Медальны дождж

- 9:40Адукацыйная прастора

Падведзены вынікі XVII Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы IZHO 2021, у якой прынялі ўдзел 1006 школьнікаў з 20 краін свету: Беларусі, Расіі, Украіны, Сербіі, Балгарыі, Інданезіі, Турцыі і інш. На рахунку беларускіх школьнікаў 38 узнагарод: 25 навучэнцаў адзначаны медалямі спаборніцтваў па інфарматыцы, 8 — па матэматыцы і 5 — па фізіцы.

Залаты прызёр па інфарматыцы Станіслаў Дамасевіч.

Алімпіяда праводзілася з 8 па 13 студзеня анлайн з хостынгам у Алматы (Казахстан). Яе арганізатарамі з’яўляюцца Рэспубліканская фізіка-матэматычная школа і Рэспуб­ліканскі навукова-практычны цэнтр “Дарын” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Казахстан.
У інтэлектуальных спаборніцтвах па інфарматыцы спаборнічалі 295 школьнікаў, якія прадстаўлялі навучальныя ўстановы агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі з 18 краін: Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Балгарыі, Грузіі, Індыі, Інданезіі, Казахстана, Кыргызстана, Манголіі, Румыніі, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, Турцыі, Туркменістана, Украіны, Узбекістана.

Як расказаў трэнер па спартыўным праграмаванні Клуба юных пажарных Мазыра Аляксей Валянцінавіч Баруноў, у кожным з двух тураў спаборніцтваў за 5 гадзін удзель­нікі павінны былі распрацаваць па прадастаўленых умовах тры праграмы і адправіць іх на праверку ў тэсціруючую сістэму алімпіяды. Дапускалася як поўная 100-бальная ацэнка кожнага рашэння, так і частковая ацэнка — калі праграма ўдзельніка апрацоўвала дакладна толькі частку даных. Удзельнікі вялі работу з анлайн-відэапракторынгам — сістэ­май відэатрансляцыі ў жывым рэжыме экранаў камп’ютараў, патокаў відэа з вэб-камер кожнага з удзельнікаў і панарамных камер у памяшканні. На баку арганізатараў у Алматы каманды назіральнікаў адсочвалі трансліраваныя аўдыя- і відэапатокі  — кожнай дэлегацыі ўдзельнікаў быў прызначаны асобны проктар. У Беларусі пляцоўкі для ўдзелу ў алімпіядзе былі арганізаваны ў Брэсце, Гомелі, Віцебску, Мінску, Мазыры.

Па выніках алімпіяды па інфарматыцы беларускія школьнікі заваявалі 3 залатыя медалі, 9 сярэбраных і 13 бронзавых. Лепшымі сярод юных знаўцаў інфарматыкі сталі Станіслаў Дамасевіч з Клуба юных пажарных Мазыра, Андрэй Касцяной (гімназія № 51 Гомеля), Дзяніс Лагуноў (Ліцэй БДУ). Яны ўдастоены залатых медалёў. Сярэбраныя медалі заваявалі Багдан Толсцік, Данііл Забаўскі (Ліцэй БДУ), Ягор Цілігузаў, Канстанцін Смірноў, Мікалай Навіцкі (гімназія № 1 Віцебска), Дзмітрый Боніч, Ілья Кучынскі (гімназія № 1 Брэста), Дар’я Гнядзько, Цімафей Балюконіс (гімназія № 8 Віцебска).

Уладальнікамі бронзавых медалёў сталі Уладзіслаў Анохаў, Рыгор Казачонак, Арцемій Уейскі, Ягор Дуброўскі, Мілана Кагановіч, Яраслаў Ахраменка (Ліцэй БДУ), Уладзімір Марозаў (гімназія № 29 Мінска), Станіслаў Палынь, Мікіта Чарнаокі, Цімафей Булаўка, Антон Кольчанка (Клуб юных пажарных Мазыра), Дзмітрый Гарбатоўскі (гімназія № 51 Гомеля), Уладзіслаў Адаменка (гімназія № 1 Віцебска).

На спаборніцтвах па матэматыцы “золата” алімпіяды ва Уладзіслава Максімчука (Ліцэй БДУ) і Ксеніі Шастаковай (сярэдняя школа № 21 Оршы). “Серабром” адзначаны Арцём Мялік, Дзмітрый Гаравой (Ліцэй БДУ), “бронзу” заваявалі Ганна Блажко, Марына Горбач (Ліцэй БДУ), Іван Сіпараў, Даніла Окунеў (гімназія № 8 Віцебска).

У склад міжнароднага журы па матэматыцы ўвайшлі эксперты ад БДУ: дацэнт кафедры вышэйшай алгебры і абароны інфармацыі механіка-матэматычнага факультэта Ігар Варановіч, загадчык кафедры агульнай фізікі фізічнага факультэта Анатоль Слабадзянюк.

Алімпіяда па фізіцы прынесла беларусам 5 медалёў. Сярэбраныя ўзнагароды атрымалі Міхаіл Хартан, Вольга Турчына (Ліцэй БДУ), Аляксандр Капярцехаў (сярэдняя школа № 61 Гомеля), бронзавыя — Максім Шастак, Мікіта Макарэвіч (Ліцэй БДУ).

Паспяхова выступілі на гэтых інтэлектуальных спаборніцтвах ліцэісты БДУ: яны заваявалі 18 медалёў. Дыпломам III ступені ў камандным заліку адзначана зборная № 1 ліцэя. Па правілах алімпіяды, у склад кожнай каманды, як правіла, павінна ўваходзіць не больш за 7 удзельнікаў: да 3 удзельнікаў па матэматыцы, да 2 — па фізіцы і да 2 удзельнікаў па інфарматыцы і 1 або 2 кіраўнікі (фізік, матэматык, інфарматык).

Віншуем пераможцаў XVII Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды школьнікаў па ма­тэматыцы, фізіцы і інфарматыцы і жадаем далейшых перамог!

Наталля КАЛЯДЗІЧ.