнанне прынёс яму жывапіс, яго карціны “Прогулка”, “Полёт”, “Дзень Нараджэння”, “Я і мая вёска”. Назавіце гэтага чалавека. (Марк Шагал)

3 — Вялікая Айчынная вайна паступова адыходзіць у мінулае, становіцца старонкамі ў падручніку гісторыі. Але чалавек да тых пор чалавек, пакуль памятае.Таму мы зноў і зноў вяртаемся да падзей далёкіх ваенных гадоў і захоўваем памяць пра тых, хто прынёс свабоду на беларускую зямлю. У горадзе Віцебску на плошчы Перамогі 30 чэрвеня 1974 года ў гонар 30-годдзя вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў гонар 1000-годдзя заснавання горада адкрыты мемарыяльны комплекс “Тры штыка”. А што яны сімвалізуюць? (“Воіны”, “Партызаны”, “Падпольшчыкі”)

4 — Ён камандзір партызанскага атрада, арганізаванага ў чэрвені 1941 года з рабочых фабрыкі в. Пудаць, які дзейнічаў паміж Суражам і Усвятамі; з красавіка 1942 года — камандзір 1-й Беларускай партызанскай брыгады. Партызаны арганізоўвалі засады  у накірунку Сураж — Усвяты — Веліж, у выніку якіх нямецкія акупанты аб’явілі раён дзейнасці атрада “зонай партызан” і беспаспяхова спрабавалі ліквідаваць яе. Назавіце партызанскі псеўданім гэтага чалавека. (Бацька Мінай)

Вядомыя вучоныя-ураджэнцы Віцебскай вобласці

1 — Першая ў свеце жанчына-прафесар матэматыкі. З’яўляецца прадстаўніцай беларускага шляхецкага роду. Дзяцінства правяла ў маёнтку Палібіна Віцебскай губерні. Яе працы прысвечаны матэматычнаму аналізу, механіцы і астраноміі. (Соф’я Кавалеўская)

2 — Авіяканструктар, вынаходца, адзін са стваральнікаў рэактыўнай і звышгукавой авіяцыі, аўтар паўсотні арыгінальных канструкцый самалётаў, больш за трыццаць з якіх былі пабудаваны і выпрабаваны. Нарадзіўся ў 1985 г. у г. Глыбокае Віцебскай вобласці. Знакаміты самалёт “Су” — яго дзецішча. (Павел Сухі)

3 — Ёсць сярод нашых землякоў Нобелеўскі лаўрэат (званне прысвоена ў 2000 годзе). З яго вынаходніцтвамі мы сутыкаемся кожны дзень. Работа кампакт-дыскаў і дыскаводаў сучасных камп’ютараў была б немагчыма без яго ўдзелу. Светлафоры, мабільныя тэлефоны, аўтамабільныя фары, абсталяванне ў супермаркетах — у іх выкарыстоўваюцца адкрыцці гэтага беларуса. Назавіце яго. (Жарэс Іванавіч Алфёраў)

4 — Ваенны інжынер арміі Вялікага княства Літоўскага нарадзіўся ў мястэчку Дуброўна Віцебскай вобласці. Тэарэтык артылерыі. Аўтар кнігі “Вялікае майстэрства артылерыі» (1650), вынаходца прататыпа шматступеннай ракеты. Па яго кнізе вучыліся Ньютан, Пётр I і Напалеон. Бацька рускай касманаўтыкі Цыялкоўскі рабіў спасылку на яго ў сваіх працах. Амерыканскае касмічнае агенцтва НАСА называе яго адным з заснавальнікаў усёй ракетнай тэхнікі. (Казімір Семяновіч)

Прырода Віцебшчыны

  1. Якую расліну называюць “паўночны шоўк”, “залатое руно” Беларусі. Зараз яго вырошчваюць на тэрыторыі 45-50 тысяч гектараў. Яе выява на Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь. (Лён)
  2. Назавіце самую буйную і цяжкую жывёлу на еўрапейскім кантыненце. Вучоныя мяркуюць, што некалі яны засялялі ўсю Еўропу. На тэрыторыі Віцебскай вобласці яе можна сустрэць у Бярэзінскім біясферным запаведніку. (Зубр)
  3. Радовішча гэтага карыснага выкапня знаходзіцца ў гарадскім пасёлку Руба, размешчаным на берагах Заходняй Дзвіны за 18 кіламетраў ад Віцебска. Яно складаецца з некалькіх участкаў. Самы вядомы кар’ер — “Гралева” — адзінае у рэспубліцы месца яго здабычы. Пра які карысны выкапень ідзе размова? (Даламіт)
  4. Віцебская вобласць уваходзіць у еўрарэгіён “Азёрны край”. Тут налічваецца больш за 2,8 тысячазёр. У мікрараёне нашай школы размешчана 5 з іх. На азёрах можна сустрэць расліну, занесеную ў Чырвоную кнігу Беларусі, якую продкі славян лічылі магутнай і называлі “адалень-трава”. Лісце і кветкі яе зашывалі ў маленькія мяшэчкі-ладанкі і бралі з сабой у падарожжа, спадзеючыся, што яна прынясе ўдачу і выратуе ад бед і няшчасцяў. А як называем мы гэту расліну? (Гарлачык белы)

Тэхніка

1.Гэты від транспарта ўпершыню ў Беларусі быў пушчаны ў маі 1898 года ў Віцебску. Менавіта ён стаў першым гарадскім транспартам і з’яўляўся галоўным на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў. У Маскве гэты від транспарта стаў выкарыстоўвацца толькі праз год, а ў Санкт-Пецярбурзе — праз 9 гадоў. Пра які від транспарта ідзе размова? (Трамвай)

2 . Гэта зборная назва адразу некалькіх рэактыўных установак часоў Вялікай Айчыннай вайны. Іх залпавы агонь — адзін з найбольш пазнаваемых сімвалаў Вялікай Айчыннай вайны. Па сваёй папулярнасці яны мала ў чым уступаюць танку Т-34 ці аўтамату ППШ. Назавіце гэтыя рэактыўныя ўстаноўкі. (“Кацюшы”)

3. На тэрыторыі Віцебскай вобласці налічваецца 18 мемарыяльных лятальных апаратаў — 13 самалётаў і 5 верталётаў. А якому роду войск устаноўлены помнік у горадзе Гарадку Віцебскай вобласці? (Помнік прысвечаны воінам-танкістам, якія прымалі ўдзел у Гарадоцкай наступальнай аперацыі)

4. Адзін з буйнейшых заводаў Віцебска быў заснаваны ў 1976 годзе. Сваю першую прадукцыю выпусціў ў 1978 годзе. У тым жа годзе пачаў выпускаць лічбавыя вылічальныя машыны для станкоў з праграмным кіраваннем. Акрамя асноўнай прадукцыі на прадпрыемстве вырабляюць бытавую тэхніку, медыцынскае абсталяванне, мэблю, будаўнічыя матэрыялы, супрацьпажарную тэхніку. Назавіце асноўную прадукцыю гэтага прадпрыемства (тэлевізары “Віцязь”).

IV. Падвядзенне вынікаў.

(Капітаны каманд здаюць  журы заработаныя фішкі. Журы падводзіць вынікі гульні-віктарыны, узнагароджвае пераможцаў)

V. Рэфлексія.

Настаўнік: Наш урок падыходзіць да заканчэння. Я хачу вам пажадаць, каб вы старанна вучыліся і працавалі, любілі нашу краіну, сваімі справамі ўпрыгожвалі сваю малую радзіму. Памятайце, вы будучае нашай краіны. У нашага сімвалічнага дрэва зараз з’явіцца крона. (Па перыметру класнай дошкі развешаны кляновыя лісцікі, на якіх зроблены запісы: на зялёным — “Мая Радзіма — гэта…”, на жоўтым — “Я люблю свой край за тое, што…”, на белым — “Сёння для працвітання маёй радзімы я…”, на аранжавым — “Я хачу, каб мая Радзіма была…”, на чырвоным — “Калі я стану дарослым, то абавязкова…”. Вучні дапісваюць незакончаныя сказы, зачытваюць іх і прымацоўваюць лісцікі на галінах да намаляванага на дошцы дрэва).

VI. Заключэнне.

Настаўнік: “Я вырас тут, і край мне гэты дарагі”. Гэта пра прыхільнасць чалавека да месца, дзе ён нарадзіўся, дзе рос, дзе знайшоў сяброў” пра паважлівыя адносіны да людзей, іх звычаяў і традыцый. У кожнага з вас свая дарога ў жыцці, свой шлях, але няхай у сэрцы кожнага з вас жыве любоў да роднай зямлі, роднага краю, роднай вёскі, вуліцы, на якой вы жывяце, школе, у якой вучыцеся, любоў да малой радзімы.

Я з тых краёў, куды буслы вяртаюцца,

Я з тых палёў, дзе кветак — не злічыць,

Я з тых бароў, што песняй адгукаюцца,

Я з той зямлі, што ўбачыў — не забыць.

Напрыканцы ўрока гучыць песня Міхаіла Клеафаса Агінскага. Прадзед Агінскага быў ваяводам у Віцебску, дом Агінскіх размяшчаўся на тэрыторыі Ніжняга замка (тэрыторыя пачатку вуліцы Фрунзэ; на гэтым месцы была першая гарадская электрастанцыя). Па волі лёсу ён быў вымушаны пакінуць Радзіму. Але кожны чалавек, дзе б ён ні быў, думкамі, сэрцам вяртаецца на малую радзіму. Выконвае “Паланэз Агінскага” ВІА “Песняры”

(Гучыць песня “Паланэз Агінскага” ў выкананні беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”)