Для Вольгі Пятроўны КРЫЧКО, намесніка дэкана па вучэбна-выхаваўчай рабоце філалагічнага факультэта БДУ, наша сустрэча стала нагодай расказаць не столькі пра сябе, колькі пра сваю альма-матар. І мы гутарым з Вольгай Пятроўнай пра выбітных філфакаўскіх выкладчыкаў, пра сам факультэт, дзе кіпіць навука і творчасць, пра беларускую мову, якая, нягледзячы на ўсё, гучыць тут і набірае моц, і, безумоўна, пра беларускую літаратуру, якой так аддана служыць наша гераіня.
— Вольга Пятроўна, раскажыце, калі ласка, пра ваш шлях у навуку. Што натхніла вас, гарадскую дзяўчыну з рускамоўнага асяроддзя, так сур’ёзна заняцца старажытнай беларускай літаратурай?
— Мы сустракаемся напярэдадні Дня настаўніка, і мне хацелася б сказаць, што самы важны настаўнік у жыцці кожнага чалавека — гэта сям’я. Менавіта ад сям’і залежыць будучыня асобы і яе прафесійнае станаўленне, таму варта падзякаваць гэтаму цудоўнаму настаўніку. Я дзякую маім бабулі і дзядулю, якія прайшлі вайну і ў пасляваенныя гады імкнуліся самі атрымаць адукацыю і даць дастойную адукацыю дзецям. Я вельмі ганаруся, што мая мама таксама выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Мае хросныя бацькі — выдатныя педагогі і вучоныя.
Мне вельмі пашчасціла на першую настаўніцу. Калі я прыйшла ў нулявы клас сярэдняй школы № 6 Мінска, Ядвіга Іосіфаўна Гошка ўжо была заслужаным настаўнікам БССР.
А яшчэ мне пашанцавала паступіць у гімназію № 5 Мінска (тады гэта была эканамічная гімназія № 199), як толькі гэтая ўстанова расчыніла свае дзверы. І я ніколі не перастану казаць словы ўдзячнасці лепшаму, на маю думку, настаўніку матэматыкі Барысу Юр’евічу Яшчыну.
Я скончыла фізіка-матэматычны клас эканамічнай гімназіі і настойваю на тым, што філалогія, нягледзячы на скептычнае стаўленне многіх да гэтай навукі, — такая ж сур’ёзная і дакладная навука, як фізіка і матэматыка. Думаю, мой выбар спецыяльнасці быў абумоўлены матэматычным складам розуму і тым выхаваннем, якое я атрымала ў фізіка-матэматычным класе. Дарэчы, Барыс Юр’евіч заахвочваў сваіх шматлікіх алімпіяднікаў чытаць мастацкую літаратуру. Ён гаварыў, што гэта вельмі добра развівае абстрактнае мысленне і фізіка-матэматычныя здольнасці.
— Як настаўнік паставіўся да вашага прафесійнага выбару?
— Калі я паведаміла, што стала медыявістам-палеаславістам, Барыс Юр’евіч заўважыў: “Гэта таму, што ты добра ведаеш матэматыку!” І я з ім пагаджаюся, бо філалогія — вельмі цікавая, сур’ёзная, глыбокая навука.
Патлумачу, што медыявістыка — гэта такі раздзел літаратуразнаўства, які займаецца вывучэннем літаратуры ХІ—ХVІІІ стагоддзяў. Палеаславістыка, у сваю чаргу, вывучае ўсё, што звязана са старажытным славянскім пісьменствам. Канечне, я стала медыявістам-палеаславістам дзякуючы філалагічнаму факультэту БДУ, куды паступіла ў 1995 годзе і які з чырвоным дыпломам скончыла ў 2000 годзе. Тут жа вучылася ў аспірантуры пры кафедры гісторыі беларускай літаратуры.
Сёння ў Беларусі вельмі моцная медыявістычная школа, і вялікая заслуга ў гэтым належыць філалагічнаму факультэту БДУ і маім цудоўным настаўнікам. Я лічу вялікім шчасцем, што мела магчымасць слухаць лекцыі Адама Яўгенавіча Супруна і Алега Антонавіча Лойкі. Свет замежнай літаратуры нам адкрывалі Святлана Дзяменцьеўна Малюковіч і Ірына Вікенцьеўна Шаблоўская, якія, дарэчы, чыталі свае лекцыі па-беларуску. І многія творы замежнай літаратуры мы спасцігалі менавіта ў беларускіх перакладах. Хачу згадаць цудоўнага выкладчыка, віртуознага лектара Ірыну Уладзіміраўну Таяноўскую, якая чытала лекцыі па памяці і бліскуча валодала красамоўствам. Яшчэ будучы студэнткай я ўзяла з яе прыклад і многаму ад яе навучылася, напрыклад, таксама імкнуся падчас лекцый не карыстацца запісамі. Нельга не ўспомніць практычныя заняткі па сінтаксісе сучаснай беларускай мовы тады яшчэ маладога выкладчыка, а сёння дырэктара Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргея Аляксандравіча Важніка. Надзвычай цікава праводзіў заняткі Кір Аляксеевіч Тананушка, які нас, ужо аспірантаў, вучыў старажытнагрэчаскай мове. Разам з ім мы перакладалі “Апакаліпсіс, або Адкрыццё Іаана Багаслова”. І гэты спіс можна працягваць бясконца, бо на філалагічным факультэце БДУ працуюць, на маю думку, найлепшыя выкладчыкі, бліскучыя навукоўцы, прафесіяналы самага высокага кшталту.
Я выбрала сваю спецыялізацыю на 1 курсе, і гэта не выпадковасць. Справа ў тым, што на філалагічным факультэце БДУ існуе ўнікальная сістэма навуковых спецсемінараў, якой няма ні на якім іншым факультэце нашай краіны. Гэтую сістэму ў сярэдзіне ХХ стагоддзя Адам Яўгенавіч Супрун прывёз з Ленінграда. Так, студэнты яшчэ на 1 курсе выбіраюць сабе навуковую тэму і на працягу ўсяго тэрміну навучання прыходзяць на спецсемінар да навуковага кіраўніка. Такая сістэма дазваляе прыцягваць моладзь у навуку і фарміраваць сапраўдных вучоных, а на факультэце дзейнічаюць вельмі моцныя школы, захоўваюцца традыцыі і навуковая пераемнасць.
Я наведвала навуковы семінар дацэнта Таццяны Пятроўны Казаковай, якая па сённяшні дзень з’яўляецца маім навуковым кіраўніком. На кафедры гісторыі беларускай літаратуры, дзе я працую, вельмі моцныя медыявістычныя традыцыі. У нейкім сэнсе мой бацька ў навуцы вучоны-медыявіст Уладзімір Георгіевіч Кароткі заўсёды дэманстраваў вернасць традыцыям ленінградскай медыявістычнай школы акадэміка Панчанкі і прыўнёс іх на нашу кафедру.
Яшчэ хачу ўспомніць добрым словам прафесараў нашай кафедры, а цяпер адпаведна Варшаўскага і Люблінскага ўніверсітэтаў Міколу Валянцінавіча Хаўстовіча і Сяргея Валер’евіча Кавалёва. Калі я ў аспіранцкія часы як малады выкладчык прыйшла на кафедру, атмасфера навуковага пошуку стваралася гэтымі цудоўнымі спецыялістамі і знаўцамі беларускай літаратуры. І гэта далёка не ўвесь спіс людзей, якім хочацца сказаць словы падзякі, настаўнікаў з вялікай літары, якія і сёння развіваюць беларускую навуку.
Я ў пэўным сэнсе дзіця асфальту і не чула той сакавітай беларускай мовы, якую можна пачуць у вёсцы. Вывучала мову менавіта тут, на філалагічным факультэце, па творах класікаў беларускай літаратуры. І загаварыла я па-беларуску, ужо калі пачала выкладаць студэнтам, бо выкладчыкі на філалагічным факультэце кантактуюць паміж сабой на беларускай мове. Здараецца, падыходзіць студэнтка, пытаецца ў мяне штосьці па-руску, а потым выбачаецца: “Вольга Пятроўна, а вы па-руску размаўляеце?”
— Медыявістыка — складаная навука на стыку з гісторыяй і філасофіяй. Як на 1 курсе ў 17 гадоў можна вырашыцца пасягнуць на такія глыбіні?..
— Сапраўды, на першы погляд можа падацца, што гэта надта складана, але, з іншага боку, сучасныя выкладчыкі вельмі добра ўзброены, каб выкладаць свой прадмет даходліва і цікава. Хачу сказаць, што заняткі па гісторыі беларускай літаратуры, а мы са студэнтамі праходзім пакручасты шлях праз стагоддзі — ад ранняга Сярэднявечча да мадэрнізму, — можна праводзіць у нашым цудоўным універсітэцкім дворыку, дзе ёсць галерэя асветнікаў пад адкрытым небам. Можна займацца ў галерэі гісторыі беларускага пісьменства, якую мы разам з Уладзімірам Георгіевічам Кароткім стварылі на філалагічным факультэце. Нашай вучэбнай аўдыторыяй могуць стаць кабінет беларускай філалогіі або кабінет-музей беларускай народнай культуры. Мы са студэнтамі можам стаць удзельнікамі пленарнага пасяджэння навуковай канферэнцыі або наведаць кнігазнаўчыя чытанні ў Нацыянальнай бібліятэцы. Сучасныя тэхнічныя сродкі даюць нам магчымасць працаваць у архівах, у аддзелах рукапісаў і старадрукаў, не пакідаючы межы вучэбнай аўдыторыі. Дзякуючы той агромністай працы, што вядзецца ў нашай краіне, мы маем лічбавыя копіі рукапіснай і старадрукаванай літаратуры. У мультымедыйных класах, якія ёсць на філалагічным факультэце, можна працаваць не толькі з хрэстаматыямі, але і з неадаптаванымі тэкстамі.
Паўтаруся, у нас наймацнейшая медыявістычная школа, якой можна ганарыцца. Сёння адкрыты цэлыя мацерыкі беларускай літаратуры даўняга перыяду, шматмоўнай літаратуры Беларусі на царкоўнаславянскай, старабеларускай, лацінскай, старапольскай мовах. Гэтую найцікавейшую літаратуру эпохі Сярэднявечча, Адраджэння, Барока мы чытаем са студэнтамі, часам у арыгінале. Вельмі важна, што студэнты не спыняюцца ў межах праграмных курсаў, якія таксама вельмі насычаныя. Напрыклад, з адной з маіх студэнтак мы перакладаем на беларускую мову “Турэцкія лісты” англійскай пісьменніцы ХVІІІ стагоддзя лэдзі Мэры Уортлі Мантэгю. Так сучасная дзяўчына і гэтая цудоўная дама знайшлі адна адну ў прасторы інтэрнэту, і мы працуем над тым, каб сённяшні беларускі чытач мог пазнаёміцца з выдатным літаратурным творам ХVІІІ стагоддзя.
Каб захапіць студэнтаў, трэба быць улюбёнай у свой прадмет, і тады гэтая любоў і натхнёнасць перадаюцца ім, яны адгукаюцца на творы прыгожага пісьменства. Нягледзячы на тое, што прапанаваныя тэксты моцна аддалены ад сённяшніх студэнтаў у часе і моладзь аддае перавагу электроннаму спосабу камунікацыі, чытае не толькі літаратуру, а і сецературу, тым не менш можна зацікавіць маладых людзей і старажытнымі творамі. Чаму так адбываецца? Мне падаецца, што на філалагічны факультэт прыходзяць філолагі — гэта значыць людзі ад пачатку ўлюбёныя ў слова, прыходзяць па слова і знаходзяць яго.
— Ці ўсведамляюць вашы студэнты, што ў выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры асаблівая місія?
— Сапраўды, у выкладчыка мовы і літаратуры асаблівая місія — апостальская. Калі прыгадаць словы Кірыла Тураўскага, то ён назваў бы нас “ратаями слова”. Мы засяваем тую глебу, з якой узрастае асоба. Менавіта слова, моўленае ці захаванае ў помніках прыгожага пісьменства, праз стагоддзі робіць чалавека чалавекам. А праз роднае слова, праз беларускае слова чалавек укаранёны ў сваёй Айчыне. Праз роднае слова нараджаецца нацыя. І тут ролю выкладчыка роднай мовы і літаратуры немагчыма пераацаніць. Нашы студэнты, безумоўна, гэта ўсведамляюць.
— Ці гатовы яны прыкладаць намаганні і выводзіць беларускую мову ў вялікі свет?
— Мы стараемся рабіць усё магчымае, каб папулярызаваць родную мову і літаратуру ў самых розных сферах грамадскага і культурнага жыцця. У нас на філалагічным факультэце штогод ладзіцца Тыдзень беларускай мовы (у краіне адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, але ў нас святкаванне доўжыцца цэлы тыдзень). У мінулым навучальным годзе мы вырашылі выйсці за межы нашага факультэта і правялі патрыятычна-асветніцкую акцыю на ваенным факультэце Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі пад назвай “Ад слова вырастаюць крылы…”. Гэта быў сапраўды поспех — наш і беларускай мовы.
Хачу таксама згадаць свайго студэнта, вядомага беларускамоўнага спартыўнага каментатара Дзмітрыя Герчыкава, які нясе беларускую мову ў спартыўную сферу. І такіх прыкладаў усё больш.
Акрамя таго, я вельмі ганаруся нашымі замежнымі стажорамі, якія прыязджаюць на філалагічны факультэт з самых розных краін свету. Аднойчы да нас прыехала студэнтка Цукубскага ўніверсітэта Японіі Сіёры Кіёсава, якая пачала тут вывучаць беларускую мову і літаральна сёлета разам з дацэнтам кафедры сучаснай беларускай мовы Таццянай Расціславаўнай Рамза прэзентавала ў нас у БДУ і ў Цукубскім універсітэце першы падручнік беларускай мовы для японскіх студэнтаў. Сёння Сіёры Кіёсава выкладае беларускую мову ў Японіі.
Мой студэнт-стажор з Такійскага ўніверсітэта Кэн Сібата, калі прыехаў вучыцца на філалагічны факультэт, таксама зацікавіўся беларускай мовай. Сёння ён ужо заканчвае работу над перакладам паэзіі Максіма Багдановіча з беларускай мовы на японскую. Акрамя таго, у Такійскім універсітэце Кэн падрыхтаваў навуковую працу, дзе разгледзеў беларуска-японскія літаратурныя ўплывы.
Таксама на філалагічным факультэце пры кафедры кітайскай філалогіі дзейнічае гурток перакладчыкаў кітайскай паэзіі на беларускую мову. Апякуюцца яго дзейнасцю выкладчыкі кітайскай мовы выпускніцы філалагічнага факультэта Ганна Холева і Дар’я Нечыпарук. Як плён працы гэтага гуртка ў часопісе “Маладосць” былі надрукаваны пераклады каля двух дзясяткаў вершаў знакамітага кітайскага паэта.
— Дзіўна, што ў далёкай Японіі не проста ведаюць пра беларускую мову, але і вывучаюць яе і нават пішуць на ёй вершы. Чым прываблівае японцаў наша мова? Ім падабаецца яе гучанне?
— Мне падаецца, што так. У японцаў тонкі слых да музычнага ладу нашай мовы, іх прываблівае яе прыгажосць. Акрамя таго, калі да нас прыязджаюць стажоры, мы імкнёмся адкрыць для іх нашу краіну і багацце нашай нацыянальнай культуры. Зразумела, яны адгукаюцца на гэта.
Дарэчы, беларускай мовай цікавяцца і еўрапейскія студэнты. На сёлетнім фестывалі моў, які штогод ладзіцца на філалагічным факультэце БДУ, было прэзентавана каля 50 моў свету (у нас вывучаюцца 14 сучасных моў, а яшчэ лацінская, старажытнагрэчаская і навагрэчаская). Дык вось беларускую мову на гэтым фестывалі прэзентаваў наш стажор з Германіі.
Штогод у маі студэнты і стажоры філалагічнага факультэта разам з выкладчыкамі выязджаюць на радзіму Янкі Купалы. Там на імправізаванай сцэне сустракаюцца ўсе нашы паэтычныя таленты, якія чытаюць свае вершы і вершы класікаў. Я думаю, Янка Купала быў бы вельмі ўсцешаны тым, што ён чуе на сваёй радзіме выдатную беларускую паэзію, якая гучыць і з японскім, і з кітайскім, і з нямецкім акцэнтам.
— Дзякуй, Вольга Пятроўна, за размову.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.