Моцныя сем’і — аснова захавання сацыяльнай стабільнасці

- 11:26Інфармацыйная гадзіна

Намеснік міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас прыняў удзел у тэматычным мерапрыемстве “Важнасць стабільнасці сям’і для сацыяльнай абароны і дасягнення ўстойлівага развіцця”, арганізаваным у штаб-кватэры ААН па ініцыятыве Беларусі сумесна з групай сяброў сям’і і кааліцыяй няўрадавых арганізацый “Грамадзянская супольнасць — за сям’ю”. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе МЗС.

На мерапрыемстве намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі выступіў з заявай ад імя групы сяброў сям’і, у якой адзначыў, што моцныя сем’і з’яўляюцца асновай захавання сацыяльнай стабільнасці, культурнай самабытнасці і духоўнасці любога грамадства. Андрэй Дапкюнас падкрэсліў, што паспяховае ажыццяўленне парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года будзе залежаць ад палітыкі і праграм, што падтрымліваюць сям’ю як базавую ячэйку грамадства.

Намеснік міністра заклікаў звярнуць асаблівую ўвагу на сучасныя спосабы і сродкі абароны сямейных каштоўнасцей, шлюбу, мацярынства і бацькоўства, у тым ліку пры дапамозе абмену вопытам і практычнымі рашэннямі, якія могуць дапамагчы ўмацаваць жыццяздольнасць інстытута сям’і. Беларускі дыпламат прапанаваў усім зацікаўленым партнёрам падумаць над фарматам правядзення міжнароднага мерапрыемства па сямейнай палітыцы ў сувязі з 25-годдзем Міжнароднага года сям’і, якое будзе адзначацца ў бягучым годзе.

У мерапрыемстве ў якасці дакладчыкаў прынялі ўдзел вядомыя амерыканскія аналітыкі, якія займаюцца пытаннямі сямейнай палітыкі, і ганаровы член Кангрэса ЗША былая член Палаты прадстаўнікоў ЗША Мішэль Бакман.

Група сяброў сям’і, каардынатарам якой з’яўляецца і Беларусь, створана ў 2015 годзе. У яе склад уваходзяць 25 дзяржаў з усіх рэгіёнаў свету. Яна адстойвае інтарэсы традыцыйнай сям’і і сямейных каштоўнасцей у адпаведнасці з азначэннем сям’і, адлюстраваным у міжнародна прызнаных дакументах.

“Грамадзянская супольнасць — за сям’ю” аб’ядноўвае 180 міжнародных няўрадавых арганізацый, якія абараняюць інтарэсы традыцыйнай сям’і. Гэтае аб’яднанне інстытуцыянальна было аформлена на спецыяльным пасяджэнні высокага ўзроўню з нагоды Міжнароднага дня сям’і, што праводзілася 16 мая 2016 года ў штаб-кватэры ААН групай сяброў сям’і. Гэтае аб’яднанне каардынуецца арганізацыйным камітэтам, у які ўваходзяць 12 міжнародных НУА, у тым ліку асноўны партнёр групы сяброў — міжнародная арганізацыя C-Fam, што базіруецца ў ЗША.