Мінская сустрэча

- 14:15Актуально, Апошнія запісы

У дні адкрыцця і правядзення II Еўрапейскіх гульняў была арганізавана мінская сустрэча міністра адукацыі І.В.Карпенкі з прадстаўнікамі міністэрстваў і ведамстваў сістэмы адукацыі Азербайджанскай Рэспублікі, Рэспублікі Арменія, Кыргызскай Рэспублікі, Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Узбекістан. У праграму ўвайшлі міжнародны семінар па пытаннях развіцця прафесійнай адукацыі, наведванне Міністэрства адукацыі, навучальных устаноў сталіцы.

І.В.Карпенка, выступаючы на семінары “Прафесійная адукацыя ва ўмовах змены тэхналагічных укладаў”, які прайшоў у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, адзначыў, што першачарговай задачай для сістэмы прафесійнай адукацыі кожнай краіны было і застаецца павышэнне якасці прафесійнай падрыхтоўкі. Асаблівая роля ў гэтым адводзіцца правільнаму выбару прафесіі, а значыць, прафарыентацыйнай рабоце. У кожнай краіне ў прафесійнай адукацыі ўжо назапашаны пэўны вопыт, у тым ліку ў распрацоўцы нацыянальных сістэм кваліфікацый, уключаючы прафесійныя стандарты.

— У нас таксама ёсць істотныя напрацоўкі ў гэтым кірунку, — зая­віў Ігар Васільевіч. — І мы гатовы імі падзяліцца з калегамі. Мяркую, абмен вопытам па гэтых напрамках будзе спрыяць развіццю нацыя­нальных сістэм прафесійнай адукацыі нашых краін.

І.В.Карпенка паведаміў, што беларуская сістэма прафесійнай адукацыі прадстаўлена шматузроўневымі, шматпрофільнымі ўстановамі адукацыі, многія з якіх аб’яднаны ў сучасныя адукацыйныя комплексы, якія рэалізоўваюць шырокі спектр адукацыйных праграм — пачынаючы навучаннем школьнікаў і заканчваючы падрыхтоўкай дарослага насельніцтва. Прыкметай сучаснага развіцця прафесійнай адукацыі Беларусі з’яўляецца адкрыццё 47 рэсурсных цэнтраў, якія аснашчаны інавацыйным абсталяваннем, маюць сучаснае вучэбна-метадычнае суправаджэнне, вопытны і высокакваліфікаваны педагагічны склад. Цэнтры накіраваны на апераджальную падрыхтоўку спецыялістаў па запатрабаваных прафесіях. Значная роля рэсурсных цэнтраў належыць таксама падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы дарослага насельніцтва, як беспрацоўных, так і занятых у рэальным сектары.

У павышэнні якасці прафесійнай падрыхтоўкі істотнае значэнне мае рух WorldSkills. У гэтым напрамку рэсурсныя цэнтры таксама адыгрываюць значную ролю. На іх базе вядзецца падрыхтоўка ўдзельнікаў міжнародных спаборніцтваў і экспертаў WorldSkills. Праз некалькі месяцаў Беларусь будзе пры­маць удзел у Міжнародным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства WorldSkills у Казані ў 33 кампетэнцыях, упершыню выступіць па кампетэнцыях FutureSkills.

— Уступленне Рэспублікі Бе­ларусь у WorldSkills International стала добрым драйверам развіцця прафесійнай адукацыі ў нашай краіне, павышэння прэстыжнасці прафесійнай адукацыі, абнаўлення яе зместу ў адпаведнасці з сусветнымі стандартамі, а таксама прыцягнення ў сістэму прафесійнай адукацыі ўдзельнікаў міжнародных спаборніцтваў у якасці педагагічных работнікаў, — адзначыў Ігар Васільевіч. — У выніку ў Беларусі сфарміраваўся пул экспертаў сусветнага ўзроўню, якія сёння могуць падрыхтаваць пераможцаў шэрага міжнародных конкурсаў.

Важнае значэнне ў павышэнні іміджу прафесійнай адукацыі адыгрывае дапрафесійная і прафесійная падрыхтоўка школьнікаў. Міністр І.В.Карпенка расказаў, што ў Бе­ларусі створана ўстойлівая сістэма практычнай падрыхтоўкі школьнікаў, якая ўключае нарматыўнае прававое, арганізацыйнае і метадычнае забеспячэнне. Актыўны ўдзел у гэтым кірунку прымаюць установы агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Новым этапам у развіцці работы з адоранымі навучэнцамі з’яўляецца праект “Дзіцячы тэхнапарк”, дзе выкарыстоўваецца вопыт расіян.

І.В.Карпенка адзначыў, што ў аснове паспяховасці функцыянавання прафесійнай адукацыі ва ўмовах змены тэхналагічных укладаў асаблівая роля нале­жыць кіраўнікам і педагогам устаноў адукацыі. Менавіта яны вызначаюць эфектыўнасць інавацыйных працэсаў і павінны не толькі перадаваць веды, але і праектаваць адукацыйныя праграмы, ствараць стандарты кампетэнтнаснага фармату, распрацоўваць новыя падыходы ў падрыхтоўцы рабочых і спецыялістаў. Міністр прапанаваў прадстаўнікам іншых краін — удзель­ніц сустрэчы распрацоўваць сумесныя адукацыйныя праекты ў галіне прафесійнай падрыхтоўкі, у тым ліку кіруючых кадраў.

— Кансалідацыя лепшага вопыту дапаможа дасягнуць больш высокіх вынікаў развіцця прафесійнай адукацыі нашых краін, дазволіць удасканаліць адукацыйную галіну з улікам патрабаванняў эканомік нашых краін, — заявіў Ігар Васільевіч.

Ідрыс Балакішы аглы Ісаеў, намеснік міністра адукацыі Азербайджанскай Рэспублікі, паведаміў, што сістэма прафесійнай адукацыі Азербайджана імкліва развіваецца, у тым ліку ў цесным супрацоўніцтве з Беларуссю, згодна з пагадненнямі ў галіне адукацыі. Дзейнічаюць міжуніверсітэцкія дагаворы, вядзецца паспяховае супрацоўніцтва ў распрацоўцы навукова-даследчай дзейнасці, пашыраецца абмен студэнтамі і выкладчыкамі.

— Ацэньваючы вопыт, з якім азнаёміліся ў час мінскай сустрэчы, мы гатовы пашырыць супрацоўніцтва з беларускімі калегамі, сумесна рэалізоўваць тыя напрамкі, якія скіраваны на ўдасканаленне сістэмы прафесійнай адукацыі, — адзначыў І.Ісаеў. — Нас зацікавіла праф­арыентацыйная работа школьнікаў, стварэнне рэсурсных цэнтраў, уд зел у руху WorldSkills. Гэтыя напрамкі, якія паспяхова развіваюцца ў Бе­ларусі, вельмі цікавыя для Азербайджана, і мы гатовы развіваць іх у нашай краіне.

Араік Аруцюнян, міністр адукацыі, навукі, культуры і спорту Рэспублікі Арменія, падзяліўся здабыткамі прафесійнай адукацыі яго краіны. Міністр адзна­чыў, што сёння падрыхтоўка кадраў ажыццяўляецца дакладна з тымі патрабаваннямі, якія прад’яўляе эканоміка краіны. З улікам гэтага абнаўляецца пералік спецыяльнасцей і змест навучання. Істотны ўплыў на развіццё прафесійнай адукацыі аказвае ўкараненне інфармацыйных тэхналогій у вытвор­часць, змяненне тэхналагічных укладаў. Міністр падкрэсліў, што на імклівыя змены нашай эканомікі павінна адэкватна рэага­ваць сістэма прафесійнай адукацыі.

Гэтае меркаванне прагучала і ў выступленні міністра асветы Расійскай Федэрацыі В.Ю.Васільевай.

— Сёння эканоміка нашых краін развіваецца вельмі імкліва, адбываецца яе лічбавая трансфармацыя, таму ўзнікае патрэбнасць хутка рэагаваць на запатрабаванні рынку працы, прадастаўляць прафесійную падрыхтоўку па тых спецыяльнасцях, у якіх эканамічны комплекс мае патрэбу, у тым ліку апераджальнага характару. Такія напрамкі павінны знаходзіцца ў трэндзе развіцця прафесійнай адукацыі нашых краін, — заявіла Вольга Юр’еўна.

Міністр адзначыла, што сістэма сярэдняй прафесійнай адукацыі набывае ў Расійскай Федэрацыі асаблівую значнасць, таму што з’яўляецца асноўнай крыніцай кадраў для эканомікі. Вялікая ўвага ў павышэнні якасці падрыхтоўкі кадраў удзяляецца развіццю руху WorldSkills, які дазваляе адточваць прафесійнае майстэрства, засвойваць новае абсталяванне, сучасныя тэхналогіі, распрацоўваць прафесійныя стандарты з улікам міжнародных тэндэнцый.

Рэктар Ташкенцкага ўніверсітэта інфармацыйных тэхналогій імя Мухамада аль-Харазмій Тулкін Закіравіч Цешабаеў у сваім выступленні выказаў намер працягваць супрацоўніцтва з сістэмай адукацыі Беларусі.

У размове прынялі ўдзел рэктар РІВШ В.А.Гайсёнак, рэктар РІПА В.М.Галубоўскі, дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі В.В.Гінчук, супрацоўнікі Міністэрства адукацыі, прадстаўнікі БДУІР, БНТУ і іншых устаноў адукацыі.

Удзельнікі міжнароднага семінара “Прафесійная адукацыя ва ўмовах змены тэхналагічных укладаў” у рэзалюцыі прынялі рашэнне аб развіцці супрацоўніцтва паміж краінамі ў сферы адукацыі і абмену вопытам.

У Міністэрстве адукацыі прайшла сустрэча міністра адукацыі І.В.Карпенкі з міністрам адукацыі і навукі Кыргызскай Рэспублікі Гульмірай Карымаўнай Кудайбердыевай.

Сустракаючы госцю, Ігар Ва­сільевіч адзначыў важнасць сустрэчы са сваёй калегай з Кыргызстана.

— Прыемна, што пры такой насычанай і разнастайнай праграме візіту ў нашу краіну вы знайшлі час наведаць галіновае міністэрства, — заявіў на пачатку сустрэчы І.В.Карпенка. — У нас агульныя погляды на развіццё сістэмы адукацыі, і наша супрацоўніцтва атрымае новы імпульс.

Ігар Васільевіч узгадаў, што ў аснове ўзаемадзеяння ў галіне адукацыі паміж краінамі закладзена пагадненне аб супрацоўніцтве, якое дзейнічае з 2006 года. Акрамя таго, на развіццё ўзаемаадносін у адукацыйнай сферы істотны ўплыў аказваюць між­універсітэцкія дагаворы, якіх заключана больш за 30. Па меркаванні двух міністраў, узаема­дзеянне ў сферы адукацыі мае патрэбу ў актывізацыі.

— Наша супрацоўніцтва трэба насыціць новымі, канкрэтнымі мерапрыемствамі, вызначыць новыя кірункі работы, — адзначыў Ігар Васільевіч. — Такія крокі прастымулююць установы адукацыі, ведамасныя структуры нашых краін у актывізацыі кантактаў па тых кірунках, якія з’яўляюцца цікавымі для нас і для вас, дазво­ляць знайсці новыя шляхі ўзаемадзеяння.

Гульміра Кудайбердыева ў адказ падзякавала беларускаму боку за цёплы прыём, аказаны пры сустрэчы, за выдатныя мерапрыемствы, праведзеныя на самым высокім узроўні, за папярэднія гады супрацоўніцтва, якія ўвайшлі ў гісторыю і паўплывалі на развіццё адукацыі Кыргызстана.

— Удвая прыемна сустракацца з надзейнымі партнёрамі ў такія знамянальныя дні, калі прахо­дзяць II Еўрапейскія гульні, — падкрэсліла Гульміра Карымаўна. — Мы вельмі задаволены прыездам у Беларусь. Тыя пытанні, якія тычацца развіцця сістэмы адукацыі Беларусі, вельмі актуальны і для нас. Мы шануем вопыт, якім вы дзеліцеся, для нас каштоўны кожны напрамак, які вядзе да развіцця і ўдасканалення адукацыі.

Міністр адукацыі Кыргызстана адзначыла, што для краіны вельмі цікавыя пытанні падрыхтоўкі кадраў у апераджальным рэжыме, па новых спецыяльнасцях, звязаных з інфармацыйнымі тэхналогіямі. У Беларусі ў гэтым напрамку ёсць ужо істотныя здабыткі, і Кыргызстан гатовы выкарыстоўваць вопыт беларускіх калег. Кыргызскі бок зацікаўлены і ў тым, каб накіроўваць сваіх грамадзян на вучобу ва УВА Беларусі. Магчыма, у будучыні гэтаму паспрыяе выкарыстанне прадугледжаных у Беларусі грантаў для замежных грамадзян. Было прапанавана таксама актывізаваць супрацоўніцтва паміж універсітэтамі ў абмене студэнтамі, выкладчыкамі, у пашырэнні сумеснай навукова-даследчай дзейнасці.

Знайшлі падтрымку ў абодвух бакоў стварэнне рэсурснага цэнтра ў Кыргызстане і наступная падрыхтоўка для яго майстроў вытворчага навучання. З гэтай мэтай будзе пашырана супрацоўніцтва кыргызскіх калег з Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі. Акрамя таго, міністр адукацыі Кыргызстана выказана пажаданне вывучаць вопыт беларускіх калег у выданні вучэбнай літаратуры, стварэнні дапаможнікаў, электронных сродкаў навучання.

І.В.Карпенка заверыў, што сувязі паміж краінамі яшчэ больш будуць узмацняцца і для развіцця адукацыйнай галіны дзвюх краін адкрыюцца новыя гарызонты.

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка сустрэўся з намеснікам рэгіянальнага дырэктара ЮНІСЕФ па краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі Філіпам Коры.

Пачынаючы сустрэчу, Ігар Васілье­віч Карпенка засяродзіў увагу на тым, што нацыянальная сістэма адукацыі цесна супрацоўнічае з Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ), дзейнасць якога скіравана на абарону правоў дзяцей, фарміраванне асобы кожнага з іх, забеспячэнне сацыялізацыі ў грамадстве. На працягу шматгадовага супрацоўніцтва былі рэалізаваны і рэалізоўваюцца шматлікія праекты пад эгідай ЮНІ СЕФ. Як заўважыў І.В.Карпенка, у развіцці асобы дзіцяці адукацыйная галіна адыгрывае найважнейшую ролю,  забяспечвае яго навучанне і выхаванне. Акрамя таго, у адукацыйным асяроддзі фарміруюцца лідарскія якасці навучэнцаў. У Беларусі склаўся вопыт па развіцці органаў самакіравання ў навучальных установах, па стварэнні грамадскіх арганізацый, дзіцячага і маладзёжнага парламента, што адыгрывае важную ролю ў сацыя­лізацыі дзяцей, падрыхтоўцы іх да самастойнага жыцця, стварае аснову для ўзаемадзеяння педагогаў з дзецьмі як паўнавартаснымі ўдзель­нікамі адукацыйнага працэсу.

І.В.Карпенка заўважыў, што ўзаемадзеянне з Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) дазваляе ўкара­няць новыя формы і метады ў развіцці інклюзіўнай адукацыі. Педагог павінен знаходзіць індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, выбудоўваць аптымальна правільную траекторыю ўзаемадзеяння з навучэнцамі. Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу сёння набывае новыя рысы. Пры Інстытуце псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка мяркуецца ства­рыць пастаянна дзеючы Цэнтр псіхалагічнай дапамогі, які ў рэжыме анлайн будзе кансультаваць дзяцей, падлеткаў, педагогаў і бацькоў па пэўнай сітуацыі. На базе Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі пры ўдзеле ЮНІСЕФ створана грамадская прыёмная камісіі па правах дзіцяці. Міністр адукацыі І.В.Карпенка расказаў, што пры сустрэчы з кіраўнікамі адукацыйных ведамстваў дзяржаў — удзельніц СНД яны былі азнаёмлены з гэтай прыёмнай і далі высокую ацэнку яе работы. Акрамя таго, у гэтым цэнтры вядзецца навучанне актывістаў дзіцячых і мала­дзёжных парламентаў.

Сёння павышаецца роля сацыяльна-педагагічных цэнтраў, непасрэдна роля псіхолагаў у рабоце з дзецьмі.

— Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу вельмі важны напрамак, і мы пастаянна займаемся яго ўдасканаленнем, — падкрэсліў Ігар Ва­сільевіч. — Дзеянні, якія мы сёння рэалізоўваем, сугучныя з прынцыповымі пазіцыямі, якія закладзены ў аснову дзейнасці Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) з мэтай устойлівага развіцця і абароны інтарэсаў дзяцей і падлеткаў.

Філіп Коры расказаў пра тыя эмоцыі, якія ён адчуў падчас адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў.

— Асабліва мяне кранула, што ў гэтым грандыёзным мерапрыемст­ве прынялі ўдзел дзеці, — адзначыў прадстаўнік ЮНІСЕФ. — Для іх гэтая падзея стане самай запамінальнай у жыцці.

Далучэнне дзяцей з маленства да жыцця краіны, грамадства — самы дзейсны выхаваўчы момант, з якога пачынаецца фарміраванне чалавечых каштоўнасцей, заявіў Філіп Коры і падзякаваў кіраўніку адукацыйнай галіны нашай краіны за разуменне гэтага.

Як адзначыў прадстаўнік ЮНІ СЕФ, адукацыя сёння — гэта лакаматыў развіцця кожнай краіны, кожнага яе грамадзяніна, яна аказвае найбольшы ўплыў на развіццё дзяцей, фарміруе іх асобу, характар, дае магчымасць развівацца на працягу ўсяго жыцця.

— Дзеці — гэта паўнавартасныя члены грамадства, і ад таго, наколькі мы выхаваем маладое пакаленне, будзе залежаць будучыня кожнай краіны, — падкрэсліў Філіп Коры.

Прадстаўнік ЮНІСЕФ заўважыў, што сёння востра стаіць пытанне псіхічнага здароўя дзяцей, уплыву інтэрнэту, іншых асацыяльных праяў, якія існуюць у навакольным асяроддзі. Неабходна прымаць меры, каб процістаяць негатыўным з’явам, узмацніць ролю адукацыі, развіваць інклюзіўную адукацыю і далучаць да яе больш удзельнікаў. У Беларусі, як і ў іншых краінах, ЮНІСЕФ праводзіў даследаванні па вывучэнні псіхічнага здароўя дзяцей. Пасля атрымання вынікаў будуць прапанаваны новыя напрамкі дзейнасці ў згаданай сферы, далучэнне іншых міністэрстваў, у тым ліку Міністэрства аховы здароўя. Эксперты ЮНІСЕФ гатовы дапамагаць у рэалізацыі гэтых напрамкаў.

— Сёння мы засяроджваем увагу на падрыхтоўцы педагогаў-псіхолагаў, якія маглі б вало­даць спецыяльным інструментарыем, ведамі і навыкамі ў рабоце з крызіснымі сітуацыямі, з рознымі формамі дэвіянтных паводзін. З гэтай мэтай будзе перагледжаны змест праграмы павышэння кваліфікацыі педагогаў-псіхолагаў. Па ўсіх напрамках Міністэрства адукацыі адкрыта для супрацоўніцтва з ЮНІСЕФ, — падкрэсліў міністр. — Ключавая задача адукацыйнай галіны — забяспечыць дзяцінства ва ўсіх яго праяўленнях — ад нараджэння дзіцяці і да выхаду яго ў самастойнае жыццё. І мы бу­дзем прыкладаць усе намаганні, каб гэтую задачу выканаць.

Міністр адукацыі Беларусі сустрэўся з міністрам адукацыі, навукі, культуры і спорту Рэспублікі Арменія Араікам Аруцюнянам.

Супрацоўніцтва ў адукацыйнай галіне Беларусі і Арменіі рэалізоўваецца ў адпаведнасці з пагадненнем і ў рамках дамоўленасцей. Паміж універсітэтамі дзвюх краін  цяпер дзейнічаюць 27 прамых дагавораў.

— Мы гатовы абмяркоўваць пытанні, якія тычацца сферы адукацыі і развіцця нашых адносін, — адзначыў І.В.Карпенка. — Ёсць узаемнае жаданне, каб нашы сістэмы адукацыі збліжаліся, і былі рэалізаваны многія праекты. Асабліва важна наша ўзаемадзеянне ў рамках праграмы Erasmus і “Гарызонт-2020”.

Установамі адукацыі дзвюх краін рэалізоўваюцца сумесныя міжнародныя праекты, праграмы акадэмічнай мабільнасці. Напрыклад, у рамках праграмы Erasmus+ “Стварэнне патэнцыялу ў сферы вышэйшай адукацыі” Еўрапейскай камісіяй распачата рэалізацыя праекта “Удасканаленне навучання ў аспірантуры і паляпшэнне адукацыйных метадалогій” з удзелам беларускіх і армянскіх устаноў вышэйшай адукацыі.

Прадстаўнікі армянскага боку прымалі ўдзел у розных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў Рэспубліцы Беларусь, у тым ліку ў тых, што тычацца летняга адпачынку і аздараўлення дзяцей, адукацыі асоб з асаблівасцямі развіцця, развіцця студэнцкай навукі, здаровага ладу жыцця навучэнскай моладзі.

Па выніках перагавораў двух бакоў былі дасягнуты пэўныя дамоўленасці: распрацаваць праграму двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, актывізаваць між­універсітэцкія кантакты ў рамках праектаў Erasmus і “Гарызонт-2020”.

У час мінскай сустрэчы яе ўдзель­нікі наведалі філіял “Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С.Высоцкага” Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі. Госці азнаёміліся з узорамі тэхнікі, якой аснашчаны рэсурсны цэнтр каледжа, наведалі выставу навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі, лабараторыі і вучэбныя кабінеты. Былі праведзены майстар-класы па аўтамабільных тэхналогіях.

Удзельнікі сустрэчы наведалі таксама рэсурсны цэнтр філіяла БДУІР “Мінскі радыётэхнічны каледж”. Рэктар БДУІР В.А.Богуш расказаў гасцям пра работу рэсурснага цэнтра, які быў створаны з улікам сучасных тэндэнцый развіцця электронікі ў Беларусі і міжнароднага вопыту. Увазе ўдзельнікаў дэлегацыі была прадстаўлена выстава навуковых распрацовак БДУІР, БДУ і БНТУ.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Уладзіміра ФАЛАЛЕЕВА.