Мода на традыцыі

- 13:40Адукацыйная прастора

Любоў да вышыўкі і ткацтва Ларыса Мікалаеўна Гняўчынская ўбірала ў сябе з дзяцінства. Вышывала маці, а таксама да вельмі паважанага ўзросту вышывала і ткала бабуля па бацькоўскай лініі. Праскоўя Сямёнаўна, у якой дзяўчынка праводзіла кожнае лета, перадала ўнучцы сваё майстэрства. На падсвядомым узроўні пераймаючы сакрэты традыцыйнага беларускага мастацтва, наша гераіня, аднак, не планавала, што з гэтым будзе звязана яе будучая прафесія.

Зберагчы памяць

Прафесійны шлях Ларыса Мікалаеўна пачынала зусім не з педагогікі, але гэтая дзейнасць заўсёды прысутнічала дзесьці побач. Спачатку была работа закройшчыцай у ат элье, потым — правядзенне курсаў кройкі і шыцця для дарослых і, нарэшце, набыццё творча-педагагічнай спецыяльнасці “Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы”. Дыпломным праектам нашай гераіні стаў народны касцюм турава-мазырскага строю. Збіраючы для яго матэрыял, Ларыса Мікалаеўна ездзіла па вёсках і музеях рэгіёна.

Народная студыя “Мар’інка” пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Світанак” Пухавіцкага раёна, якой сёння кіруе Ларыса Мікалаеўна Гняўчынская, уключае ў сябе тры творчыя майстэрні: дэкаратыўная работа са скурай, мастацкая вышыўка і дэкаратыўны роспіс. “Першы кірунак, у якім я прыйшла працаваць у “Світанак”, — мастацкая вышыўка. Гэтае захапленне прайшло праз усё маё жыццё і перарасло ў прафесію. З узростам я стала цікавіцца захаваннем народных традыцый у вышыўцы і хацела б развіваць гэты кірунак настолькі, наколькі гэта магчыма. На жаль, апошнім часам адчуваецца пэўны спад дзіцячай цікавасці да шыцця і рукадзелля. Гэта праца, якая патрабуе вялікай уседлівасці і цярплівасці. Над адной складанай работай часам трэба карпець месяцамі. Не ўсе дзеткі гатовы да гэтага”, — дзеліцца думкамі педагог.

Але “зоркі” ў студыі ўсё ж ёсць, і іх нямала. Адзін з іх — Данііл Дзёмуха — рэдкая каштоўнасць для традыцыйна жаночага мастацтва. Данііл — выпускнік усіх трох кірункаў студыі і неаднаразовы ўдзельнік і пераможца шматлікіх мастацкіх конкурсаў. Ён выбраў ветэрынарную прафесію, у якой выдатнае валоданне ніткай і іголкай вельмі спатрэбілася яму… падчас накладвання швоў. Здавалася б, зусім розныя кірункі дзейнасці, але ўменні ў адным дапамагаюць хутка і якасна развівацца ў другім.

Штогод выхаванцы студыі заваёўваюць прызавыя месцы на мастацкіх конкурсах рознага ўзроўню, ад раённых і абласных да міжнародных. У мінулым годзе дыпломаў было ажно 22. Так, на VI Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!” выхаванцы студыі атрымалі 2 дыпломы І ступені. Летам дзеці ўпершыню паўдзельнічалі ва Усерасійскім дзіцячым фестывалі народнай культуры “Нашчадкі традыцый”, які праводзіўся пры падтрымцы Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, дзе прадставілі свае народныя касцюмы, абаранялі іх анлайн і ў выніку занялі 1-е месца.

Беларускі волат

У творчай майстэрні “Вырабы са скуры” дзеці працуюць з натуральнай скурай. Пачынаюць з простых рэчаў, якія дзіця можа зрабіць за адны-двое заняткаў, — упрыгажэнняў, бірулек, кулонаў, заколак, брошак. Для гэтага асвойваюць асноўныя прыёмы, з дапамогай якіх ствараецца скураны выраб. Працягваюцца заняткі мастацкай апрацоўкай скуры — аплікацыямі, пляценнем, драпіроўкай, перфарацыяй і г.д.

“Ёсць дзеці, якія наведваюць адразу некалькі студыйных кірункаў. Таму апошнім часам мы прызвычаіліся ствараць работы ў змешанай тэхніцы. Так, у праграме па дэкаратыўным роспісе мы распісваем не толькі гатовыя дэкаратыўныя прадметы (вазы, талеркі і г.д.), але і формы, створаныя ўласнаручна ў тэхніцы пап’е-машэ, картанаж і інш. Для дэкору выкарыстоўваем і класічны роспіс, і сучасныя тэхнікі — кропкавы роспіс, прыёмы тэхнікі пэйп-арт, дэкупаж. Такім чынам, захоўваючы традыцыі беларускага роспісу, аддаём даніну модзе і ствараем сучасныя элементы інтэр’ера. Народнае можа і павінна існаваць у сучасным варыянце, — пераканана педагог. — Некалькі гадоў назад мы рыхтавалі касцюм беларускага волата, у якім “сустрэліся” ўсе кірункі дзейнасці народнай студыі: скураныя абутак і элементы вопраткі, кашуля з традыцыйнай беларускай вышыўкай, вязаная кальчуга са скуранымі булавой і мячом, распісанымі “пад метал”. Мне здаецца, дзецям так працаваць вельмі цікава, яны не абмежаваны ў фантазіі, сумяшчаюць на першы погляд несумяшчальныя рэчы”.

“Код” роду

На занятках па мастацкай вышыўцы дзеці вывучаюць традыцыйныя для беларусаў арнаменты, якімі ўпрыгожваюць ручнікі, сурвэткі і іншыя прадметы хатняга ўжытку. Ад сурвэтак, ручнікоў, абрусаў, калекцыі лялек у народных строях крок за крокам студыйцы падыходзяць да самага складанага — стварэння калекцыі касцюмаў у поўны рост. Ужо ёсць некалькі гатовых, яшчэ над некалькімі карпатліва працуюць выхаванкі народнай студыі.

“У штодзённым жыцці мы, зразумела, такое адзенне не носім. Але гэта не гаворыць пра тое, што элементы і намёкі на народную беларускую культуру не павінны прасочвацца ў сучасных рэчах. Разам з дзецьмі мы вызначаем, як можна тыя ці іншыя прыёмы, віды і тэхнікі вышыўкі выкарыстоўваць у сучасных вырабах. Вышыць абрэзак тканіны — проста ўпрыгожыць анучку. Мы ж ствараем гатовыя вырабы. Няхай гэта будзе маленькая закладка, брошка ці сумка-шопер або нават блузка, аздобленыя вышыўкай, — галоўнае, каб дзіця карысталася гэтым у штодзённым жыцці і адчувала гордасць за свае ўменні”, — дзеліцца педагог.

“Мы шмат размаўляем з дзецьмі пра сімволіку, якая выкарыстоўваецца пры традыцыйным вышыванні. Калісьці вышыўка была сваеасаблівай жаночай мовай, на якой “размаўлялі” пакаленнямі. Нават могілкі сваёй радні пазнавалі па ручніках на крыжах, ва ўзорах якіх захоўваліся “кодавыя” прыметы роду. Ёсць універсальныя сімвалы ў вышыўцы і ткацтве, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне і лёгка прачытваюцца і зараз. Напрыклад сонейка, якое вышываецца ў выглядзе ромбіка з прамянямі па краях, або поле, зямля — гэтая ж фігура з прамянямі ўнутры. Але, на жаль, чытаць узоры на тканіне так, як чыталі нашы продкі, ужо немагчыма. Таму тлумачу дзецям, што нашмат важней, калі вышываеш, не толькі засяроджвацца на сімвалах, якія ўжываеш, але і разумець, з якімі думкамі гэта робіш. Энергетыка тых, хто працуе з вышыўкай, павінна быць станоўчай. На занятках вельмі рэдка, але бывае, што работа не ідзе. Магчыма, дзіця засмуцілася ці атрымала ў школе дрэнную адзнаку. А няма настрою — і нітачка блытаецца ці рвецца, і памылкі ў вышыўцы адна за адной праскокваюць. Тады я мякка пераключаю дзіця на іншы від дзейнасці”, — расказвае педагог.

Як да майстра па вышыўцы да Ларысы Мікалаеўны часам звяртаюцца з просьбамі вышыць вясельныя ручнікі. Пышны букет кветак, якімі абавязкова аздабляе свой выраб майстар — пажаданне жаночага шчасця. Але брацца за такую справу можна толькі з чыстымі намерамі і ў добрым настроі, у думках жадаючы маладым шчасця. Ларыса Мікалаеўна пераканана, што энергетыка застаецца на прадмеце і будзе несці толькі станоўчае ў новы дом.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота з архіва ЦТДіМ “Світанак” Пухавіцкага раёна.