Мэты ўстойлівага развіцця: ад інфармавання — да рэалізацыі

- 12:16Якасць адукацыі

Днямі Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на два дні ператварыўся ў дыскусійную пляцоўку. На II Міжнародны сімпозіум “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў — сацыяльны дагавор” з’ехаліся прадстаўнікі сістэмы адукацыі, органаў заканадаўчай і выканаўчай улады, бізнесу, грамадскіх арганізацый, навуковых і экспертных супольнасцей з Беларусі, Расіі, Украіны, Аўстрыі, Арменіі, Германіі, Кітая, Коста-Рыкі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Швейцарыі, каб абмеркаваць ролю і месца адукацыі ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця.

Адукацыйная аснова

Пра ролю выхавання ў дасягненні Мэт устойлівага развіцця ў сваім выступленні Раіса Сідарэнка, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, сказала так: “Ні адна глабальная мэта ўстойлівага развіцця не можа быць дасягнута, калі мы не будзем выпрацоўваць у маладых людзей уменні супрацьстаяць сучасным выклікам, якія сціраюць адрозненні паміж народамі, ліквідуюць іх гістарычнае мінулае. Мы павінны вучыць нашу моладзь захоўваць сваё нацыянальнае, берагчы незалежнасць краіны, шанаваць спадчыну дзяржавы, фарміраваць такія найважнейшыя паняцці, як грамадзянін і патрыёт. Для гэтых мэт Міністэрствам адукацыі сумесна з прадстаўнікамі маладзёжных аб’яднанняў і ўсімі зацікаўленымі распрацоўваецца стратэгія развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на далёкую перспектыву”.

Пра ролю адукацыі паразважаў і Аляксандр Жук, рэктар БДПУ імя Максіма Танка, старшыня савета Асацыяцыі “Адукацыя — для ўстойлівага развіцця”, член Каардынацыйнага савета па АУР пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь: “Адукацыю я лічу галоўным драйверам, лакаматывам Мэт устойлівага развіцця ў нашай краіне, бо якраз у сферы адукацыі ёсць магчымасць сфарміраваць уяўленне і разуменне Мэт устойлівага развіцця і іх важнасці для будучыні. Таму сістэма адукацыі, якая працуе з дашкольнікамі і школьнікамі, са студэнтамі і з дарослым насельніцтвам, і бярэ на сябе місію фарміравання адпаведных ведаў і кампетэнцый, каб людзі маглі жыць у гэтых умовах і фарміраваць будучыню для сябе, сваіх дзяцей і ўнукаў”. Па яго словах, усё павінна працаваць на ідэю дасягнення ўстойлівага развіцця: “У краіне ўжо створана адпаведная інфраструктура. Зараз трэба пераходзіць на наступную стадыю: ад заклікаў і інфармавання — да канкрэтных мер па сістэмнай рэалізацыі ўсіх кірункаў устойлівага развіцця ў нашай краіне”.

Па меркаванні Мірыян Вілела, выканаўчага дырэктара сакратарыята міжнароднай ініцыятывы “Хартыя Зямлі” (Універсітэт свету, Коста-Рыка), у многім гэтаму паспрыяе далучэнне педагагічнай супольнасці да міжнароднай ініцыятывы “Хартыя Зямлі”. Гэта маштабнае добраахвотнае аб’яднанне, у склад якога ўваходзяць вядучыя міжнародныя інстытуты, нацыянальныя ўрадавыя ведамствы, універсітэцкія асацыяцыі, няўрадавыя арганізацыі, гарады, а таксама мноства вядомых лідараў устойлівага развіцця. Іх агульная задача — спрыяць пераходу да ўстойлівага ладу жыцця і глабальнага грамадства, дзе б галоўнымі былі павага і ўвага да жыцця супольнасці, экалагічная бяспека, усеагульныя правы чалавека, павага да разнастайнасці, эканамічная справядлівасць, дэмакратыя і культура свету.

Менеджар міжнародных праектаў Science Shop Bonn, эксперт Дэпартамента ЕС “Даследаванні і інавацыі”, каардынатар міжнароднай сеткі Living Knowledge (Бон, Федэратыўная Рэспубліка Германія) Норберт Штайнхаўз абгрунтаваў папулярнасць у Еўропе навуковых крам. Гэта спроба маладых вучоных быць карыснымі для грамадскасці: атрыманыя ва ўніверсітэтах веды яны прымяняюць для вырашэння праблем, з якімі да іх прыходзяць людзі. Хоць праблемы гэтыя тычацца розных сфер (бізнес, навуковыя тэхналогіі і інш.), усё ж большасць прыходзіць да маладых вучоных з пытаннямі пра стан навакольнага асяроддзя і пра тое, як гэта паўплывае на здароўе людзей: наколькі забруджана паветра ў іх раёне, якім рызыкам падвяргаецца здароўе чалавека, што жыве паблізу высакавольтнай лініі электраперадач і інш. Дарэчы, некалькі такіх навуковых крам па нямецкім прыкладзе ўжо дзейнічае ў беларускіх школах і ўніверсітэтах.

Падчас сімпозіума працавалі дыскусійныя пляцоўкі, сярод якіх — круглы стол, арганізаваны сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Беларусі. Удзельнікі міжведамаснай рабочай групы па падрыхтоўцы праекта Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь да 2035 года абмяркоўвалі канцэптуальныя падыходы да сістэмы адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця.


Вопыт наглядна


Пазнаёміцца з тым, што ўжо зроблена рэсурснымі цэнтрамі, школамі і гімназіямі Беларусі ў кірунку ўстойлівасці, удзельнікі сімпозіума змаглі на выставе “Адукацыя — Мэтам устойлівага развіцця”.

Так, працавала пляцоўка Green Office BSPU — маладзёжнай валанцёрскай арганізацыі, якая была створана летась на базе факультэта прыродазнаўства БДПУ. Нягледзячы на тое, што гэтай арганізацыі толькі год, удзельнікамі “Зялёнага офіса” зроблена ўжо многае. Наталля Шаўцова, каардынатар рэсурснага цэнтра Green Office BSPU, паведаміла: “Каб прасоўваць Мэты ўстойлівага развіцця ў прывычнае жыццё студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта, мы праводзім мерапрыемствы, напрыклад, “На шляху да паспяховай сесіі”, “Планеце — з любоўю”. Нядаўна ва ўніверсітэце і ў нашых інтэрнатах мы ўстанавілі кардонныя кантэйнеры для збору макулатуры. Хутка з’явяцца і кантэйнеры для збору тэтрапакаў і батарэек. Хочам устанавіць таксама кантэйнеры па зборы пластыку. Так, студэнты добра ведаюць, што карысна піць ваду, але ж цяпер сметніцы актыўна напаўняюцца бутэлькамі. Акрамя таго, мы прымаем удзел у майстар-класах нямецкіх, чэшскіх калег. Напрыклад, у лютым 2018 года ў БДПУ была арганізавана серыя майстар-класаў доктара Марка Рыкмана, прафесара Універсітэта Фехта (Германія) — кіраўніка аўтарскага калектыву ЮНЕСКА па распрацоўцы методыкі адукацыі ў інтарэсах дасягнення Мэт устойлівага развіцця. Падчас маладзёжнага фестывалю “ВНУ-2018” валанцёры Green Office BSPU самі правялі больш за 30 мерапрыемстваў (майстар-класаў, конкурсаў, выстаў, акцый, кінапаказаў), накіраваных на беражлівыя адносіны да навакольнага асяроддзя. Нашы студэнты сталі ўдзельнікамі праекта “Фабрыка думкі. Маладая будучыня”, які рэалізоўваўся ў Санкт-Пецярбургу і ў межах якога быў распрацаваны праект “Экаарт”. Гэтыя праекты мы цяпер хочам рэалізоўваць і ў сябе. Актыўна супрацоўнічаем са школамі, асабліва з сярэднімі школамі №№ 55 і 172 Мінска. У найбліжэйшы час на іх базе мы плануем ажыццявіць праект “17 дзён — 17 мэт”, у рамках якога кожную сераду будуць праходзіць тэматычныя мерапрыемствы. У далейшым хочам пашырыць сетку зацікаўленых школ”.

Пра вопыт студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі (СНДЛ) “Адукацыйная практыка ў інтарэсах устолівага развіцця ва ўстановах дашкольнай адукацыі” гасцям расказала яе кіраўнік Алена Анатольеўна Рублеўская: “Студэнты лабараторыі займаюцца праектам “Методыка выхавання ў дзяцей дашкольнага ўзросту беражлівых адносін да прыродных рэсурсаў”. У прыватнасці, распрацоўваюцца такія сродкі, як экалагічныя казкі, дыдактычныя гульні, дапаможнікі і матэрыялы. Студэнты актыўна папулярызуюць Мэты ўстойлівага развіцця. Сёлета былі рэалізаваны такія ініцыятывы, як экасумка, экацацка, экакалаж. Летась мы сталі пераможцамі конкурсу на лепшую СНДЛ у намінацыі “Псіхолага-педагагічныя дысцыпліны”.

Дарэчы, пра актыўную дзейнасць студэнтаў сведчаць і шматлікія сертыфікаты, дыпломы і граматы, атрыманыя толькі за бягучы навучальны год. Яны ўдзельнічалі ў міжнародных канферэнцыях, якія праходзілі ў Мінску, Маскве, Каломне, Пярмі, Кахані, Іркуцку, Екацярынбургу. Акрамя таго, маюць шмат публікацый.

Зацікавіў замежных гасцей і вопыт сталічнай гімназіі № 19. “Асноўным праектам нашай гімназіі з’яўляецца ЭКАГРАД, што азначае экалагічны, камфортны, адукаваны, грамадзянскі, развіты, актыўны, дэмакратычны горад. Яго жыхарамі з’яўляюцца педагогі, вучні, іх бацькі і партнёры гімназіі, а ў межах ЭКАГРАДа функцыянуе майстэрня “Эка+”, дзе мы пры дапамозе экалагічна чыстых матэрыялаў ствараем вырабы, праводзім майстар-класы. Для юных вучоных гімназіі працуе навуковы цэнтр “Геліяс”, у якім дзеці вывучаюць навуку праз прыродныя з’явы”, — патлумачыла навучэнка 9 класа Дар’я Самусенка.

Асноўным кірункам сярэдняй школы № 3 Пінска стала праектная дзейнасць. Як паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Валянціна Уладзіміраўна Вядзерчык, у школе ўжо рэалізоўваліся інавацыйныя праекты “Укараненне мадэлі стварэння крэатыўнага асяроддзя па павышэнні фінансавай дасвечанасці навучэнцаў”, “Укараненне мадэлі фарміравання праектных уменняў навучэнцаў першай ступені адукацыі сродкамі набораў LEGO”.

Зараз рэалізоўваецца праект “Шлях сапсаванай таблеткі”. Педагогі і навучэнцы згаданай школы першыя ў Беларусі звярнулі ўвагу на тое, што пратэрмінаваныя лекавыя сродкі нельга выкідваць на сметнік, але іншых варыянтаў няма. Аднак цяпер адказ на пытанне “Куды дзяваць пратэрмінаваныя лекі” ведаюць усе ў Пінску: менавіта ў школе № 3 усталяваны антывандальны кантэйнер, у які збіраюцца сапсаваныя лекі, каб потым адправіцца на ўтылізацыю.

“Акрамя таго, з верасня ў нас рэалізоўваецца праект “Адходы ў даходы” па вермікультываванні — развядзенні і вырошчванні чарвей. Шкодзень каля 5 кг арганічных адходаў утвараюцца ў школьнай сталовай — лупіна ад бульбы і іншай агародніны. І мы яе не выкідваем, а кормім ёй чарвякоў пароды беларускі араты і еўрапейскі. Плануем, што вытворчасць біягумусу, вермічаю стане асновай нашай бізнескампаніі”, — дзеліцца планамі В.У.Вядзерчык.

У Беларусі дзейнічаюць больш як 40 рэсурсных цэнтраў па розных відах эканамічнай дзейнасці, у тым ліку па энергетыцы. Дзіцячы сад № 45 Гродна — адна з нямногіх устаноў дашкольнай адукацыі, якая стала рэсурсным цэнтрам комплексай падтрымкі практык АУР у гэтым кірунку. Як паведаміла кіраўнік установы Людміла Іванаўна Кушнірук, у садзе вядзецца паглыбленая работа па фарміраванні энергаэфектыўнага ладу жыцця як у дашкольнікаў, так і ў іх бацькоў, а таксама ў педагогаў, школьнікаў, у людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця рознага ўзросту. Напрыклад, педагогі расказваюць і паказваюць ім аднаўляльныя і неаднаўляльныя крыніцы энергіі ад каменнага вугалю да пялет з саломы, апілак, дранкі і адходаў ільну. Для сваіх выхаванцаў педагогі садка стварылі школу развіцця эканамічнай культуры, галоўнымі настаўнікамі ў якой сталі лялькі Цяплоша, Элік і Каплюша, якія расказваюць дзецям, як эканоміць цеплавую энергію, электраэнергію і ваду адпаведна.

Палепшыць энергетычныя веды і яшчэ больш паглыбіцца ў гэтую тэму кожны жадаючы можа ў рэсурсным цэнтры “ЭкаТэхнаПарк-Волма” Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. У лабараторыях тэхнапарка ёсць спецыяльнае вучэбнае абсталяванне з выкарыстаннем традыцыйных і аднаўляльных крыніц энергіі: ветраэнергетычныя ўстаноўкі, сонечныя батарэі, МГЭС, кацельні на драўніннай біясыравіне. Рэсурсны цэнтр прызначаны для рэалізацыі адукацыйных праграм з выкарыстаннем сучаснага абсталявання і энергазберагальных тэхналогій, для прафесійнай падрыхтоўкі насельніцтва розных узроставых груп, а таксама для навуковых даследаванняў у галіне энергетыкі, энергаэфектыўнасці і экалогіі.

Для замежных удзельнікаў сустрэчы, якія ўпершыню знаёмяцца з вопытам Беларусі ў кірунку прасоўвання Мэт устойлівага развіцця, агучаны вопыт устаноў адукацыі і яго прэзентацыя на выставе сталі прыемным адкрыццём. Відаць, гэтым і абгрунтаваны выбар краіны, дзе ладзіўся ўжо другі па ліку Міжнародны сімпозіум “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх пакаленняў — сацыяльны дагавор”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Наталлі АНІШЧАНКА.