Моцнай камандай — да новых дасягненняў

- 14:24Адукацыйная прастора

Абмеркаванне актуальных пытанняў, якія падымаліся на Рэспубліканскім педагагічным савеце, працягнулі работнікі сферы адукацыі на абласной нарадзе кіруючых работнікаў і спецыялістаў сістэмы адукацыі ў Гродне.

Удзел у нарадзе прынялі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, памочнік прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Сяргей Раўнейка, намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Лісковіч, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук, начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Каспяровіч.

Выступленне начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Сонгіна было прысвечана стану і асноўным кірункам удасканалення работы рэгіянальнай сістэмы адукацыі.

— Мінулы навучальны год для нас быў выніковым, — адзначыў Аляксандр Генрыхавіч. — Школьнікі вобласці прадэманстравалі высокі вынік на рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе, заняўшы 2-е месца пасля Мінска. Бронзавы медаль заваявала навучэнка сярэдняй школы № 5 Смаргоні на Міжнароднай алімпіядзе па біялогіі. Захавала вобласць лідарскую пазіцыю на Рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў, паспяхова выступілі навучэнцы сістэмы прафадукацыі на конкурсах міжнароднага ўзроўню.

Новы навучальны год стане годам прыярытэту ідэалагічнай работы, галоўнае — пераход ад духоўнай культуры педагога да духоўна-маральных арыенціраў дзяцей і моладзі, акрэсліў начальнік упраўлення адукацыі адну з галоўных задач сістэмы адукацыі. У Гродзенскай вобласці ўжо дадзены старт абласному педагагічнаму марафону “Ідэалагічнае выхаванне навучэнцаў як адказ на пагрозы і выклікі сучаснага свету”, які сістэматызуе правядзенне арганізацыйна-метадычных мерапрыемстваў у гэтым кірунку ў адпаведнасці з Комплекснай праграмай выхавання дзяцей і вучнёўскай моладзі ў Гродзенскай вобласці на 2016—2020 гады.

У сістэме дашкольнай адукацыі працягнецца работа па забеспячэнні яе даступнасці. Больш за 1200 дадатковых месцаў створаны за кошт рацыянальнага выкарыстання памяшканняў дзеючых устаноў. Арганізавана работа звыш тысячы варыятыўных форм дашкольнай адукацыі — гэтая работа будзе працягнута. Сярод праблем дашкольнай адукацыі было адзначана зніжэнне долі выхавальнікаў, якія маю ць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю.

Па ўсіх вучэбных прадметах вынікі цэнтралізаванага тэсціравання 2017 года ў выпускнікоў Гродзеншчыны вышэйшыя за сярэднія рэспубліканскія, акрамя хіміі, французскай і іспанскай моў. Выкладанню гэтых прадметаў у новым навучальным годзе павінна быць удзелена асаблівая ўвага. Яшчэ адной задачай, якую акрэсліў А.Г.Сонгін, павінна стаць шырокае ўключэнне школы ў супрацоўніцтва з установамі прафесійнай адукацыі, у тым ліку ў шосты школьны дзень, і стварэнне эфектыўна дзеючага механізма рэалізацыі праекта “Прафесійная субота”.

Сістэме прафесійнай адукацыі трэба ўжо ў верасні ўнесці прапановы па планаванні структуры і аб’ёмаў падрыхтоўкі кадраў на будучы год, весці работу, накіраваную на павелічэнне да 51 працэнта колькасці навучэнцаў, якія атрымліваюць прафесійна-тэхнічную адукацыю з павышаным кваліфікацыйным разрадам, больш актыўна выкарыстоўваць базу арганізацый — заказчыкаў кадраў для навучання на новай тэхніцы і абсталяванні.

Аб важнасці стварэння эфектыўнай рэгіянальнай сістэмы ідэалагічнай і выхаваўчай работы з дзецьмі і моладдзю, вопыце такой работы расказаў намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкама Валянцін Семяняка. Роля настаўніка-метадыста ў павышэнні якасці адукацыі падкрэсліла ў сваім выступленні настаўніца біялогіі гімназіі Смаргоні Ірына Клявец. Старшыня Гродзенскага абласнога савета кіраўнікоў каледжаў дырэктар політэхнічнага каледжа Святлана Храпко засяродзіла ўвагу на шляхах удасканалення сістэмы прафесійнай адукацыі ва ўмовах сучаснага рынку працы.

Як адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, на падтрымку і развіццё сферы адукацыі прызначаецца амаль трэцяя частка бюджэту вобласці. І хоць у гэтым годзе новыя школы не ўводзяцца, вядуцца маштабныя работы па рэканструкцыі аб’ектаў адукацыі. Як прыклад — школы ў Воранаве, Астраўцы, Ашмянах. На наступны год запланавана будаўніцтва новых школ у Гродне і Астраўцы. Уладзімір Васільевіч павіншаваў настаўнікаў Гродзеншчыны з новым навучальным годам і ўручыў ганаровыя граматы і падзячныя лісты заслужаным педагогам вобласці.

Віншаванні ад міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь перадаў педагагічнай грамадскасці начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч. Сяргей Антонавіч уручыў нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі” намесніку дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі № 1 Ваўкавыска Алене Аскірка і дырэктару Гродзенскага дзяржаўнага гарадскога сацыяльна-педагагічнага цэнтра Галіне Руткоўскай. Ганаровыя граматы міністэрства атрымалі загадчыца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 89 Гродна Жанна Вайцяхоўская, хормайстар ансамбля песні і танца “Званочкі” сярэдняй школы № 1 Ашмян Вера Федарэнка і настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 3 Свіслачы Іван Чура, грамату міністэрства — дырэктар гімназіі № 1 Астраўца Алена Савасцьян.

Больш за 800 маладых спецыялістаў пачынаюць у гэтым годзе працаваць у сістэме адукацыі Гродзенскай вобласці. Як адзначыў начальнік упраўлення адукацыі А.Г.Сонгін, кадравы патэнцыял павінен базіравацца на амаладжэнні і моцным рэзерве. Каб утрымаць высокія вынікі і дасягнуць новых, патрэбна зладжаная каманда на любым узроўні, дакладнасць дзеянняў кожнага кіраўніка.
— З гонарам адзначаю, што ў сістэме адукацыі такая каманда ёсць, — сказаў Аляксандр Генрыхавіч.
Завяршылася абласная жнівеньская нарада творчым віншаваннем педагогаў — Гродзенскі дзяржаўны абласны палац творчасці дзяцей і моладзі падрыхтаваў для іх мюзікл “Рэтраўрок “Школьныя гады цудоўныя”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.