Мікалай МІРНЫ: “Калі ў жыцці ёсць памочнік — да любой мэты рухацца лягчэй”

- 13:15Суразмоўца

Мікалая Мікалаевіча Мірнага даўно ведаюць аматары беларускага тэніса. Шмат гадоў запар ён нязменна побач з сынам — вядомым тэнісістам Максімам Мірным. Нядаўна заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь сустрэўся з прадстаўнікамі Маладзёжнай палаты IV склікання пры Мінгарвыканкаме на базе Крэатыўна-інавацыйнага цэнтра Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, дзе расказаў, што прывяло яго да спартыўнай дзейнасці, які від спорту ён лічыць найбольш перспектыўным і ў якіх умовах ён выхоўваў сына.

Іду наперад, не зважаючы ні на што

— У сваёй кнізе “Мірны тэніс” вы, расказваючы пра сябе, неаднаразова выкарыстоўваеце тры словы: “удача”, “шанцаванне” і “лёс”. Наколькі сёння яны важныя ў вашым жыцці?
— Я думаю, што крыху памыляўся тады, калі пісаў кнігу. Быў я, і быў мой Максім, і вы ўявіць сабе не можаце, колькі мы працавалі. Таму — удача, шанцаванне, лёс і праца! Карпатлівая і цяжкая. Праца мышцаў, розуму, праца характару…

— Мікалай у перакладзе з грэчаскай значыць “пераможца народаў”. Існуе нават характарыстыка гэтага імені. Кажуць, што Мікалай заўсёды імкнецца да руху наперад, не зважаючы на іншых. Некаторыя людзі з іменем Мікалай здольныя зусім нечакана змяніць лёс.
— Вы як быццам сачылі за мной. Сапраўды, іду наперад, не зважаючы ні на што. Калі Максім быў трынаццацігадовым падлеткам, лёс даў яму магчымасць вучыцца і трэніравацца ў ЗША. Я хацеў быць побач з сынам, дапамагаць яму. Але ў Беларусі мне не адкрылі амерыканскую візу. Паехаў у Маскву, дзе ўсё ж здолеў атрымаць яе. Каб наскрэбці грошай на білет, усе свае кнігі аднёс у камісійны магазін. І ўсё роўна не хапала. Чаго я толькі ні рабіў, каб купіць яго.
Прызямліўся ў Нью-Ёрку з 15 доларамі ў кішэні. А далей трэба жыць, быць апорай для сына. Так што, мабыць, нешта ў маім імені ёсць, хоць я і не веру ў такія рэчы.

— На пытанне, якую ролю вы іграеце ў дуэце з сынам, вядомы расійскі тэнісіст Яўген Кафельнікаў адказвае: “Сябар, трэнер, менеджар, кансультант па фінансах…”. Якую з гэтых функцый вы выконваеце і сёння?
— Здаецца, што ўсе. Максім разумее, што са мной выгадна. Мне не трэба плаціць зарплату як менеджару ці як трэнеру. З фінансамі, якія ён зарабіў, я абыходжуся вельмі разумна, пакуль што ўдаецца іх множыць.
Канечне, я цяпер не трэнірую Максіма, як раней, але мы ўвесь час на сувязі незалежна ад таго, дзе знаходзімся. У нас ёсць спартыўны цэнтр, іншая маёмасць, і за ўсім трэба сачыць, чым я і займаюся. Добра, калі вялікіх грошай няма, тады і вялікіх праблем няма. Калі з’яўляецца запас, трэба ўвесь час думаць, як яго захаваць.

— За прызавыя месцы спартсмены атрымліваюць грашовыя ўзнагароды, кубкі, медалі. Але ў гісторыі ёсць некалькі неардынарных выпадкаў. Арганізатары турніру ў Швейцарыі ў 2003 годзе ўручылі лепшаму на той момант тэнісісту Роджэру Федэрэру жывую карову. Якія цікавыя прызы атрымліваў Максім Мірны?
— Сёння ў Максіма 51 перамога. Шмат узнагарод. Але сапраўды быў адзін цікавы выпадак. У Сінгапуры Максім выйграў турнір, дзе спонсарам з’яўлялася вядомая піваварная кампанія Heineken. Як аказалася, кампанія вырашыла ўзнагародзіць пераможцу свежым півам. Пасля перамогі да мяне падышлі яе прадстаўнікі і спыталіся, куды адправіць “бонус”. Называю свой адрас у Фларыдзе. Не паспелі мы вярнуцца дадому, як убачылі: перад домам стаіць 25(!) скрынь піва. Зразумела, што праз месяц я на піва глядзець не мог, таму пачаў актыўна хадзіць па гасцях з падарункамі.
Нямногія ведаюць, што Максім і да гэтага часу не ведае смаку піва. Гэта той лад жыцця, які ён абраў для сябе.

— З самага нараджэння Максіма вы знаходзіліся побач, але, як ужо ўзгадалі, у трынаццацігадовым узросце ён паляцеў у ЗША з трэнерам, без вас. Дзесяць месяцаў разлукі. Як адпусцілі сына?
— Падрыхтоўка да прафесійнай дзейнасці патрабуе пэўных ахвяр. Ужо ў 8 гадоў мы адпускалі яго на спаборніцтвы з трэнерам. А потым прынялі рашэнне аб неабходнасці трэніравацца ў ЗША.
Мне было зразумела, што я таксама хутка туды паеду. Я не мог кінуць свайго хлопчыка аднаго. Як зраблю гэта, тады нават не думаў. Быў шанс, і яго неабходна было скарыстаць. Па гараскопе я Вадалей, кажуць, што Вадалеі здольныя на авантуры.

— Вы завочна скончылі геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. А праўда, што выбралі гэтую спецыяльнасць з той прычыны, што ў школе вам вельмі падабалася настаўніца геаграфіі?
— Праўда. Але былі і іншыя прычыны. Я паступаў ужо ў дарослым узросце, і на геафак БДУ было паступіць лягчэй, чым, скажам, у цяперашні лінгвістычны ўніверсітэт. На хімфак не было шансаў: я і сёння не ведаю, у чым розніца паміж арганічнай і неарганічнай хіміяй. Ніколькі не пашкадаваў пра свой выбар. Мне было, здаецца, трыццаць гадоў. Толькі тады я зразумеў, што такое вучыцца.

— Вядома, што вашым агульным з сынам хобі з’яўляюцца музыка і рыбалка. Вядома таксама, што аднойчы вы падарылі сыну гітару…
— Так, і некалькі гадоў я цягаў гэтую гітару па ўсіх аэрапортах. Гэта быў мой боль. Максім нёс ракеткі і форму, а гітара была маёй задачай.

— Вы нават выступалі на нейкіх музычных пляцоўках…
— Было. У Монтэ-Карла штогод арганізоўваецца шоу, у якіх мы прымаем удзел. А іншыя тэнісісты і іх сябры весела праводзяць час. Максім заўсёды спявае некалькі песень, якія вывучыў на гітары.
Што тычыцца рыбалкі, то нам не вельмі шанцуе. Мы самі нічога ў ёй не разумеем. Сябры бяруць нас з сабой, і тады мы атрымліваем неверагоднае задавальненне. А было, што злавілі маленькую акулку.

— Магчыма, з’яўляюцца нейкія новыя захапленні?
— Новае хобі — дзеці. У Максіма чацвёра дзяцей. Для мяне гэта сапраўднае шчасце.

Пра генетыку, біятлон і кошт перамог

— Вядомы тэнісіст Грэг Руседскі сказаў, што, чым бы ні займаліся Максім і Мікалай Мірныя, яны ўсё роўна дасягнулі б поспеху. Калі б не тэніс, то што?
— Я ўсім хачу сказаць: неабавязкова быць Максімам Мірным ці спартсменам увогуле. Калі ў жыцці ёсць памочнік — да любой мэты рухацца лягчэй.
Важна ў жыцці знайсці правільнага чалавека, які будзе побач. Не павядзе вас, а вы будзеце весці адно аднаго, дапамагаць адзін аднаму. Цяпер Максім вучыць мяне, і я згаджаюся з яго рашэннямі і прапановамі.

— Каб стаць алімпійскім чэмпіёнам, дастаткова цяжка працаваць ці абавязкова патрэбны генетычныя задаткі?
— Усё разам. Генетычныя задаткі вельмі важныя. Калі твой дзядуля Давід Ойстрах (савецкі скрыпач, альтыст, дырыжор і педагог. — Заўв. аўт.), то малаверагодна, што ты станеш вядомым хімікам.
Але ёсць і выключэнні з правілаў. Меліта Станюта, праўнучка вядомай артысткі Стэфаніі Станюта, — сёння вядомая гімнастка. У астатнім генетыка іграе неверагодна важную ролю.

— Які від спорту, на ваш погляд, з’яўляецца самым перспектыўным у Беларусі?
— Тэніс!

— А што думаеце наконт поспехаў Дар’і Домрачавай?
— Даша — унікальная спартсменка і ўвогуле цікавая дзяўчына, якая ацэнена на міжнароднай арэне і ў нашай дзяржаве. Мне яна падабаецца тым, што не стала зорнай. Неаднаразова назіраў, як у людзей “дах зносіць”. І вось тут вельмі важна, каб у блізкім акружэнні знайшоўся чалавек, які скажа: “Эй! Чуеш? Адумайся!” Калі няма такога чалавека, прыходзіцца вельмі цяжка. Грошы, слава, пастаянная ўвага. Німб хутка з’яўляецца.
Цяпер у беларускім спорце час біятлона, і чаму не гаварыць пра гэта. Домрачава нясе нашу марку па ўсёй планеце! Чаму не ганарыцца?
Даша — вялікі чалавек. Яна светлая і прыгожая знутры.

— У які бок зменіцца становішча ў беларускім спорце праз дваццаць гадоў?
— У нас спорт і так на высокім узроўні. Я шмат падарожнічаў, нямала бачыў. Жыў у ЗША. Пасля алімпіяды, якую Максім выйграў з Вікай Азаранка, дзяржава выплаціла яму 150 тысяч долараў. Я спытаў у амерыканскіх братоў Брайн, якія выйгралі Алімпіяду ў пары колькі атрымалі яны. Па дваццаць пяць тысяч!
Што тычыцца развіцця, у нас столькі будуецца стадыёнаў, спартыўных пляцовак! З нашых дзяцей абавязкова вырастуць чэмпіёны.

— Якія, па-вашаму, віды спорту трэба ўключыць у праграму Алімпійскіх гульняў?
— Я б сказаў, якія можна выключыць. Напрыклад, жаночы бокс, жаночую штангу, жаночую барацьбу. Калі гаварыць пра барацьбу, то змагацца павінны мужчыны і за жанчын.

— Якую якасць павінен выхаваць у сваіх дзецях кожны бацька?
— Працавітасць. Кропка!

— Ці трэба даваць дзецям поўную свабоду дзеянняў або ўсё неабходна трымаць пад кантролем?
— Дысцыпліна. Кропка!
Вы разумееце, што на свет не нарадзілася яшчэ ні адно дзіця, якое б свядома прыходзіла на корт ці садзілася за піяніна толькі таму, што гэта патрэбна. “Ой, мам, мне сем гадоў, і я выдатна ведаю, што сёння трэба чатыры гадзіны папрацаваць алоўкам, каб нечага дабіцца”. Смешна, праўда?
Задача педагога — навучыць дзіця дысцыпліне. Прымушаць, амаль любымі спосабамі. Ад гэтага мы нікуды не дзенемся. Без працавітасці нічога не будзе.

— Ці хацелі б вы, каб вашы ўнукі былі спартсменамі?
— Сілы не хопіць ні ў Максіма, ні ў мяне. Я зразумеў, што калі ўдзяляць увагу ўсім дзецям, то фізічна не хопіць сіл быць самім сабой. Прыходзіцца нешта выбіраць. Я ўвесь свой час аддаваў Максіму, разам з тым у Максіма ёсць брат Пётр. Дык вось Пётр, якому сёлета будзе трыццаць, і цяпер не ведае, чым бы ён хацеў займацца ў жыцці. Варыянтаў мноства, але ён пакуль не вызначыўся. Пеця вырас выдатным чалавекам. Думаю, яму проста камфортна за бацькам, за братам.

— Былі выпадкі, калі Максім гаварыў: “Не хачу, не буду!”? І як вы прыглушалі ў сабе такую жорсткую патрабавальнасць да сына?
— Не ведаю, ці прыглушаў я яе. Максім па характары спакойны і працалюбівы. Ён выконваў усё, што было патрэбна, а калі не выконваў, я яго прымушаў. Усялякае было, і даваў у карак у тым ліку. Ці было шкада? Мне шкада яго сёння. Я прывёў яго як да дасягненняў, так і да страт. Ніхто, акрамя сям’і, не будзе бачыць балячак, якія непазбежныя ў вялікім спорце. Максім — баец. Ён дасягнуў усяго, чаго хацеў. І гэта таго каштавала!

Падрыхтавала Наталля АЛЁХІНА.