Моладзь настроена на працу і поспех

- 8:28Выбар прафесіі

Сёлетняя ўступная кампанія ў БДПУ імя Максіма Танка абяцае быць насычанай і цікавай. Упершыню на педагагічныя спецыяльнасці будуць паступаць выпускнікі профільных класаў педагагічнай скіраванасці. Як дагэтуль медалісты і алімпіяднікі, яны будуць залічвацца ва ўніверсітэт без уступных экзаменаў.

Сёння цяжка прадбачыць, як такое новаўвядзенне паўплывае на конкурсы і прахадныя балы на педагагічныя спецыяльнасці, колькі бюджэтных месцаў застанецца для абітурыентаў, якія паступаюць на агульных умовах. Відавочна толькі, што да паступлення ў БДПУ імя Максіма Танка трэба рыхтавацца больш сур’ёзна і адказна, чым у папярэднія гады.

Пра адметнасці ўступнай кампаніі — 2017 нам расказаў адказны сакратар прыёмнай камісіі дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі БДПУ Сяргей Уладзіміравіч ЯКАВЕНКА.

— Сяргей Уладзіміравіч, ваш універсітэт быў ініцыятарам таго, каб у краіне з’явіліся педкласы, вы дамагліся, каб выпускнікі гэтых класаў паступалі на педагагічныя спецыяльнасці без уступных выпрабаванняў. І вось, нарэшце, задуманае ажыццяўляецца. Скажыце, колькі іх сёлета — выпускнікоў педкласаў, вашых патэнцыяльных абітурыентаў?

— Сёлета з устаноў адукацыі ўсіх рэгіёнаў краіны вый­дзе каля 1,5 тысячы выпускнікоў педагагічных класаў. Што да дзесяцікласнікаў, то іх удвая больш — гэта наш патэнцыял на будучы год.

— А які гендарны склад педагагічных класаў? Ці ёсць шанс, што ў педуніверсітэт пачне прыхо­дзіць больш хлопцаў?

— Калі мы толькі стваралі педагагічныя класы, то, па шчырасці, было апасенне, што яны бу­дуць пераважна дзявочымі. Аднак зараз бачым, што ў многіх установах адукацыі суадносіны хлопцаў і дзяўчат у такіх класах прыкладна 50 на 50. А ёсць школы, дзе нават болей хлопцаў. Мы бачым іх сур’ёзнае стаўленне да вучобы і ўпэўнены, што яны стануць добрымі настаўнікамі. Гэта вельмі радуе.

— Каб атрымаць магчымасць паступаць на педагагічную спецыяльнасць без уступных выпрабаванняў, недастаткова быць проста выпускніком педкласа, трэба адпавя­даць шэрагу ўмоў. Раскажыце, калі ласка, якія гэта ўмовы.

— Не трэба думаць, што педагагічныя класы — гэта такі пралаз для таго, каб без экзаменаў паступіць ва ўніверсітэт. Гэта не так. Па-першае, у педкласы праводзіцца адбор, і туды прымаюць далёка не ўсіх. Адпаведнае рашэнне прымае педагагічны савет школы. І не бывае, каб які-небудзь дзявяты клас у поўным складзе стаў дзясятым педагагічным. Туды адбіраюць лепшых.

Акрамя таго, выпускнікі педкласаў па ўсіх школьных прадметах павінны мець ацэнкі не ніжэйшыя за 7 балаў, а па прадметах профільных іспытаў — не ніжэйшыя за 8 балаў. Гэта даволі высокі бар’ер, таму выпадковых людзей нават з пункту гледжання прадметнай падрыхтоўкі не будзе. І яшчэ адзін важны момант: усе навучэнцы педкласаў абавязкова праходзяць факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную спецыяль­насць” — 140 гадзін. Гэта таксама значны кавалак работы, таму не трэба думаць, што выпускнікі педкласаў ідуць простым шляхам. Каб паступіць ва ўніверсітэт, яны сур’ёзна працуюць на працягу двух гадоў.

— А яшчэ кожны выпускнік педкласа пры паступленні на педагагічную спецыяль­насць павінен прайсці прафесійнае субяседаванне. Што яно будзе ўяўляць сабой?

— Сапраўды, згодна з Правіламі прыёму, выпускнікі педкласаў паступаюць на педагагічныя спецыяльнасці без уступных выпрабаванняў па выніках субяседавання. Зараз Міністэрства адукацыі распрацоўвае адпаведную інструкцыю. Аднак ужо зараз хачу заспакоіць абітурыентаў: субяседаванне бу­дзе праводзіцца на аснове ма­тэрыялаў факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную спецыяль­насць”, ніякай іншай праверкі ведаў, звязанай з прадметнай падрыхтоўкай (напрыклад, па фізіцы ці матэматыцы), не прадугле­джваецца.

На субяседаванне абі­турыен­ты павінны прынесці ўласнае парт­фоліа, якое яны вялі на працягу двух гадоў. Дзякуючы матэрыялам партфоліа, камісія можа азнаёміцца з дасягненнямі кожнага абітурыента, даведацца, чым ён займаўся ў школе, якія педагагічныя пробы праходзіў і г.д. Гэта дазволіць нам атрымаць больш поўнае ўяўленне пра кожнага канкрэтнага чалавека.

Не трэба баяцца субяседавання, гэта не экзамен. Мы пастараемся стварыць для выпускнікоў педагагічных класаў прыязную атмасферу, і праблем у іх не бу­дзе. Тым больш што мы на працягу двух гадоў даволі часта сустракаліся з гэтымі хлопцамі і дзяўчатамі і бачылі: іх прафесійны выбар свядомы. Ніхто не збіраецца ставіць перашкоды на выбраным імі прафесійным шляху.

— Хто будзе ўваходзіць у склад камісій, якія право­дзяць субяседаванне? Гэта будуць агульныя камісіі ці па профілях?

— Профіль у нас адзін — педагагічны, і, як я ўжо казаў, няма задачы правяраць веды абітурыентаў па прадметах. Камісію будзе ўзначальваць адзін з прарэктараў універсітэта, а ў яе склад увойдуць кіраўнікі факультэтаў, вядучыя выкладчыкі.

— Зацверджаны тэрміны прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі, і для выпускнікоў педагагічных класаў яны адрозніваюцца…

— Так, асобы, якія пасту­паюць на бюджэтную форму навучання, павінны падаць дакументы з 12 па 17 ліпеня, але для выпускнікоў педагагічных класаў прыём дакументаў бу­дзе доўжыцца ўсяго тры дні — з 12 па 14 ліпеня. Такі графік зручны і для выпускнікоў педкласаў, і для абітурыентаў, якія пасту­паюць на агульных умовах, бо дае і тым, і другім дадатковыя магчымасці для манеўраў.

Дарэчы, мы плануем, што выпускнікі педагагічных класаў бу­дуць праходзіць субяседаванне ў той жа дзень, калі пададуць дакументы. Такім чынам, абітурыентам нават не трэба будзе прыяз­джаць ва ўніверсітэт двойчы. Яны адразу будуць ведаць вынік: прайшлі субяседаванне ці не прайшлі, і ў сувязі з гэтым планаваць свае далейшыя дзеянні.

— Скажыце, Сяргей Ула­дзіміравіч, каму будзе аддавацца перавага пры наяўнасці конкурсу — медалістам ці выпускнікам педагагічных класаў?

— Без уступных выпрабаванняў на педагагічныя спецыяльнасці залічваюцца выпускнікі педагагічных класаў, медалісты і алімпіяднікі. Калі колькасць месцаў дазваляе, то ніякіх праблем не будзе, прымем усіх. Калі ж на нейкую спецыяльнасць колькасць пада­дзеных заяў ад абітурыентаў згаданых катэгорый будзе перавышаць колькасць бюджэтных месцаў, то сярод іх будзе право­дзіцца дадатковы адбор. Згодна з Правіламі прыёму, перавагу будуць мець абітурыенты з вышэйшым балам дакумента аб адукацыі.

— Колькі абітурыентаў пла­нуеце прыняць сёлета па мэтавым наборы?

— Лічбы мэтавага прыёму зараз фарміруюцца. Напрыклад, летась у нас былі 202 мэтавыя месцы. Дарэчы, мы рэкамендуем выпускнікам педагагічных класаў, каб сябе канчаткова застраха­ваць (асабліва гэта тычыцца выпускнікоў з раёнаў), узяць мэтавае накіраванне. Тады верагоднасць таго, што яны ста­нуць студэнтамі ўніверсітэта, будзе практычна стапрацэнтнай.

— Выпускнікі педагагічных класаў, якія паступаюць ва ўніверсітэт па субяседаванні, гэтак жа, як і мэтавікі, павінны адпрацаваць па размеркаванні 5 гадоў?

— Так, таму ім дакладна не варта баяцца мэтавага накіравання. Ды і ўвогуле пяцігадовая адпрацоўка не павінна пу­жаць абітурыентаў. Справа ў тым, што пераважная большасць нашых выпускнікоў, якія едуць па размеркаванні на два гады, застаюцца працаваць далей. У краіне ёсць раёны, дзе маладыя спецыялісты застаюцца стапрацэнтна. Сёння дастаткова пагаварыць з выпускнікамі іншых устаноў адукацыі, каб зразумець: гарантаванае на 5 гадоў першае працоўнае месца — гэта вельмі добра.

— У сувязі з тым, што вы мне расказалі, якімі могуць быць конкурсы і прахадныя балы для тых абітурыентаў, якія будуць паступаць ва ўніверсітэт на агульных умовах?

— Вельмі цяжка прагназа­ваць тое, што адбываецца ўпершыню. Мы ўпэўнены, што, акрамя выпускнікоў педкласаў, да нас прый­дуць таксама медалісты. Штогод іх колькасць стабільна павялічвалася, і летась, напрыклад, мы прынялі 170 уладальнікаў медалёў — гэта практычна кожны пяты першакурснік. Таму трэба меркаваць, што медалісты і выпускнікі педагагічных класаў зоймуць значную коль­касць бюджэтных месцаў. У сувязі з гэтым конкурсы і прахадныя балы, безумоўна, павысяцца.

— Сёлета вы ўжо чацвёрты год будзеце прымаць медалістаў і алімпіяднікаў без уступных выпрабаванняў. Ці можна сказаць, што ўзровень падрыхтоўкі абітурыентаў і, адпаведна, студэнтаў універсітэта вырас у параўнанні з папярэднімі гадамі?

— Так, прыкметна вырас. Асабліва калі згадаць часы (2010—2011 гады), дзе ў нас былі недаборы і мы прымалі фактычна ўсіх, то сённяшнія студэнты больш сур’ёзныя, матываваныя на атрыманне ведаў, патрабавальныя да выкладчыкаў. Гэта вельмі добра. Гэта дае спадзяванне, што ў школу будуць прыхо­дзіць выдатныя настаўнікі, арыентаваныя на працу і поспех.

— Сяргей Уладзіміравіч, што вы параілі б выпускнікам педагагічных класаў, якія маю ць магчымасць паступаць у педуніверсітэт без уступных экзаменаў: здаваць ім усё ж такі цэнтралізаванае тэсціраванне ці не?

— Не хачу даваць ніякіх парад, але калі б я апынуўся перад падобным выбарам, то, безумоўна, захацеў бы праверыць самога сябе, чаго я варты. Усё ж такі заканчваеш школу, усе сябры здаюць ЦТ, таму проста цікава выпрабаваць свае веды, ды і пры гэтым нічога не страчваеш. Да падачы дакументаў яшчэ тры месяцы, і за гэты час можа многае змяніцца. Можа, чалавек перадумае паступаць на педагагічную спецыяльнасць, ці на профільным экзамене атрымае не васьмёрку, а сямёрку. Таму лепш застраха­ваць сябе ад неспадзяванак і зда ць цэнтралізаванае тэсціраванне, тым больш што сертыфікаты ЦТ са­праўдныя на працягу двух гадоў.

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.