Молада — не зелена

У сталіцы прайшоў IX Мінскі маладзёжны фестываль педагагічных ідэй і рашэнняў. Яго ўдзельнікамі сталі каманды маладых педагогаў са стажам работы да 3 гадоў усіх раёнаў горада і каманда ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна­-тэхнічнай адукацыі.

Мэтай фестывалю з’яўляецца прапаганда сучасных адукацыйных практык і папулярызацыя інавацыйных педагагічных ідэй, адкрытасць прафесійных зносін, стымуляванне творчай ініцыятывы моладзі, выяўленне таленавітых маладых педагогаў.

Заснавальнікі фестывалю — камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінская гарадская арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі пры садзейнічанні прафесійных педагагічных супольнасцей. Арганізатарам гэтага мерапрыемства выступіў Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі.

Цырымонія адкрыцця фестывалю прайшла ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. У ёй прынялі ўдзел намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Ірына Чарняўская, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Волкава. Госць фестывалю — намеснік старшыні Маскоўскай гарадской арганізацыі Агульнарасійскага прафсаюза адукацыі Таццяна Плотнікава.

— Маладосць — гэта той недахоп, які вельмі хутка праходзіць, — адзначыла, адкрываючы фестываль, Ірына Чарняўская. — Але менавіта ў маладосці вы можаце адчуць радасць ад ведаў і новых адкрыццяў, ад атрыманага вопыту, ад той мудрасці, якой дзеляцца іншыя. Упэўнена, што тыя веды і вопыт, што вы атрымаеце падчас фестывалю, абавязкова прынясуць карысць і спатрэбяцца на практыцы.

Вітала маладых педагогаў і Ларыса Волкава. Звяртаючыся да ўдзельнікаў фестывалю, яна падкрэсліла: “Мінскі фестываль адкрывае вялікія магчымасці — выкарыстоўвайце іх! Вам можна рабіць усё: шмат пытацца, памыляцца, дзесьці спатыкнуцца, хуценька падняцца і зноў ісці наперад. Тварыце, дзейнічайце, сябруйце! Старт вашай педагагічнай дзейнасці няхай дасць наш фестываль. Заставайцеся ў прафесіі! Вы патрэбны дзецям, бацькам, краіне. Будзьце педагогамі з вялікай літары!”

Маладым педагогам былі ўручаны зялёныя яблыкі — сімвал фестывалю, маладосці і энергіі, адкрытасці і новых ідэй.

Удзельнікі цырымоніі адкрыцця фестывалю мелі магчымасць убачыць прэзентацыі мемаў каманд-удзельніц “Современный учITель выбирает…”. Маладыя педагогі падзяліліся ідэямі аб выкарыстанні сучасных інтэрнэт-тэхналогій у адукацыйным працэсе.

Тонка, змястоўна, з гумарам падышлі каманды да дэманстрацыі дамашняга задання, падарылі гледачам незабыўныя эмоцыі і яркія ўражанні. Маладыя настаўнікі сышліся ў меркаванні, што самы галоўны інструмент сучаснага педагога — пастаяннае самаўдасканаленне і развіццё, і не важна, якія метады ён выкарыстоўвае ў адукацыйным працэсе: традыцыйныя ці інавацыйныя. Сучасныя педагогі — за камфортныя ўмовы працы, дастойную зарплату, кар’ерны рост, развіццё творчага патэнцыялу, інтэлектуальнае самаўдасканаленне, паўнацэнны адпачынак.

З дапамогай электроннага галасавання створаныя камандамі прэзентацыі маглі ацаніць усе прысутныя.

Педагогі мінскіх школ і гімназій, супрацоўнікі МГІРА падрыхтавалі для маладых спецыялістаў майстар-класы, творчыя майстэрні, інтэлектуальныя галаваломкі, круглыя сталы і дыялогавыя пляцоўкі, кірмаш лічбавых лайфхакаў і педквіз. Удзельнікі фестывалю наведалі школу для дарослых “Вучы з ІТ”, вучыліся распрацоўваць адукацыйныя чат-боты, ствараць аб’екты дапоўненай рэальнасці, робатызаваныя мадэлі ў віртуальным асяроддзі, выкарыстоўваць тэхналогію скрайбінга, прымяняць элементы гейміфікацыі ў адукацыйным працэсе.

Несумненна, за дні фестывалю маладыя настаўнікі стварылі сваё асяроддзе, дзе можна працаваць, вучыцца і адпачываць, асяроддзе, дзе цікава і камфортна знаходзіцца, асяроддзе, якое стала спрыяльнай глебай для атрымання новых уражанняў і дало стымулы для прафесійнага развіцця і ўдасканалення.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.