Галоўная праблема асаблівага дзіцяці заключаецца ў тым, што яго сувязі са знешнім светам, яго кантакты з аднагодкамі і дарослымі вельмі абмежаваныя. У бягучым навучальным годзе ў Чэхаўшчынскай дапаможнай школе-інтэрнаце вучацца 63 навучэнцы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з іх 8 дзяцей-інвалідаў. Асноўная мэта работы калектыву школы з дзецьмі — спрыяць іх паспяховай сацыялізацыі.
Ва ўстанове ствараюцца ўмовы для фарміравання ў вучняў і педагогаў талерантных адносін да дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем выхаванню ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу раўнапраўных узаемаадносін. З гэтай мэтай на працягу некалькіх гадоў на базе школы-інтэрната дзейнічае аздараўленчы лагер кругласутачнага знаходжання эколага-краязнаўчага профілю “Нашчадкі”, дзе школьнікі агульнаадукацыйных устаноў раёна адпачываюць сумесна з выхаванцамі школы-інтэрната. Удзел у сумесных творчых і спартыўных мерапрыемствах, конкурсах, працоўных справах, якія ўмела і прадумана спланавалі педагогі, дае магчымасць кожнаму вучню з асаблівасцямі развіцця адчуць сябе раўнапраўным удзельнікам каманды аднадумцаў.
Важнае значэнне мы надаём усталяванню кантактаў выхаванцаў школы-інтэрната з дзецьмі і дарослымі па-за межамі ўстановы адукацыі. Выхаванцы нашай школы прымалі ўдзел у раённым зімовым спартыўным свяце “Беларуская лыжня — 2016”. На старт лыжнай трасы нашы выхаванцы выйшлі поруч з камандамі іншых школ, гімназіі, ліцэя, прадпрыемстваў, арганізацый, сельскіх калектываў. Зборныя каманды спаборнічалі ў эстафеце. Па запрашэнні валанцёрскага клуба “Адрас дружбы” Белдзяржуніверсітэта выхаванцы нашай школы прынялі ўдзел у дабрачынным футбольным “Матчы дружбы”. Матч праходзіў у Мінску ў спартыўным комплексе “Універсітэцкі” БДУ, дзе выхаванцы школ-інтэрнатаў змагаліся за перамогу поруч са студэнтамі-валанцёрамі. У выніку перамагла дружба! Каманда нашай школы была ўзнагароджана дыпломамі і медалямі з сімволікай “Матч дружбы”. Цікавай і запамінальнай для выхаванцаў школы-інтэрната была экскурсія па Мінску, якую правялі студэнты БДУ.
Вялікая ўвага ва ўстанове ўдзяляецца выхаванню ўзаемапавагі, добразычлівасці і памяркоўнасці ў адносінах да людзей з інваліднасцю. Выхаванцы нашай школы кожны год удзельнічаюць у інклюзіўным фестывалі “Асаблівы сусвет” сумесна з Беларускай асацыяцыяй дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. На гэтым фестывалі ў намінацыі “Выканаўчае мастацтва” Уладзіслаў Агароднік і Павел Страх занялі 3-е месца. За актыўны ўдзел у фестывалі наш вучань Уладзіслаў Агароднік атрымаў падзяку.
Вялікае заўсёды пачынаецца з малога — з праблем асобнага чалавека, сям’і, краіны. Як выхаваць чалавека добрым і міласэрным? Каб папярэдзіць зло, трэба навучыцца рабіць дабро, дапамагаць адно аднаму. Сёння пра нашых дзяцей клапоцяцца бацькі, дзяржава, у нашу школу-інтэрнат часта наведваюцца госці, валанцёры і дораць дзецям падарункі. Але мы вучым нашых выхаванцаў не толькі бра ць, але і аддаваць. Так, навучэнцы школы-інтэрната наведалі аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, каб падарыць яго наведвальнікам часцінку сваёй дабрыні і любові. Вучні сумесна з выхавальнікам Аленай Мікалаеўнай Башаркевіч падрыхтавалі малюнкі і падарункі для наведвальнікаў цэнтра.
Вялікае значэнне мае далучэнне навучэнцаў да нацыянальных традыцый, гісторыі краіны. Пад кіраўніцтвам педагогаў вучні школы-інтэрната адзначаюць спрадвечна беларускія народныя святы. Запамінальным для ўсіх стала свята “Грамніцы”, на якім выхаванцы школы азнаёміліся з традыцыямі і каштоўнасцямі беларускага народа.
Частымі гасцямі інтэрната з’яўляюцца валанцёры дабрачыннага фонду Ефрасінні Полацкай. Яны віншуюць нашых выхаванцаў са святамі, паказваюць цікавыя тэатральныя пастаноўкі, праводзяць разнастайныя гульні і забавы. Дзякуючы іх падтрымцы, вучні нашай школы наведалі Ляданскі Свята-Благавешчанскі манастыр. Дзеці прысутнічалі на ранішняй службе, азнаёміліся з гісторыяй узнікнення манастыра, жыццём манахаў. Цікава было паслухаць і гісторыю некаторых абразоў, якія знаходзяцца ў храме. Пасля заканчэння экскурсіі дзяцей запрасілі ў трапезную, дзе накармілі сапраўдным абедам манахаў.
Адна з асноўных задач нашых педагогаў — садзейнічаць павышэнню камунікатыўнай кампетэнтнасці навучэнцаў, гатоўнасці і ўменню ўступаць у дыялог, разам з іншымі шукаць ісціну і паведамляць пра вынікі сваіх пошукаў у форме, зразумелай кожнаму. Гэтаму спрыяе шэраг мерапрыемстваў, якія праводзяцца класнымі кіраўнікамі. Гэта класныя гадзіны, гадзіны інфармавання, грамадска карысныя справы. Агляды мастацкай самадзейнасці даюць магчымасць вучням з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця паказаць сябе нароўні з іншымі дзецьмі. Так, на сцэне Палаца культуры Маладзечна нашы выхаванцы прынялі ўд зел у Мінскім абласным этапе XI Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”. На сцэну разам выйшлі вучні з устаноў спецыяльнай адукацыі і агульнай сярэдняй адукацыі. Фарміраванню талерантнасці спрыяюць і карэкцыйна-развіццёвыя гульні, заняткі. Яны накіраваны на карэкцыю ў дзяцей цяжкасцей у зносінах, павышэнне ўпэўненасці ў сабе, зніжэнне негатыўных эмоцый, развіццё навыкаў самарэгуляцыі і зняцця псіхаэмацыянальнага напружання, развіццё эмацыянальнай сферы, авалоданне навыкамі адчуваць іншых, падтрымліваць і суперажываць, жыць дружна, згуртавана.
Алеся БОБРЫК,
настаўніца пачатковых класаў Чэхаўшчынскай дапаможнай
школы-інтэрната Валожынскага раёна.