Моладзь і армія

- 9:20Адукацыйная прастора

Мар’іна Горка стала апошняй станцыяй рэспубліканскага маладзёжнага цягніка перад яго прыбыццём да фінішнага пункта маршруту — сталіцы Беларусі. У Мар’інай Горцы студэнтаў аб’яднала тэма “Моладзь і армія” і сустракалі іх ваеннаслужачыя 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння. Тут адбыўся адкрыты дыялог з удзелам першага намесніка міністра адукацыі Ірыны Старавойтавай і памочніка міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны генерал-маёра Леаніда Касінскага.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі шэраг пытанняў, звязанных са стаўленнем сучаснай моладзі да службы ў арміі. Так, былі абмеркаваны пытанні кантрактнай службы і прэстыжу арміі, патрыятычнага выхавання ў школе, адтэрміноўкі ад службы для студэнтаў. Цікава, што большасць пытанняў падчас дыялогу гучала ад дзяўчат. У прыватнасці, іх цікавілі перспектывы абавязковай службы для дзяўчат, магчымасці ваеннай кар’еры для жанчын. Цікавіла іх і мужчынскае ўяўленне пра ідэальную жонку для ваеннага. Таксама прагучалі прапановы не рабіць ваенную дапрызыўную падрыхтоўку ў старшай школе толькі для хлопцаў, бо не менш цікава гэтая сфера і дзяўчатам, а таксама не зачыняць дзверы перад юнакамі падчас заняткаў медыцын­скай падрыхтоўкай, каб тыя “пры неабходнасці не глядзелі са здзіў­леннем у аптэчку”.

Пра актуальнасць вайсковай тэмы і попыт на ваенныя спецыяльнасці для дзяўчат расказаў і Леанід Касінскі. Па яго словах, у Ваеннай акадэміі ёсць мноства спецыяльнасцей для дзяўчат, але і іх колькасць не задавальняе попыт — існуе вялікі конкурс. У адказ на скаргу адной дзяўчыны на быццам бы дыскрымінацыю дзяўчат па палавой прыкмеце ў Ваеннай акадэміі былі выдзелены 2 дадатковыя месцы для дзяўчат на спецыяльнасць “Ваенная псіхалогія”. І на гэтыя месцы паступіла ажно 39 заявак, з іх 3 — ад выпускніц кадэцкіх класаў, адпаведна, яны павінны ісці па-за конкурсам.

Паразважаў Леанід Касінскі і пра патрыятызм, пра яго разуменне. Ніхто з гасцей не змог адказаць на пытанне: “Колькі ў Беларусі засталося Герояў Савецкага Саюза?”. “Іх усяго два — палкоўнікі ў адстаўцы Мічурын і Кустаў. 28 ліпеня Васілю Сяргеевічу Мічурыну споўніцца 105 гадоў. Героя Савецкага Саюза ён атрымаў яшчэ ў Фінскую вайну. Мы традыцыйна паедзем яго віншаваць. Аднак калі мы на 9 Мая з аркестрам прыйшлі яго павіншаваць, стоячы пад вокнамі, для мяне было дзіўным і крыўдным, што толькі ад нас яго суседзі даведаліся, што побач з імі жыве Герой Савецкага Саюза. Можна шмат разва­жаць пра патрыятызм, шмат гава­рыць, але патрыя­тызм — гэта не крычалкі, не каментарыі ў інтэрнэце. Патрыя­тызм — гэта нашы з вамі штодзённыя справы. Патрыёт жа не толькі ў пагонах. Сёння як ніколі важны патрыёт-настаўнік, патрыёт-урач, патрыёт-хлебароб. Самае важнае, каб сёння чалавек адчуваў уласную адказнасць за сваю краіну”.

Праблему недаверу да беларускай арміі ўзняў і вядучы. У прыватнасці, ён адзначыў, што супрацоўнікі Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта праводзілі сацыялагічнае даследаванне адносін да беларускай арміі сярод студэнтаў беларускіх універсітэтаў, якія не звязаны з ваеннай падрыхтоўкай. Згодна з ім, 88 працэнтаў апытаных негатыўна адносяцца да арміі і толькі 12 працэнтаў не супраць паспрабаваць сябе ў ваеннай справе. Ірыне Старавойтавай ён задаў пытанне: “Якія формы работы варта прымяняць сярод моладзі, каб павышаўся прэстыж арміі?”

На гэта Ірына Анатольеўна адказала: “Ваенна-патрыятычнае і патрыятычнае выхаванне ў цэлым ахоплівае ўсе ўзроўні адукацыі. Сістэма выхавання — гэта складаны працэс. Ён уключае ў сябе работу і педагогаў, і бацькоў, меркаванне саміх навучэнцаў. Але хачу адзначыць, што ў сі­стэме адукацыі мы ўдзяляем гэтаму вялікую ўвагу і асабліва апошнія гады шчыльна працуем з Міністэрствам абароны і бачым агульныя задачы. Бо задачы абараніць Радзіму, сваю сям’ю, краіну — нашы агульныя ўмовы захавання суверэнітэту краіны. У сістэме адукацыі існу­юць розныя формы ваенна-патрыятычнага выхавання. У прыватнасці, дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка. У межах гэтых дысцыплін ёсць і вучэбна-палявая практыка (30 га­дзін). Важны тут і змест гісторыі, тыя прыклады мужнасці, якія мы маем перад сабой і перадаём з пакалення ў пакаленне. У нас у краіне ёсць 8 кадэцкіх вучылішчаў, дзе ідзе сур’ёзная ваенна-патрыятычная падрыхтоўка. Цяпер мы прапрацоўваем пытанне стварэння за сродкі Саюзнай дзяржавы Полацкага кадэцкага корпуса, дзе будуць праходзіць навучанне грамадзяне і Рэспублікі Беларусь, і Расійскай Федэрацыі. У межах вучэбных планаў агульнаадукацыйных навучальных устаноў створана сістэма факультатываў па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні. Дзейнічаюць і 47 ваенна-патрыятычных класаў, у якіх вучыцца больш за 700 навучэнцаў. Але адбор дзяцей у гэтыя класы павінен быць дасканалым. І гэта не толькі высокі сярэдні бал. З наступнага навучальнага года мы плануем, што ў гэтых класах будуць выкладаць і профільныя прадметы (фізіку і матэматыку). Ва ўніверсітэтах Беларусі дзейнічаюць 6 ваенных факультэтаў, 5 ваенных кафедр, дзе вядзецца падрыхтоўка па больш як 20 спецыяльнасцях. Таму формы могуць быць розныя, але задача ў нас агульная”.

Акрамя таго, пасажыры маладзёжнага цягніка ўсклалі кветкі да мемарыяла ў гісторыка-культурным комплексе “Алея вайсковай славы”. Спецыяльна для гасцей ваеннаслужачыя 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння правялі экскурсію. Маладыя людзі азнаёміліся з узорамі ўзбраення, наведалі музей гісторыі і баявой славы.

Даніла Строганаў, які скончыў 1-ы курс БрДТУ, гаворыць: “Мяне, як юнака, які хутка пойдзе ў армію, гэтая тэма вельмі цікавіць. Нам тут расказалі і ваенныя гісторыі, і пра гераічныя ўчынкі на вайне байцоў 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння. Цікава было паглядзець, як сёння жывуць у казармах ваеннаслужачыя, пагутарыць з імі, даведацца пра іх быт, жыццё, мары. Для многіх з нас некалі гэта таксама стане часткай жыцця”.

Паліна НОВІК.
Фота аўтара.